19 Верасень, серада

Вы тут

Такой «Травіяты» Мінск яшчэ не бачыў


Вялікі тэатр адкрые сезон італьянскай операй з прыбалтыйскім акцэнтам.

Вядомы латвійскі кінаакцёр і рэжысёр Андрэйс Жагарс па запрашэнню Вялікага тэатра Беларусі ажыццяўляе шостую пастаноўку оперы Джузэпэ Вердзі «Травіята», якой пачнецца 85-ты тэатральны сезон.


Жагарс папярэдзіў, што спозніцца на інтэрв’ю, атрымалася, што прыйшоў якраз к пачатку рэпетыцыі. Я ўжо ўявіла сабе, як падчас рэпетыцыі сяджу побач з рэжысёрам на яго працоўным месцы – за сталом у зале для гледачоў з лямпай, нататкамі, мікрафонам, і мы размаўляем. З акцёрамі працуе памочнік рэжысёра, а мэтр назірае за рэпетыцыяй і зрэдку робіць заўвагі. Але…

Амаль усю рэпетыцю Андрэйс правёў на сцэне. Ён нешта тлумачыў артыстам, паказваў танцавальныя рухі, да ўсяго яму была справа. Тым часам у залу прыйшлі супрацоўнікі дапаможных служб, артысты, занятыя ў іншых дзеях спектакля. Толькі апошнія хвілін восем рэпетыцыі Андрэйс даручыў правесці Галіне Галкоўскай – рэжысёру Вялікага тэатра, якая асісціруе Жагарсу.

Трэба было зноў паўтарыць сцэну вечарыны. Канцэртмайстар жвава зайграў, артысты хору, якія выконвалі ролі гасцей на вечарыне, млява затанцавалі.

– Сябры, я не патрабую, каб вы вывучылі пэўныя рухі. Паводзьце сябе натуральна, як на звычайнай вечарыне, калі кожны танчыць, як умее, кажа Андрэйс у мікрафон. – Але я хачу паверыць, што вам падабаюцца, вам цікавыя жанчыны, якіх вы бачыце. А вы ўсім выглядам паказваеце, маўляў, зноў тут гэтыя кабеткі. Пакажыце, станцуйце, радасць, жвавасць, цікавасць.

Для Жагарса не існуе дробязяў, ён гатовы ўключацца ў вырашэнне любых праблем, нават нязначных. Напрыклад Андрэйс распавёў вось такую “крымінальную” гісторыю. Па нейкаму непаразуменню набылі аднолькавыя касцюмы для мужчын, занятых у дзвюх розных дзеях. Андрэйс, не марнуючы час і нервы на пытанне “хто вінаваты”, адразу перайшоў да “што рабіць”. Цэтлікі на гарнітурах засталіся? Добра, бо можна здаць у краму, каб не выляталі грошы “ў трубу”. І набыць камізэлькі, пашукаць пінжакі ў клетку, увогуле дабавіць больш колераў, як гэта звычайна і бывае на вечарынках. “Калі ласка, дапрацуйце, калі будзе патрэбна падтрымка, кажыце – я сам буду размаўляць са спадаром Грыдзюшкам (генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Беларусі – заўв. рэд.), – паабяцаў Жагарс.

Дарэчы, жаночыя сцэнічныя строі вельмі цікавыя, з прыбалтыйскім шармам, бо Андрэйс Жагарс працуе са сваёй камандай – мастаком па касцюмах Крысціне Пастэрнака і мастаком-пастаноўшчыкам Рэйнісам Суханаўсам.

Андрэйс паспрыяў, каб у Мінск прыехаў і Аксель Эйверарт – член журы “Вялікай оперы”, які дапамагае нашым салістам удасканаліць італьянскае вымаўленне і вакальныя тэхнікі.

А за сталом рэжысёра мне пасядзець удалося. У перапынку паміж рэпетыцыямі.

– Андрэйс, вас запрасілі ставіць “Травіяту” ці абмяркоўваліся іншыя варыянты?

– Так, менавіта “Травіяту”. У оперы так прынята, а вось калі запрашаюць у драматычны тэатр, то там звычайна выбар за рэжысёрам.

– На нашай сцэне вы ставіце спектакль, у якім зменены месца дзеяня і час. І гэта не першы такі ваш вопыт. Чым вы кіруецеся, калі прымаеце рашэнне па-свойму інтэрпрэтаваць класіку?

