Вы тут

Расклад руху аўтобуса і нічыйная сцяна разладу


У горадзе Высокае Камянецкага раёна правёў прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль ГЕРАСІМАЎ.


Насуперак прагнозам па пытаннях працаўладкавання быў толькі адзін зварот. Першы на прыём да памочніка кіраўніка дзяржавы прыйшоў Аляксандр Анішчук з вёскі Доўбізна. Нядаўні выпускнік ВНУ вось ужо паўгода не можа знайсці работу самастойна. Да гэтага ён працаваў інжынерам-праграмістам у адміністрацыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». У ходзе прыёму хлопцу прапанавалі работу па спецыяльнасці ў аграрным каледжы. З будынка гарвыканкама ён накіраваўся на гутарку з будучым работадаўцам. Пасля заканчэння прыёму мы сустрэліся з Аляксандрам, ён быў у прыўзнятым настроі. Сказаў, што пытанне канчаткова вырашыцца на наступны дзень, і хутчэй за ўсё, гэты дзень стане для яго рабочым.

Большасць з астатніх зваротаў датычыліся добраўпарадкавання і сацыяльных аспектаў жыцця былога райцэнтра. І вырашаюцца праблемы, як аказалася, не так паспяхова, як у першым выпадку.

Валянціна Лісіцкая прыйшла з пытаннем, якое спрабуе вырашыць з 2009 года. За гэты час, паводле яе слоў, памяняліся два кіраўнікі Высокага, два старшыні Камянецкага райвыканкама, два дырэктары каледжа, а праблема ні з месца. Сутнасць сапраўднай навалы для гаспадыні дома ў тым, што пры будаўніцтве інтэрната аграрнага каледжа (будынка па суседстве з домам заяўніцы) нечага не ўлічылі. І для замацавання канструкцыі пазней паставілі падпорную сцяну. Паставіць паставілі, а на баланс гэту пабудову ніхто не ўзяў. Фактычна яна нічыйная. Гэтая самая сцяна разладу правакуе сцёк вады з дарогі проста на ўчастак да Валянціны Іванаўны. Асабліва зімой, калі снег растае пад уздзеяннем солі, якой шчодра пасыпаюць дарогу, усё гэтае месіва цэлым патокам пападае на двор гаспадыні. Яна кажа, што не толькі зямлю вада зрабіла непрыгоднай для агарода, яна падтоплівае і разбурае дом 1905 года пабудовы. Жанчына ходзіць па ўстановах, а ёй ужо прапанавалі ісці ў суд, каб судом прымусіць некага прызнаць сябе балансатрымальнікам той злашчаснай сцяны. Па логіцы, калі навучальная ўстанова належыць аддзелу адукацыі, то і сцяна іхняя. Але ж ці справа грамадзяніна ўстанаўліваць гаспадароў суседняй пабудовы? Васіль Герасімаў строга ўказаў на недапушчальнасць такой валакіты і даручыў вырашыць нарэшце гэта пытанне.

Былі звароты наконт правядзення ліўневай каналізацыі, а таксама каналізацыйных сетак, вулічнага асвятлення, гандлю. Раіса Галецкая ўзняла праблему жыхароў вёсак высокаўскай зоны, якія размешчаны побач з Воўчынам, Агароднікамі. Да райцэнтра ім дабірацца выходзіць пад сто кіламетраў. Таму што гэтыя людзі вымушаныя ехаць адразу ў Брэст, а потым у Камянец. Прамыя аўтобусы не ходзяцца. Нават узяць медыцынскую даведку, калі справа датычыцца падрабязнага медагляду, становіцца праблемай. Можа, сапраўды гэтых людзей варта прымацаваць да медустаноў Брэста. Хоць, зразумела, што апошняе вельмі складана.

Памочнік прэзідэнта выслухаў 10 грамадзян. Пасля прыёму Васіль Герасімаў сказаў журналістам, што прыём абазначыў шэраг праблем. Адны з іх часткова вырашацца падчас падрыхтоўкі да абласных дажынак, якія пройдуць тут налета. Іншыя звязаны са стылем работы чыноўнікаў на месцах. Ім трэба вучыцца гаварыць з людзьмі, а таксама своечасова інфармаваць насельніцтва і ўважліва ставіцца да зваротаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».