Вы тут

У сталічным пракаце ідзе фільм «Пра каханне. Толькі для дарослых»


З прэм'еры першай карціны «Пра каханне», знятай Ганнай Мелікян, прайшло два гады, а эфектную праходку Рэнаты Літвінавай (у плашчыку, пад якім нічога) па гарадской вуліцы мы ўсё яшчэ памятаем. Яе ўвогуле, сімвалічную, не забыць. Шматнавельны фільм, які распавядае пра каханне ў сучасным свеце, дзе на гэтае светлае і чыстае пачуццё быццам аказваецца дадатковы ціск, не абмежаваўся адной «серыяй» і зараз на сталічных экранах — працяг. Яго назвалі «Пра каханне. Толькі для дарослых». Ганна Мелікян стала аўтарам праекта, а рэжысёрамі выступілі некалькі асоб. Пераймаючы традыцыю першай карціны, новая настолькі ж жыццесцвярджальная, узрушальная і візуальна ў кліпавым кірунку эфектная. А яшчэ ў ёй зняўся легендарны Джон Малкавіч, а гэта не які-небудзь папсовы Ды Капрыа.


 

Зноў лейтматывам служыць лекцыя на тэму кахання на прасторнай пляцоўцы гандлёва-забаўляльнага цэнтра (знака сучаснага мегаполіса); зноў важнае месца ў фільме, адпаведна і ў каханні сучаснага чалавека, займаюць тэхналогіі і сацыяльныя сеткі; зноў аб'ект даследавання раскрываецца ў нечаканых, нетрывіяльных гісторыях. І што самае цікавае, зноў, нягледзячы на тое, што колькасць і імёны рэжысёраў змяніліся, жанчына ва ўвасабленні некалькіх гераінь, выглядае амаль што звышнатуральнай істотай. Ёсць у ёй нешта дэманічнае, бескантрольнае і нечаканае (часам добра схаванае).

Рэжысёры перанялі стылістыку аўтаркі — яны ўключылі ў свае навелы сацсеткі і выступленні музычных гуртоў, зрабілі іх замалёўкамі вялікага горада, асабліва папрацавалі над узрушальнымі канцоўкамі, якія сапраўды правакуюць у гледача рознага кшталту, у асноўным добрыя, пачуцці.

Структура фільма — які складаецца з некалькіх навел — таксама перайшла ў «Пра каханне. Толькі для дарослых» з першай карціны. Цікава назіраць, як па-рознаму вырашаюцца праблемы прыватнага жыцця ў настаўніцы літаратуры, супрацоўніцы органаў унутраных спраў, без адказу закаханай тынэйджаркі, багатых сужэнцаў, дзе муж лічыць сябе непрыгожым, нарэшце самога лектара, якога сыграў Джон Малкавіч.

Тэму кахання, канешне ж, добра назваць вечнай, але яна настолькі ж падуладная штампам. Уласна мне падабаецца, як у праекце Ганны Мелікян увесь пафас і шматгадовы шлейф усхваленняў у дачыненні да кахання збіваюцца спробай упісаць пачуццё ў нейкі сацыялагічны, урбаністычны, менавіта сучасны кантэкст. Атрымліваецца пэўнае даследаванне, як вечная тэма трансфармуецца пад уздзеяннем часу
і яго знакаў. Што важна, у гэтым даследаванні спалучаецца хіповая гуллівасць са сцвярджэннем зноў жа вечных каштоўнасцяў. Так, гэта ад пачатку і да канца сучасныя гісторыі, але ў іх разыгрываюцца знаёмыя сюжэты са знаёмай мараллю. І хоць за мастацкай апрацоўкай, рэжысёрскімі напластаваннямі і перайначваннямі цяжка прызнаць, напрыклад, гісторыю Рамэа і Джульеты, тым не менш гэта ўсё тая ж гісторыя Рамэа і Джульеты, усюдыісная аповесць.

Здавалася б, апасродкавана адпаведная тэма фігуруе амаль ці не ў кожным мастацкім творы, але мэтанакіравана «Пра каханне» амаль не здымаюць, тым больш не жадаюць раскрыць яго без драматызму. Зноў праект Ганны Мелікян выглядае нетыповым, таму што ў сур'ёзнай форме даследавання — лёгкі для ўспрымання фільм з іскрамётнымі сцэнамі. Не хвалюйцеся: драматызм і слёзы ў карціне таксама ёсць, але тут дастаткова дэталяў, каб зразумець, што гэта часовае, а скончыцца ўсё павінна добра.

Сапраўды, нягледзячы на несуцяшальную статыстыку разводаў, якая абмяркоўваецца на лекцыі ў фільме, гісторыі самой карціны быццам спрабуюць гэтай статыстыцы супярэчыць. Без лішніх маралізатарства, чапурыстасці, патрабаванняў аўтары расказваюць гісторыі з разуменнем дзівацтваў, абсалютным дараваннем і талерантнасцю да таго, што прынята называць амаральным. Усё дзеля аднаго — сцвярджэння, што сапраўднае каханне існуе нягледзячы ні на што і ў пантэоне пачуццяў і абставін яно заўсёды на самай вяршыні.

З гэтым прыемна пагаджацца пад эфектныя эпізоды навел у запаволенай кіназдымцы, ад якіх павявае лёгкасцю, шчасцем і жыццесвярджэннем. Набор пачуццяў, якія выклікае карціна «Пра каханне. Толькі для дарослых», яе прыгажосць і магчымасць прычыніцца да найлепшай праявы чалавечага жыцця надоўга замацоўваюць у памяці сцэны з фільма. Натуральна, іх, як і само каханне, забыць будзе складана.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».