Вы тут

Пачытайце састаў ёгурту, які вы купляеце...


Людзі любяць салодкае і салёнае, і вытворцы ахвотна ідуць ім у гэтым насустрач. Як паўплываць на сітуацыю?

Ужо даўно медыкі б'юць трывогу: сучасныя людзі залішне ўжываюць солі, цукру, тлушчаў. І частка віны за гэта ляжыць у тым ліку і на сучаснай харчовай прамысловасці, якая думае не пра наша з вамі здароўе, а пра тое, каб прадукцыя «разляталася» з паліц. Таму ў каўбасу і хлеб ва ўсім свеце кладуць у некалькі разоў больш солі, чым патрабуецца, а ў ёгурт і кетчуп сыплюць цукру больш, чым сярэдні чалавек дадае ў гарбату. Да чаго гэта прыводзіць, а таксама пра спробы паўплываць на харчовых гігантаў, мы гутарым са старшынёй Беларускай асацыяцыі ўрачоў, намеснікам кіраўніка Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Дзмітрыем Шаўцовым.


Мы ўсе ведаем пра шкоду гарэлкі, віна і цыгарэт. Але вось што датычыцца, напрыклад, солі... Людзі яе выкарыстоўваюць спакон веку. І мы не думаем пра тое, што яна можа выклікаць незваротныя змены ў арганізме, якія павольна назапашваюцца і ўрэшце могуць прывесці да катастрофы. Тое ж самае датычыцца і цукру, і маргарыну...

— Сёлета я быў у Маскве на круглым стале Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), дзе ўзнімалася пытанне прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, якія з'яўляюцца бічом нашага часу. Вельмі шмат дакладаў спецыялістаў было прысвечана харчаванню, — расказвае Дзмітрый Шаўцоў. — Цяпер СААЗ лічыць, што ёсць усе перадумовы на першае месца сярод усіх фактараў рызыкі паставіць соль, а ўжо потым — алкаголь і тытунь.

Харчовая прамысловасць выкарыстоўвае нашу асаблівасць лічыць, што прадукт здаецца смачнейшым, калі ў ім шмат солі. Гэтым грашаць усе без выключэння вытворцы, якія вырабляюць мясныя паўфабрыкаты: каўбасы, сасіскі і г. д. Але спецыялісты запэўніваюць, што калі паменшыць канцэнтрацыю солі ў рэцэптуры мясной прадукцыі на 40%, то чалавек гэтага нават не заўважыць. А цяпер уявіце, наколькі перавышае ўсе межы канцэнтрацыя солі ў гэтых прадуктах сёння!

Дзмітрый Шаўцоў адзначае, што існуе прамая залежнасць паміж залішнім ужываннем солі і гіпертанічнай хваробай. Сутачная доза солі — пяць грамаў, гэта чайная лыжачка. А колькі яе спажываем мы? Звычайна нашмат перавышаем гэты парог. Гэта пагражае ростам выпадкаў захворвання гіпертаніяй і яе ўскладненняў, такіх як інсульт і інфаркт міякарда. Не сакрэт, што гэтыя грозныя захворванні ў нас нашмат памаладзелі. І калі мы зменшым ужыванне солі, то гэтыя захворванні могуць альбо прыйсці да чалавека значна пазней, альбо зусім не наступіць, лічыць наш суразмоўца.

Вядома, соль або той жа цукар — не атрута. Іх можна і трэба ўжываць. Небяспечнымі яны становяцца, калі перавышаць меру. Значыць, трэба вучыць грамадства правільнаму харчаванню. «Наша Міністэрства аховы здароўя шмат гаворыць аб тым, што мы павінны абмяжоўваць у рэцэптуры колькасць солі і цукру», — адзначае дэпутат.

Але, напрыклад, абмежаваць ужыванне солі ў ежы зусім не так проста, як здаецца на першы погляд. Бо, як сцвярджаюць спецыялісты, да 70% ад усёй спажываемай намі солі ўтоена ў прадуктах, падвергнутых тэхналагічнай апрацоўцы, — каўбасе, кансервах, хлебе, сыры, розных паўфабрыкатах — а значыць, знаходзіцца па-за зонай кантролю спажыўца. І толькі каля 30% гэтага элемента мы дадаём у ежу самі пры гатаванні. Так, можна сказаць: «Давайце есці толькі тую ежу, якую мы згатавалі самі». Але на практыцы — гэта амаль нерэальная рэч.

У ЗША адзін час спрабавалі «выхоўваць» спажыўцоў, праводзячы тлумачальную работу з насельніцтвам наконт небяспекі лішку солі ў рацыёне. Поспеху не было. Цяпер Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША падымае пытанне аб тым, каб заканадаўча знізіць утрыманне солі ў некаторых прадуктах, увёўшы жорсткія абмежаванні на яе ўтрыманне ў мучных вырабах, соусах і іншых шырока распаўсюджаных прадуктах. Услед за амерыканцамі задумаліся над гэтым і еўрапейцы.

