Вы тут

У Мінску прайшоў адбор на творчы тэлеконкурс «Талент краіны—2»


...Некалькі дзяўчат распяваюцца пад вокнамі, а крыху старэйшая за іх «калега» ў яркім сцэнічным уборы робіць сэлфі на ганку, пакуль унутры гамоняць, выконваюць артыкуляцыйныя практыкаванні, чакаюць сваёй чаргі і неверагодна хвалююцца дзясяткі іншых прэтэндэнтаў. На чатыры дні ў пачатку верасня Беларуская акадэмія музыкі ператварылася ў экзаменацыйны цэнтр для адораных дзяцей і падлеткаў з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама іх бацькоў і педагогаў. Тут прадстаўнікі канала АНТ і запрошаныя эксперты праводзілі кастынгі юных вакалістаў, інструменталістаў, танцораў і артыстаў арыгінальнага жанру — будучых удзельнікаў тэлепраекта «Талент краіны—2». Журналісты «Звязды» пабывалі ў закуліссі адбору сёлетняга шоу.


 

І ў гіпсе, і цераз чорны ход

Сёлета свае таленты на суд адборачнага журы вынеслі каля 500 прэтэндэнтаў. Геаграфія ўражвае: Бабруйск, Мазыр, Гродна, Мінск, Магілёў, Старыя Дарогі, Жодзіна, Гомель...

Традыцыйна самая вялікая канкурэнцыя — сярод вакалістаў, якіх на кастынг сабралася некалькі соцень, прычым абсалютная большасць — дзяўчаты. Але духу барацьбы мы не адчулі, як ні стараліся — можа, гэта самі сцены Акадэміі музыкі настройвалі ўдзельнікаў на мірны і творчы, а не агрэсіўна-спаборніцкі лад? Вось у закутку хола дзяўчаты-падлеткі дапамагаюць адна адной прымацаваць да касцюма парадкавыя нумары, а вось пад самымі дзвярыма аўдыторыі, дзе засядае строгае журы, малеча наладзіла гульню ў «чы-чы-по» (адна з разнавіднасцяў «камень-нажніцы-папера»). Зрэшты, і журы аказалася не такім ужо строгім, у чым мы таксама пераканаліся, зазірнуўшы ў «судовыя залы». Практычна кожнага ўдзельніка суддзі — вядомыя артысты, кампазітары, выкладчыкі музыкі, тэлевізійныя прадзюсары — стараліся не толькі праслухаць, але і падбадзёрыць, разняволіць, разгаварыць.

— Што ў цябе з рукой? — здзівілася журы, убачыўшы 9-гадовую мінчанку Машу Мойсак з гіпсам.

— Каталася на веліку, і там камень раптам выскачыў, а я затармазіць не паспела, і вось так упала, цяпер у школу не хаджу, урач забараніў, каб не штурхнулі выпадкова і косці не зрушыліся! — на адным дыханні выпаліла дзяўчо.

— У школу не пайшла, а да нас змагла? — падкалолі дарослыя.

— Так! — не разгубілася малая. — Я яшчэ летась была на кастынгу разам з адным фокуснікам, ён мой сябар, і вельмі захацела сама паспрабаваць, так што сёння, можна сказаць, мой дэбют, — і гэтак жа, не збаўляючы абаротаў, Маша выдала жвавую песеньку, пад якую некаторыя суддзі нават пачалі прытанцоўваць.

Іншая мінская школьніца ўразіла прабіўной сілай: нягледзячы на тое, што дзяўчыне ўжо споўнілася 16 гадоў — і значыць, па ўмовах конкурсу яна не можа трапіць у праект, — прайшла на кастынг літаральна цераз чорны ход, каб выдаць рок. «Вельмі ўжо хацела да вас трапіць», — прызналася дзяўчына. — «Падрабляйце пашпарт», — напаўжартам параіў у адказ кампазітар Леанід Шырын. Сваю порцыю добрых слоў за імпэт, харызму і байцоўскі характар дзяўчына атрымала, а пуцёўку ў эфір — не: правілы ёсць правілы.