– Найперш гэта залежыць ад твора. “Кармэн”, “Травіяту”, “Дон Жуана” публіка добра ведае. Калі рэжысёрская задума не нявечыць музыку, не скажае сэнс твора, то гэта апраўданы крок. У сучасным свеце не скажу, што гэта стала модай, але прынята інтэрпрэтаваць класіку, прапаноўваць сваю канцэпцыю. Мне самому патрэбна, каб было цікава, калі я раблю перанос. Мне важна, каб гэта давала матэрыял для творчага натхнення і стварэння яркіх вобразаў і праўдзівых адносінаў. Напрыклад, калі я перанёс дзеянне “Дон Жуана” на круізны лайнер, то для гэтага была нагода. Трэба было знайсці такую прастору, каб апраўдаць, чаму ж ён увесь час пазбягае сваіх гераінь, якія знаходзяцца зусім побач, і такім чынам узмоцніць інтрыгу.

Што ж да “Травіяты”, то гэта ўжо трэцяя мая пастаноўка оперы. Узаемаадносіны і жыццё герояў, каханне, растанне, хвароба – усё гэта  вельмі натуральна можа быць перанесена ў наш час.

У кожным стагоддзі былі свае страшныя хваробы, у 19-м – сухоты, цяпер – рак, ад якога і памірае гераіня. Перанос у часе і прасторы мае сэнс, калі гэта зроблена з добрым густам і лёгка прыжываецца на сцэне. Як рэжысёр, я павінен расказаць гісторыю і не пайсці супраць музыкі – гэта вельмі важна. Ну і яшчэ, прызнаюся, класіка спалучаецца з сучаснасцю, каб прыцягнуць у оперу новую маладую публіку.

– Вы былі шмат у якіх оперных тэатрах свету. Якая там публіка? У нас, напрыклад, на оперу ходзяць людзі 45+, на балет – маладзейшыя.

– Самая оперная краіна – Германія. Там больш за 90 оперных тэатраў, шмат драматычных, а таксама канцэртных залаў. Нямецкі ўрад шчодра фінансуе культуру. Менавіта ў Германіі я бачыў самыя смелыя, яркія творы. І публіка – самая розная: ад школьнікаў да пенсіянераў. У кожным тэатры – сучасны дух! Увогуле, культура ў Германіі займае пачэснае месца.

А вось на радзіме оперы, у Італіі, шмат тэатраў сышлі ў нябыт. Так, буйныя, да прыкладу,  Ла-Скала, оперны тэатр Рыма, – яны існуюць, але няма такой разнастайнасці ў рэпертуары, як у Германіі.

Калі я кіраваў Латвійскай нацыянальнай операй, мы выкарыстоўвалі шмат замежных інструментаў маркетынгу, актыўна выходзілі ў сацыяльныя сеткі, увогуле наладжвалі камунікацыю з грамадствам, каб прыцягнуць у тэатр розныя ўзроставыя групы гледачоў. Опера заўсёды лічылася элітарным відам мастацтва, і ёсць людзі, якія думаюць, што гэта – не для іх. Я прыйшоў у Латвійскі оперны тэатр пасля капітальнага рамонту –  шыкоўны палац у пазалоце і аксаміце, акрамя таго, дарагія квіткі. Многіх гэтая раскоша адпуджвала.  Але мы пачалі праводзіць палітыку даступнасці квіткоў, ствараць такія ўмовы, каб студэнты, пенсіянеры маглі прыйсці ў оперу.

Калі мы гаворым пра прыцягненне ў тэатр публікі, то тут шмат залежыць ад рэпертуару, стылістыкі і камунікацыі з гледачамі — ёсць розныя інструменты, і для кожнай аўдыторыі яны свае.  

– Ці былі раней у Беларусі і што вы ведалі пра наш тэатр перад запрашэннем?

– Яшчэ ў савецкі час прыязджаў у Мінск на кастынг як кінаакцёр. А ўжо калі стаў дырэктарам Латвійскай оперы, то прыязджаў на Калядны оперны форум, і нас са спектаклем “Травіята” запрасілі  на гастролі. Давялося  быць у складзе журы Мінскага міжнароднага каляднага конкурсу вакалістаў.

Зразумела, што я бачыў некалькі спектакляў вашага тэатра. Моцнае ўражанне  было, калі ўбачыў будынак тэатра пасля рэканструкцыі – вельмі якасна і прыгожа зроблена. Ваш тэатр – гэта перліна архітэктуры.

У Латвійскай оперы ў мой час было некалькі запрошаных салістаў з Беларусі  – Аксана Волкава, Алена Золава, Уладзімір Пятроў.

У Вялікім тэатры Беларусі працуе шмат таленавітых людзей. Цяпер я ў гэтым упэўніваюся кожны дзень.

– Як ажыццяўляўся адбор салістаў у вашу пастаноўку?

– Кіраўніцтва тэатра дало мне магчымасць самому выбраць салістаў. Хоць, прызнаюся, ад запрашэння некалькіх артыстаў мне раілі ўстрымацца. Аддаў перавагу маладым выканаўцам з шматабяцаючым патэнцыялам і ўжо магу сказаць, што інтуіцыя мяне не падвяла.

