Вы тут

Як зрабіць цукерку з рапсу?


Вырошчванне гэтай культуры пры навуковым падыходзе дае ад 350 да 400 долараў чыстага прыбытку з пасеянага гектара.

Закрытае акцыянернае таварыства «Аблрапсаграсэрвіс», якое знаходзіцца ў пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна, змянілася за сем гадоў да непазнавальнасці. На месцы старых паўразбураных будынкаў былога райаграсэрвісу, выстаўленых калісьці на продаж, на яго тэрыторыі вырас сучасны завод па перапрацоўцы насення рапсу.


Было 5, стала 38

— Усё гэта запатрабавала салідных фінансавых укладанняў, рознага роду ўзгадненняў, без чаго рэалізаваць задуманае было б немагчыма. На пачатковым этапе інвестыцыйны праект быў разлічаны на 5 млн долараў. Але апетыт прыходзіць падчас яды. Уласнік палічыў свае выдаткі і прыбыткі і вырашыў укласці больш. Сёння агульная сума інвестыцый па праекце складае каля 38 млн долараў, — расказвае пра сваё дзецішча дырэктар завода Пётр Кулік.

Беларуска-літоўскае сумеснае прадпрыемства цешыць вока ўжо першым звяном — пры прыёмцы сыравіны. Прадпрыемства зараз прымае да 3,5 тысячы тон насення рапсу, а ў ідэале можа давесці гэтую лічбу да 5 тысяч тон. Пры ўездзе на завод стаяць аўтамабільныя вагі грузападымальнасцю 60 тон і даўжынёй платформы 18 метраў. Усё ўзважванне праходзіць у аўтаматычным рэжыме з пераносам інфармацыі на камп'ютар і афармленнем дакументаў. Дарэчы, на складзе прыёмкі зерня працуе два чалавекі.

З аўтаматыкай на роўных

Сэрца прадпрыемства — сучасны цэх па перапрацоўцы насення рапсу метадам гарачага прасавання, які працуе ўжо практычна на поўную магутнасць. Новае абсталяванне ў параўнанні з мінулым у тры разы больш прадукцыйнае. Але што вельмі важна — усе працэсы зараз цалкам аўтаматызаваныя. Таму прысутнасць у цэху чалавека не абавязковая. Як працуюць устаноўкі, сочыць аператар. З суседняга пакоя праз шкло яму выдатна відаць увесь аўтаматычны рыштунак, а па камп'ютары ён адсочвае стан кожнага механізма і ўвесь вытворчы працэс. Тут чыстае паветра, практычна не чуваць, як працуе ўвесь гэты складаны канвеер. Прадукцыйнасць цэха 500—550 тон у суткі. На працягу года гэта прыкладна 180 тысяч тон.

— Зерне рапсу паступае на прэс, пасля чаго мы атрымліваем рапсавы алей і жмых. Алей папярэдне чысціцца і паступае на склад, — расказвае начальнік цэха Віктар Струковіч. — У цэху чатыры змены, на якіх працуе ўсяго па два чалавекі.

Абсталяванне, дарэчы, нямецкае. Прапаноўвалі да яго і комплекс праграмнага забеспячэння. Але нашы спецыялісты падключылі комплекс у сістэму самастойна.

Пад крылом — 50 тысяч га

Уборка рапсу ў сыравіннай зоне прадпрыемства пачынаецца практычна адначасова. Таму пабудавалі дастаткова складскіх памяшканняў арачнага тыпу і тры сіласы аб'ёмам 10 000 кубічных метраў, каб прымаць сыравіну без затрымак. Умяшчальнасць кожнага складскога памяшкання арачнага тыпу — дзве з паловай тысячы тон, а кожнага сіласу — сем тысяч тон насення рапсу. На поўную магутнасць працуе айчынны зернесушыльны комплекс.

— Каб атрымліваць сыравіну ў дастатковай колькасці, наша кампанія ўжо не адзін год вядзе работу па забеспячэнні гаспадарак найлепшымі насеннем, высокаэфектыўнымі найноўшымі сродкамі абароны раслін, — працягвае Пётр Кулік. — Таму на поспех можна разлічваць толькі пры цесным супрацоўніцтве і з аграрнай навукай, і з вытворцамі.

— Нас падтрымліваюць улады, — адзначае старшыня савета дырэктараў ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс» Аляксандр Карпечанка. — Літаральна днямі ў губернатара была распрацавана і зацверджана праграма па вырошчванні рапсу. Кіраўнік вобласці вырашыў падтрымаць ініцыятыву з месцаў і адмовіцца ад спецыфікі лабіравання інтарэсаў выключна дзяржаўных прадпрыемстваў. Пастаўкі рапсу будуць ажыццяўляцца строга па схеме выйграных тэндараў і аўкцыёнаў. А яшчэ мы разлічваем, што каля 50 тысяч гектараў рапсу будзе вырошчвацца пры нашым непасрэдным удзеле. Цяпер распрацоўваюцца юрыдычныя тонкасці гэтага рашэння.

Алей да бутэлечкі

Усю атрыманую прадукцыю прадпрыемства адпраўляе не толькі на ўнутраны, але і знешні рынкі. Калі рапсавы шрот цалкам ідзе айчыннаму спажыўцу, то вялікая частка алею пастаўляецца ў Літву. Такім чынам завод зарабляе валюту.

Ёсць у завода і больш далёкія планы і перспектывы. Напрыклад, рабіць у Гарадзеі алей рапсу і разліваць яго па бутэльках — фасаваць у канчатковую тару для продажу. Але так ужо робяць іншыя, а ствараць штучную канкурэнцыю не хацелася б. Вось калі б на такі алей з'явіўся ўстойлівы попыт унутры краіны і за мяжой, спадзяюцца вытворцы. Паміж справай, цяпер прапрацоўваецца магчымасць пастаўкі рапсавага алею ў Ізраіль. Напрамак цікавы, толькі не спрацоўвае пытанне цаны. Калі б у беларускага вытворцы атрымалася паменшыць сабекошт, тады гэты рынак быў бы для нас адкрыты.

Іншым перспектыўным напрамкам з'яўляецца ўзбагачэнне шротаў бялком, іншымі мінеральнымі дабаўкамі. У гэтым выпадку наш корм будзе значна лепшы, чым у канкурэнтаў, і будзе даваць вялікую аддачу сельгаспрадпрыемствам па малацэ і прыбаўленні ў вазе.

А вяскоўцам і сапраўды выгадна займацца гэтай культурай. Па словах Аляксандра Карпечанкі, сёння рапс адзін з высокарэнтабельных і грашовых культур. Менавіта вырошчванне рапсу пры навуковым падыходзе дае ад 350 да 400 долараў чыстага прыбытку з гектара пасеваў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».