Вакалісты спрабавалі ўзяць хто чым: адны выбіралі эфектны сцэнічны вобраз, другія — цікавы рэпертуар, замахваючыся на кампазіцыі Адэль і Вольгі Кармухінай, урыўкі з аперэт і старыя савецкія хіты. Некалькі ўдзельнікаў, выпадкова ці наўмысна, выконвалі песні членаў журы — у прыватнасці, сёлетні «еўравізійны» хіт гурта Navіband. «Гэта вельмі нязвыкла — чуць сваю песню збоку, у іншым выкананні», — крыху збянтэжана прызналіся Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка, яшчэ не ведаючы, што за дзвярыма гарланяць звонкае «Хэй, хэй!» і іншыя кандыдаты...

«Сярод удзельнікаў-вакалістаў вельмі многа «народнікаў» і мала акадэмічнага вакалу, — адзначае кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжэліна Мікульская. — Вельмі цікава, што многія самыя маленькія артысты даюць фору старэйшым удзельнікам сваёй адкрытасцю, шчырасцю, упэўненасцю і разняволенасцю. А ў падлеткаў ужо ёсць паняцце фармату, яны прыпадабняюцца да папулярных артыстаў і не даюць разгледзець саміх сябе... Што яшчэ хочацца адзначыць — выбар рэпертуару. Часта на дзіцячых конкурсах ён адзін і той жа, нават праз дзесяць гадоў гучаць тыя самыя песні, многія з якіх сучасныя дзеці ўжо не разумеюць. І на гэтым фоне выразна бачна тых, хто свядома абраў музыку, хто плануе звязаць з гэтым жыццё, — у іх зусім іншы падыход, разуменне таго, якая вялікая праца наперадзе».

«Мне прыемна бачыць на кастынгу дзяцей з эмацыянальнай падачай і глыбокім разуменнем таго, што яны робяць, — дадае загадчык кафедры спеваў Акадэміі музыкі Таццяна Цыбульская. — Канешне, часцей за ўсё кандыдаты спяваюць «эстраду» — гэта больш папулярны, дэмакратычны, даступны кожнаму шлях, але і тут важна развіваць у сабе асобу, а не капіраваць іншых выканаўцаў. Нікому не патрэбны другія Селін Дзіон, Віктар Цой або Паліна Гагарына. Таму варта імкнуцца быць першым, самім сабой. І нават калі не пашчасціць прайсці цяперашні адбор, трэба не апускаць рукі, а ісці далей, шукаць сябе і верыць у сваю ўдачу — паверце, пры наяўнасці таленту любой велічыні гэта вельмі важны фактар».

Не музыкай адзінай

Няшмат было сярод сёлетніх кандыдатаў сольных танцораў. «У харэаграфічных гуртках і студыях дзеці ўсё больш займаюцца калектыўна, дабіваюцца зладжанасці рухаў, а гэта майстэрства педагога-харэографа. Нас жа больш цікавіць, як раскрываецца ў мастацтве танца асоба, індывідуальнасць саміх артыстаў, а з гэтым, як высвятляецца, існуе пэўная праблема», — падзяліліся назіраннямі арганізатары.

Ацэньваць творчасць, не маючы адпаведнай мастацкай адукацыі, вельмі цяжка — таму для нас, журналістаў, кандыдаты былі цудоўнымі ўсе без выключэння. Але некаторыя — яшчэ і асабліва кранальнымі, як «хрустальная дзяўчынка» Кіра Ламейка. У Кіры складаны дыягназ — недасканалы остэагенэз, або, прасцей кажучы, павышаная крохкасць касцей, з-за чаго неасцярожныя рухі могуць прывесці да пераломаў, таму яе выступленне стала ўзорам не столькі мастацтва, колькі жыццялюбства і сілы духу...