У большасці краін пакуль што толькі ідуць дыскусіі на згаданую тэму, а вось Партугалія ўжо зрабіла пэўныя крокі ў гэтым кірунку. Партугальцы традыцыйна спажываюць шмат хлеба. Але большасць гатункаў утрымлівала вельмі шмат солі — ад 18 да 21 грамаў на кілаграм прадукту. І партугальскія ўлады на заканадаўчым узроўні вырашылі змяніць патрабаванні да яго вытворчасці: парламент прыняў закон, які абмяжоўвае максімальную колькасць солі ў кілаграме хлеба — не больш за 14 грамаў. Вынік не прымусіў сябе чакаць: за пяць гадоў у Партугаліі колькасць хворых з павышаным ціскам паменшылася на 5%!

Залішняя колькасць цукру таксама вельмі шкодная для нас. У першую чаргу таму, што аказвае таксічнае дзеянне на сасуды. «Пры гэтым у чалавека наступаюць розныя эндакрынныя парушэнні, — кажа Дзмітрый Шаўцоў. — Часцей за ўсё пакутуе падстраўнікавая залоза, якая выпрацоўвае інсулін. Мы ўсе чулі аб цукровым дыябеце. Ад яго сёння ўжо ніхто не памірае, але якасць жыцця можа значна пагоршыцца. Чалавек пастаўлены ў вельмі жорсткія рамкі, крок налева або направа — і наступствы ў выглядзе рэзкага пагаршэння стану не замарудзяць праявіцца. А вазьміце такое ўскладненне як дыябетычная ступня — гэта такая вільготная гангрэна, калі ў жывым арганізме пачынаюць гніць і паміраць тканкі. Паражаюцца сасуды, і не толькі ног, але і нырак, печані, сэрца, галаўнога мозга...».

Яшчэ раз падкрэсліваем: ніхто нікога не заклікае кідацца ў крайнасці. Не трэба адмаўляцца ад солі і цукру. Проста ўсё павінна быць у меру. Але, на жаль, людзі любяць салодкае і салёнае. І вытворцы ахвотна ідуць ім у гэтым насустрач. Пачытайце склад ёгурту, які вы купляеце сабе ці сваім дзецям. У 100 грамах звычайнага ёгурту — да 13, а часам і больш грамаў цукру! Вытворцы проста шпігуюць нас ім!

А калі вы вырашыце азнаёміцца са складам печыва, то практычна ў кожным гатунку акрамя цукру выявіце яшчэ і маргарын. Між тым транстлушчы, якія змяшчаюцца ў маргарыне, павышаюць утрыманне ў крыві «дрэннага» халестэрыну і зніжаюць узровень «добрага», тым самым спрыяючы развіццю атэрасклерозу. Даказана, што спажыванне транстлушчаў на 32% павышае рызыку ўскладненняў пры ішэмічнай хваробе сэрца. Акрамя таго, транстлушчы спрыяюць павышэнню рызыкі атлусцення і метабалічнага сіндрому, а таксама цукровага дыябету.

У некаторых краінах ужо дадумаліся да таго, што сталі ўводзіць падатак на шкодную ежу. Першай такой краінай у Еўропе стала Данія. У Венгрыі быў прыняты «падатак на чыпсы». Падобныя падаткі ці акцызы паспяхова дзейнічаюць у Вялікабрытаніі і ЗША. Заклікі ўвесці такі падатак неаднаразова гучалі і ў ААН — у 2012 годзе аб гэтым гаварылася ў дакладзе па праблемах харчавання. На думку спецыялістаў ААН, увядзенне падатку на шкодныя прадукты прывядзе да зніжэння іх ужывання.

Не, мы зусім не заклікаем уводзіць падобныя падаткі і ў нас, але ўздымаць пытанне аб тым, як абмежаваць шкодныя прадукты ў рацыёне, асабліва дзіцячым, трэба. Вядома, неабходна вучыць грамадства правільнаму харчаванню. Але на людзей і іх харчовыя звычкі паўплываць вельмі складана, а вось уплываць на вытворцаў — можна. Напрыклад, прымусіць іх рабіць абавязковую маркіроўку прадукцыі, якая змяшчае транстлушчы. Падрабязна ўказваць склад прадукту — і не дробным шрыфтам, які немагчыма прачытаць, а з выкарыстаннем інфаграфікі, максімальна зразумелай усім спажыўцам. Або заканадаўча абмежаваць колькасць солі і транстлушчаў у некаторых прадуктах шырокага спажывання.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».