Я патрабаваў ад іх тонкую драматычную гульню, у той час як для іх традыцыйна на першым месцы быў вакал. Але публіка чакае не толькі музыкі, але і акцёрскага майстэрства, а праграмы навучання ў творчых ВНУ адстаюць ад сучаснасці. Але бачу, што салісты добра справіліся, і я вельмі задаволены іх працай. Час ад часу трэба займацца педагагічнай дзейнасцю, і гэта мне падабаецца. Працы шмат яшчэ і таму, што я рыхтую тры саставы. Звычайна другі-трэці састаў уводзіць асістэнт рэжысёра, але салісты ўсе маладыя, і я адчуваю адказнасць за іх і хачу надаць кожнаму дастаткова сваёй увагі.

Хачу адзначыць хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч – яны працуюць на вельмі добрым узроўні. Прыемна працаваць з аркестрам, лёгка знайшлі агульную мову з дырыжорам-пастаноўшчыкам Андрэем Галанавым.

– Нашы маладыя артысты цікавіліся ў вас “кухняй” тэлеконкурсу “Вялікая опера”?

– Цікавасць ёсць, і я бачу салістаў, якія маглі б там мець поспех. Магу нешта параіць, нават падтрымаць. Цяпер ужо можна распавесці, што ў свой час я пасадзейнічаў Юрыю Гарадзецкаму. У калег былі сумненні. Да майго меркавання яны прыслухоўваюцца, я маю аўтарытэт. З задавальненнем падтрымаю беларусаў на праекце, але не магу прывесці іх туды за руку. Найперш, гэта павінна быць іх жаданне і зацікаўленасць.

– У Мінску вы працуеце амаль усё лета. Ці камфортна вам у нашым горадзе?

–Так, у Мінску жывуць дабразычлівыя людзі, я адчуваю прыязную атмасферу, нядрэнны сэрвіс. У вас вельмі сучаснае грамадства. Шмат хадзіў па горадзе, наведваў мастацкія выставы і бачыў сучасны жывапіс на еўрапейскім узроўні. Мне спадабаўся  сталічны арт-раён – Кастрычніцкая вуліца. Там збіраецца цікавая публіка, гэта маладыя людзі з добрай адукацыяй. Уразілі джазавыя і класічныя імпрэзы ля Ратушы. Горад жыве еўрапейскім сучасным духам.

–  Калі наш тэатр запросіць вас зрабіць яшчэ адну пастаноўку?

– З задавальненем! Было б цікава паставіць што-небудзь кшалту “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” Шастаковіча ці “Пікавую даму” Чайкоўскага.

У інтанацыі Андрэйса і яго вачах было нешта такое, што стала зразумела: ён ужо ведае, як можна ажыццявіць гэтыя пастаноўкі. А пакуль што збіраемся на прэм’еру “Травіяты”, якая адбудзецца 8 і 10 верасня. Тое, што я бачыла на рэпетыцыі, дае падставу запэўніць шаноўную публіку: такой оперы Мінск яшчэ не бачыў!

Даведка:

Андрэйс Жагарс нарадзіўся ў 1958 годзе. Выпускнік Тэатральнага факультэту Латвійскай дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасці “акцёр драматычнага тэатра і кіно”. Здымаўся ў латвійскіх, эстонскіх, літоўскіх, расійскіх і ўкраінскіх кінафільмах:  “Камяністы шлях”, “Следапыт”, “Жыццё Кліма Самгіна”, “Поспеху вам, спадары!” і інш. У 90-я гады быў паспяховым рыжскім рэстаратарам.

З 1996 года – дырэктар Латвійскай нацыянальнай оперы (ЛНО). Пад яго кіраўніцтвам ЛНО стала адным з яркіх оперных тэатраў Еўропы. Пры Андрэйсе Жагарсе на рыжскай сцэне выраслі зоркі сусветнага ўзроўню: Аляксандр Антоненка, Крысціне Апалайс, Мая Кавалеўская, Марына Рэбека, Эліна Гаранча, Андрыс Нэльсанс, Андрыс Пага і інш. У 2003 годзе Андрэйс Жагарс дэбютаваў у галіне опернай рэжысуры.

У 2013 годзе міністр культуры Латвіі Жанета Яўнземе-Грэндэ падпісала загад аб звальненні Андрэйс Жагарса з пасады дырэктара ЛНО. Інцыдэнт быў досыць рэзанансным, неўзабаве прэм'ер-міністр Латвіі адправіў у адстаўку міністра культуры. А ў Андрэйса Жагарса з'явіўся багаты выбар — у якой краіне прыняць запрашэнне на пастаноўку спектакля. У Латвіі Жагарс з'яўляецца мастацкім кіраўніком фестывалю “Балтыйскія музычныя сезоны”.

Аксана Яноўская

Фота Аксаны Яноўскай, Міхаіла Несцерава, Паўла Баса

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.