Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Слова — не верабей...

Гэта было напрыканцы дзевяностых, мы тады пераходзілі на лічбавыя тэхналогіі, і я паехаў у Мінск у камандзіроўку. Засяліўся там у двухмесны нумар ці не самай высокай сталічнай гасцініцы, у шафу на вяшак акуратна павесіў парадны службовы мундзір — амаль што новенькі, бо на працу ў ім не паходзіш, а прафесійнае свята — дзень работнікаў лесу — толькі раз на год...

Помню, што яшчэ палюбаваўся: ля каўняра там — прыгожыя зорачкі, на абшлагах рукавоў — залацістыя палоскі, як у адмірала...

Вечарам у нумар засяліўся яшчэ адзін пастаялец, дзяцюк гадоў трыццаці, без верхніх пярэдніх зубоў. Мы пачалі з ім знаёміцца: распытваць, хто адкуль, чаго ў сталіцы?.. Карацей, звычайныя размовы звычайных людзей, якія сёння выпадкова стрэліся, а заўтра, відаць, назаўжды разыдуцца... Але ж я высветліў, што сусед мой — з Брэстчыны, што ён — былы баксёр, што зубы страціў у выпадковай бойцы, што цяпер працуе ў ахове...

Ні пра баксёраў, ні пра ахову я нічога такога не ведаў. Да таго ж вечар быў восеньскі, доўгі, — яго яшчэ трэ было неяк прабавіць... Вось я і ўзяўся распытваць свайго суседа пра тое, пра гэта...

Аднак ён адказваў мне вельмі коратка, стрымана, падалося — без ніякай ахвоты. Ну я і адчапіўся — стаў нешта чытаць.

...Раніцой сусед мой падняўся першы: пайшоў у ванны пакой, прывёў сябе ў парадак, адчыніў шафу. І, відаць, толькі цяпер на левым плячы майго «мундзіра» ўгледзеў значок дзяржаўнай лясной аховы.

— Дык вы не пракурор?! — вылупіў вочы ён: расплыўся ў шырэзнай шчарбатай усмешцы.

— Не...

Чаму ён баяўся пракурораў, я не спытаўся — іншых тэм аж па горла было, бо баксёра панесла, не раўнуючы, як Астапа...

Я тады хіба што слухаў.

І. Сіманёнак, г. Паставы


Выгадная пакупка

Адбылося гэта ў далёкім 1961 годзе, адразу пасля грашовай рэформы: тады (калі хто помніць) нулік адкінулі, гэта значыць, было ў чалавека дзесяць рублёў — стаў адзін.

Дык вось недзе ў хуткім часе пасля гэтага вяртаюся я са школы і бачу, што ў нас, можна сказаць, госці — маміна сяброўка прыйшла. Прыселі яны ўдзвюх на тапчан і гамонку вядуць.

Я кніжку чытаю, не дужа слухаю, але ж час ад часу ў іх бок пазіраю. Бачу — боты ў цёткі новыя. Да таго ж — нейкія... ненармальныя.

Мама таксама гэта заўважыла, пытае:

— Кацярына, ты што — не на тую нагу абулася?

— Ды не, Мар'ечка, гэта ж я сёння ў Чэрвені была, — здалёк пачынае цётка. — Іду там па вуліцы і заўважаю, што людзі гумовікі аднекуль нясуць. Спыніла адну жанчыну, пытаюся: «Дзе даюць?» Яна кажа: «У краме ўцэненых тавараў». Я туды — куляй... Бачу, народу, як селядцоў у бочцы, бо патрэбны ж тавар і танна: па рублі за бот...

Стала ў чаргу і я: не паверыш, пакуль да прылаўка дайшла, амаль паўдня струбіла! А галоўнае — марна: усе парныя боты разабралі, а няпарныя (на правую нагу) засталіся. Дык я давай прасіць прадаўца, каб што-небудзь падабраў мне. Во — узяла (цётка выпрастала ногі, паказала...) — адзін бот якраз, а другі — на тры памеры большы. Надзела іх, патупала, думаю: а халера з ім, добра будзе ў хлеў хадзіць! Выгадная ж пакупка, бо дзе ты яшчэ возьмеш боты па рублі за штуку?

Былі часы, былі абноўкі... Ужо і не верыцца.

Міхась Мірановіч, Кіраўскі раён


Вучыцца ніколі не позна

...З маіх знаёмых калег-настаўнікаў, мусіць, самым шматдзетным быў Міхаіл Міхайлавіч. Разам з жонкай Лідзіяй Міронаўнай яны гадавалі пяцёра дзяцей. Але ж тут і зараз я раскажу толькі пра малодшую з іх дачок.

Старэйшыя і дочкі, і сыны змалку дапамагалі бацькам: вучыліся і ў печы паліць, і ежу варыць, і сена касіць ды каня запрагаць, і гарод даглядаць, а малодшай, Тамары, было за кім паленавацца. Неўпрыкмет закончыла школу, педвучылішча, выйшла замуж, а з якога боку да каровы падысці, так і не ведала.