У трэці дзень адбору Акадэмію музыкі зноў запоўнілі ўсхваляваныя школьнікі — музыканты-інструменталісты з педагогамі і канцэртмайстрамі. У адных за плячыма — футаралы з акардэонамі, другія карыстаюцца «тутэйшымі» цымбаламі і фартэпіяна. «У маім дзяцінстве большасць чаргі складалася б з гітарыстаў, а сёння, здаецца, наогул ніводнага няма», — крыху сумна заўважае калега-тэлевізійнік. Мы таксама хлопчыкаў і дзяўчат з гітарамі не заўважылі — затое паслухалі разам з суддзямі шэраг класічных і джазавых, старадаўніх і сучасных твораў у выкананні гарманістаў, піяністаў, флейтыстаў, майстроў цымбалаў і мандаліны. Дарэчы, у гэтай намінацыі амаль не было выпадковых удзельнікаў — дзяцей, якія займаюцца музыкай па волі бацькоў. Музычны стаж большасці юных кандыдатаў прыемна ўразіў: у 10—15-гадовым узросце практычна ўсе яны вучацца ў музычных школах і асвойваюць любімыя інструменты па 6, 8, 9 гадоў. Зрэшты, як пацвердзіла ўласным прыкладам вучаніца гродзенскай спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Насця Гуранкова, нават калі конкурсны «паслужны спіс» і вопыт у цябе яшчэ маленькі, а любоў да музыкі — вялікая, добрыя вынікі не прымусяць сябе чакаць...

Безумоўна, адным з самых уражлівых і эмацыянальных стаў заключны дзень кастынгу, на які запрашаліся юныя дэкламатары, акцёры, комікі, фокуснікі, цыркавыя гімнасты ды іншыя прадстаўнікі арыгінальнага жанру. Тут нас таксама чакаў шэраг дзіўных адкрыццяў: напрыклад, адна школьніца нечакана выбрала для мастацкага чытання верш «Камсамольскі білет» Аркадзя Куляшова, а другі, маленькі хлопчык, чытаў вершы пра каханне — і так расчуліўся, што сам заплакаў...

Наогул, як адзначае рэктар Акадэміі музыкі, старшыня рады Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава, якая ўжо другі год уваходзіць у журы праекта, стаўленне юных артыстаў да конкурсу стала больш адказным: «Конкурс набірае абароты, значыць, ён будзе больш моцны і цікавы для гледачоў і больш сур'ёзны для саміх удзельнікаў — у кожнага з іх мусіць быць пэўны конкурсны вопыт, упэўненасць у сваіх сілах, а таксама павінна прысутнічаць харызма, адчувальная літаральна з першых імгненняў на сцэне. Асабіста мяне, прызнаюся, на фоне мноства «копій» з папулярнага мастацтва некаторыя ўдзельнікі парадавалі — гэта не толькі таленавітыя дзеці, але і неверагодна аптымістычныя, жывыя, яркія, якія, я ўпэўнена, добра сябе пакажуць».

Літаральна праз тыдзень 48 з амаль 500 прэтэндэнтаў атрымаюць «шчаслівыя білецікі» ў тэлепраект і прыступяць да рэпетыцый, а ўжо напачатку лістапада «Талент краіны—2» выйдзе ў эфір. Каму з яго ўдзельнікаў сёлета дастанецца тытул пераможцы і галоўны прыз — грант Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі? Сачыце за эфірам — і ўбачыце!

Даведка «Звязды»

Першы агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс «Талент краіны», зладжаны сумесна тэлеканалам АНТ, Спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, Міністэрствам культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, стартаваў летась. З некалькіх соцень кандыдатаў было адабрана 48 удзельнікаў у дзвюх узроставых групах: 5—10 і 11—15 гадоў, якія выступалі ў чатырох творчых намінацыях: вакальнае мастацтва, харэаграфія, інструментальнае мастацтва і арыгінальны жанр (уключаючы дэкламацыю, акцёрскае майстэрства, цыркавое мастацтва). Пераможцамі першага сезона сталі два юныя піяністы:
Сафія Курловіч з Салігорска і мінчанін Мікіта Шастакоў.

Другі сезон праекта ладзіцца па падобнай схеме: 48 удзельнікаў і ўсяго 7 канцэртаў, каб найбольш ярка раскрыць свае здольнасці перад суддзямі і гледачамі. Абавязкова захаваецца ў «Таленце краіны—2» традыцыя выступлення ў кожным канцэрце спецыяльных гасцей — адораных дзяцей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Адважвайцеся — вы таленавітыя!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.