Вы тут

Напрамак на «Лукамор'е» зноў у бяспецы


Дарожныя знакі пасля звароту ў «Звязду» вярнулі «экспрэсам».


Перад скрыжаваннем каля садовага таварыства «Экспрэс» аўтадарогі Н-8941 Пятрышкі—Радашковічы пасля ДТЗ з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі пешахода былі ў 2016 годзе ўстаноўлены два знакі 3.24.1 «Абмежаванне максімальнай хуткасці — 50 км/г». Нядаўна дачнікі выявілі знікненне дзяржаўнай маёмасці — згаданых знакаў. Пазней адзін з іх быў знойдзены ў лесапаласе. ДРБУ №194 (г. Заслаўе) вядома пра «безгаспадарчы» знак. Вуснае абяцанне аднавіць становішча знака дарожнікамі не выканана. Падчас даследчай праверкі было ўстаноўлена, што меры забеспячэння бяспекі руху дачнікаў, турыстаў, веласіпедыстаў, якія рухаюцца да Вязынкі ў музей, не прадпрымаюцца.

Названае скрыжаванне з'яўляецца месцам высадкі дачнікаў садаводчых таварыстваў «Экспрэс» і «Лукамор'е-2», якія налічваюць больш за 500 участкаў. Штодня аўтобусы спыняюцца на скрыжаванні 22 разы. Адзінаццаць разоў у дзень дачнікі, што высадзіліся з аўтобусаў або бягуць да іх, падвяргаюць сябе небяспецы, перасякаючы ва ўмовах абмежаванай бачнасці дарогу, на якой зняты абмежаванні хуткасці аўтамабіляў. А многія ж прыязджаюць з дзецьмі. Па віне вандалаў небяспецы ДТЗ беспакарана падвяргаецца мноства людзей.

М. А. ЖУКОЎСКІ, г. Мінск


Паколькі ў звароце чытача была інфармацыя пра тое, што дарожнікі працяглы час ігнаруюць выкананне сваіх абавязкаў па вяртанні знакаў на ранейшае месца, мы вырашылі пайсці іншым шляхам — звярнуліся па дапамогу ва ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі УУС Мінаблвыканкама. Неўзабаве атрымалі адтуль афіцыйнае рэагаванне.

«Паведамляем, што заява... аб нездавальняючых дарожных умовах на аўтамабільнай дарозе Н-8941 Заслаўе—Пятрышкі—Радашковічы паблізу садаводчага таварыства «Экспрэс», звязаных з адсутнасцю дарожных знакаў 3.24.1 «Абмежаванне максімальнай хуткасці» (50 км/г), уважліва разгледжана УДПІ УУС Мінаблвыканкама.

Праведзенай праверкай з выездам на месца ўстаноўлена, што па стане на 15 гадзін 21.08 вышэйназваныя знакі адсутнічаюць.

За невыкананне патрабаванняў п. 209.1 Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь у адносінах да службовай асобы, адказнай за ўтрыманне аўтадарогі Н-8941 Заслаўе—Пятрышкі—Радашковічы быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні ў адпаведнасці з арт. 18.38 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Цяпер забараняючыя дарожныя знакі 3.24.1 «Абмежаванне максімальнай хуткасці» (50 км/г) адноўленыя ў адпаведнасці з праектам арганізацыі дарожнага руху.

Упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці выказвае ўдзячнасць за ваша ўважлівае стаўленне да праблем забеспячэння бяспекі руху».

І літаральна ў той жа дзень па электроннай пошце рэдакцыя атрымала яшчэ адно пасланне — ад згаданага вышэй заяўніка Мікалая Жукоўскага, якое назвалася «Аб шчаслівай руцэ супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Звязда». Ну, наконт апошняга чытач некалькі эмацыянальна перабольшыў, бо мы ў сваёй рабоце са зваротамі грамадзян кіруемся не ўдачай і шчаслівай рукой, а заканадаўствам.

«Дзякуючы своечасоваму ўмяшанню чацвёртай улады дзяржавы — прэсы — на дарозе Н-8941 адноўлены выламаныя хуліганамі дарожныя знакі. Ужо на другі дзень пасля звароту рэдакцыі газеты «Звязда» ў абласное ДАІ яе супрацоўнік правёў агляд дарогі, склаў пратакол у адрас ДРБУ, і 24 жніўня знакі паўторна засцераглі ад небяспекі дарожны рух. Вялікі дзякуй ад дачнікаў таварыстваў «Экспрэс» і «Лукамор'е» (Мінскі раён, Вязынка — Кісялі)».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?