Але ж неяк прыязджае дамоў і чуе ад бацькі, што маці дома няма, а карову падаіць трэба (яму неяк няўцям было, што Тамара не ўмее).

Але ж адступаць ёй не было куды: узяла кавалачак хлеба ды хусцінку, каб абвязаць вядро пасля даення, і пайшла на луг, дзе пасвіўся статак. Следам за ёй грамадою рушылі дзеці. Нібы тыя птушаняты, яны шчабяталі побач, гулялі ў «даганялкі». Але Тамара нічога не чула і не бачыла. З яе сем патоў сышло, пакуль прысаджвалася пад карову, пакуль цягала яе за саскі: малако чамусьці зусім не цякло.

Урэшце кінула яна мучыць карову, абвязала вядро хусцінай (каб ніхто не бачыў, што малака там хіба з паўлітра) ды рушыла дамоў. Бацьку нічога не сказала. Маці па-ранейшаму не было — яна прыехала толькі пад вечар.

І тады ж не прыйшла, а прыбегла з поля Зорка, на хаду губляючы малако.

— Мамачка, навучы мяне карову даіць! Хутчэй, — папрасіла дачка, убачыўшы карову.

Аказалася, што даілася іх карміліца і сапраўды цяжка, але ж, асвоіўшы гэту навуку, Тамара паспяхова спраўлялася. І потым у кожны свой прыезд першай бегла да Зоркі.

Таццяна Чэкед, г. Гомель


Дзве рабінавыя ночы

Ніхто, думаю, не стане аспрэчваць, што найлепшая пара года — гэта лецейка: сонца, пахі, краскі, спевы жаўрукоў... Адно, што палохае, — дык гэта паведамленні пра аранжавы ўзровень бяспекі. Нешта зачасцілі штармавыя вятры ды навальніцы з перпендыкулярнымі бліскавіцамі: загараюцца ад іх будынкі, падаюць зламаныя дрэвы і слупы, злятаюць дахі з дамоў...

Упершыню гэткі жах я перажыла дзяўчом, гадоў у 12. Ад раскатаў грому тады літаральна закладвала вушы; у хату лілася вада (шыбы выбіла), на вуліцы нешта трашчала і гахкала... Куды было хавацца?

Мы з мамай (светлай памяці!) забіліся пад стол, сядзелі там, як мышы, можа, гадзіны са дзве, а калі выйшлі на вуліцу, то нічога вакол не пазналі: страху з нашай хаты знесла, усе пладовыя дрэвы ляжалі ўверх карэннем, гарод быў заліты, ад пасадак не засталося нічога! (У іншых людзей, дарэчы, таксама... Шчасце яшчэ, што самі ў жывых засталіся...)

Да гутаркі дайшло — расказала сваёй прыяцельцы Ніне Паповай пра гэтую навальнічную ноч, а яна тады прыгадала сваю:

— У нашай вёсцы (кабета з Белавічаў, да нас замуж прыйшла) на першую Прачыстую некалі кірмаш быў, і ў гэты дзень — такая традыцыя — у госці мог з'явіцца хоць хто: сваякі, знаёмыя... Значыць, трэ будзе нечым частаваць, а ў нас з мамай каб кропля гарэлкі... Праўда, брага ёсць і ўжо «адхадзіла».

Што рабіць? У лесе ля суседняй вёскі падпольны заводзік быў: на чатырох камянях вялікая металічная бочка ляжала, у ёй вада награвалася, пара праз трубу выходзіла ў бражнік, потым — у адборнік, з яго — у халадзільнік, а ўжо адтуль гатовая прадукцыя ішла — чыстая, што сляза!

Кіраваў гэтым заводзікам «дырэктар», інвалід вайны, і за «вытворчасць прадукту» ён шмат не браў — хіба першую пляшку.

Вось да яго матуля мяне і адправіла, сталі гнаць. Потым, атрымаўшы плату, «дырэктар» пайшоў дадому, а я засталася...

Адкуль узялася чорная хмара, з чаго пачалася навальніца, зусім не заўважыла! Але так спужалася, што забілася ў гушчар ды думаю: «Усё, мне канец...»

Шчыра малілася, бо вельмі хацела жыць. І можа з гадзіну ці дзве... потым вецер заціх, грымоты, як быццам, таксама, затое... завылі ваўкі!

Ад таго заводзіка да дома было сем кіламетраў. Я іх прабегла, не чуючы ног! А маці вочы праплакала, мяне чакаючы! «Дачушка мая, — казала абдымаючы, — я ж думала, што ты нежывая ўжо... Далася нам тая самагонка! Каб яна спрахла!»

...Гаварыць так можна было, але ж, калі з кірмашу да нас госці завіталі, мама схадзіла да суседзяў і пазычыла ў іх гарэлкі.

Ніна Бурко, г. Беразіно

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».