Вы тут

У сталіцы адкрылася фотавыстава «Параўнай Мінск»


У холе гандлёвага цэнтра Gаllеrіа Mіnsk прадстаўлена больш за 50 выяў беларускай сталіцы за апошнія сто гадоў. Большасць з іх зрабілі фотакарэспандэнты Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Дарэчы, менавіта БелТА выступіла з ініцыятывай арганізаваць выставу — фотаздымкі ў электронным варыянце можна паглядзець на сайце агенцтва, гэта адзін з раздзелаў мультымедыйнага спецпраекта, прысвечанага 950-годдзю Мінска.


Адметнасцю выставы стала тое, што фатаграфіі мінулых дзесяцігоддзяў размяшчаюцца побач з цяперашнімі выявамі гэтых жа месцаў. Знайсці можна ўсе ключавыя кропкі сталіцы — Траецкае прадмесце, Верхні горад, праспекты Незалежнасці і Пераможцаў, Камсамольскае возера і многія іншыя любімыя мінчанамі куткі горада.

— Выстава выдатная! Я абсалютна ўпэўнены, што не толькі моладзі, але і жыхарам сталага пакалення будзе цікава, якім быў стары горад, як ён аднаўляўся і якім з'яўляецца на сённяшні дзень, — падзяліўся ўражаннямі ад экспазіцыі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ.

Кіраўнік Цэнтральнага раёна Ігар БУЗОЎСКІ адзначыў, што выстава — гэта добры спосаб прыцягнуць інвестыцыі, турыстаў, абудзіць цікавасць да тых аб'ектаў, якія ствараюць эканоміку як раёна, так і горада ў цэлым. Ён прапанаваў школьнікам, якія таксама прысутнічалі на адкрыцці, паказаць сваё бачанне горада праз фотаработы, лепшыя з якіх будуць узнагароджаныя і, магчыма, таксама прадстаўлены ў грамадскай прасторы. А пакуль можна заняцца знаёмствам з выставай «Параўнай Мінск», якая прадоўжыцца да канца кастрычніка.

У тэ­му

«Водна-лазернае шоу наведаю абавязкова»

Мэр Мінска параіў, куды схадзіць на Дзень горада

Акрамя фотавыставы, якая адкрылася ў Галерэі, у Мінску праходзяць дзясяткі, а то і сотні падзей, прымеркаваных да юбілею сталіцы. Андрэй Шорац расказаў журналістам пра найбольш відовішчныя на яго погляд:

— У пятніцу я абавязкова пайду на водна-лазернае шоу. Думаю, што ўсім будзе цікава паглядзець, як хіты, у тым ліку і сусветныя, у пэўнай інтэрпрэтацыі ў выкананні сімфанічнага аркестра прагучаць пад шоу фантанаў у колеры лазера. У суботу ў планах — фестываль гістарычнай рэканструкцыі, на які прыедуць удзельнікі з 16 краін. Абяцаюць насычаную праграму на два дні.

Яшчэ кіраўнік Мінгарвыканкама запрасіў жыхароў і гасцей сталіцы наведаць у суботу пляцоўку каля Палаца спорту. Там увесь дзень будзе гучаць музыка беларускіх і замежных выканаўцаў, а таксама выступіць Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.
А ўвечары неба расквеціць грандыёзны салют, зробяць відовішча яшчэ больш незвычайным падсвечаныя паветраныя шары.

У нядзелю двума галоўнымі мерапрыемствамі стануць Мінскі паўмарафон і Дзень танкіста ў парку Перамогі. Андрэй Шорац заўважыў, што ў парку будзе весціся бітва адначасова на 120 камп'ютарах, а само свята пройдзе ў яшчэ незнаёмым для мінчан цікавым фармаце.

Пасля наступных выхадных маштабныя падзеі не скончацца. Праз тыдзень пройдзе масавае закрыццё мотасезона, а ў канцы верасня Мінск ператворыцца ў цыркавую сталіцу. Да нас з'едуцца высакакласныя прафесіяналы з 26 краін. Фестываль будзе доўжыцца тры дні і завершыцца гала-канцэртам — абяцаюць ўзровень не ніжэй, чым у Монтэ-Карла.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Знайдзіце дзесяць адрозненняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?