Вы тут

Экстрэмальныя канікулы для добраахвотнікаў зладзіў «Беларусь 2»


У канцы 2015 года, калі фінішавала папулярнае беларускае рэаліці-шоу «Панаехалі» — першы праект, у якім вёска і горад на 100 працэнтаў злучыліся, каб даць сучасным маладым людзям экспрэс-урокі школы жыцця, гледачы захапляліся сілай духу гарадскіх «мажораў», якія пераадолелі сябе і навучыліся прыкладваць рукі да справы.


І, вядома, абсалютная большасць была ўпэўнена, што другі раз падобны нумар не пройдзе і нават самыя наіўныя «дзеці асфальту» больш не клюнуць на вудачку тэлевізійнікаў. Але ўсё аказалася зусім не так, што і пацвердзіла гучная прэм'ера сезона — захапляльнае тэлешоу «Панаехалі-2. Канікулы ўсляпую», якое стартавала 5 верасня на тэлеканале «Беларусь 2».

Нагадаем, два гады таму арганізатары шукалі маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў — хлопцаў і дзяўчат, — якія прывыклі да гарадскога камфорту і не ўяўлялі свайго жыцця без пасядзелак з сябрамі ў кавярнях, тусовак у клубах, модных гаджэтаў, ды што там — без электрычнасці, цёплай прыбіральні і водаправода. Свае заяўкі на кастынг даслалі тысячы кандыдатаў, перакананыя, што гаворка ідзе пра прыгоды ў экзатычнай краіне. А ў выніку дзесяць удзельнікаў апынуліся... у вёсцы пад Валожынам, дзе вучыліся самым простым, зямным рэчам: сячы дровы, палоць грады, касіць траву, даіць кароў, даглядаць пчол, стрыгчы авечак, збіраць ураджай і г. д. Пераможцай праекта, абышоўшы дужы пол, стала дзяўчына — мінчанка Алена Кірынюк, якая паспяхова пераадолела ўсе выпрабаванні і складанасці вясковага жыцця і выйграла пуцёўку на дваіх на Канарскія астравы.

І вось у гэтым годзе вясной і летам Белтэлерадыёкампанія абвясціла кастынг удзельнікаў для новага тэлепраекта. Самыя пільныя, магчыма, западозрылі, што на ўвазе маецца працяг рэаліці-шоу «Панаехалі!», аднак усе падрабязнасці арганізатары трымалі ў сакрэце, таму, напэўна, ніхто нічога не ведаў.

Падчас адбору, які, дарэчы, праходзіў па скайпе, 13 найбольш яркіх, амбіцыйных і энергічных маладых людзей з розных куткоў Беларусі пачулі «так». Далей блогеры, студэнты, маркетолагі, фатограф, мадэль, офісныя работнікі і фрылансеры мусілі выйсці з сеціва і выканаць шэраг заданняў пад кіраўніцтвам вядучага, аднаго з фіналістаў праекта «Панаехалі» Дзмітрыя Савіна: абудзіць у сабе пачуццё прыгожага — у майстэрні скульптара, фантазію і крэатыў — у фотамайстэрні і басейне, уменне трымацца перад камерай — у тэлевізійнай студыі (фінальны этап кастынгу якраз быў паказаны ў першым выпуску шоу 5 верасня, таксама яго можна знайсці на афіцыйных старонках праекта ў інтэрнэце).

«Падрыхтавацца да выпрабаванняў, якія мы прапануем, загадзя немагчыма», — паабяцалі арганізатары рэаліці-шоу і даставілі дзясятку адабраных удзельнікаў на... базу МНС, дзе праходзяць трэніроўкі ратавальнікаў. Працяг канікулаў усляпую інтэрнэт-персанажаў у рэальным свеце гледачы ўбачаць ужо 12 верасня — і далей кожны аўторак удзень ці ўвечары.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Прывітанне, прыехалі!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.