Вы тут

Як у сярэдзіне XVІІІ стагоддзя штурмавалі віцебскую ратушу


Штурм віцебскай ратушы ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя — малавядомы факт нават для гісторыкаў. Старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ "Палітэхнік" Максім Макараў прапанаваў нашым чытачам першымі азнаёміцца з падрабязнасцямі гэтага эпізоду. Дакументы, якія выявіў ён, а таксама Аляксандр Доўнар і Андрэй Мацук, дазваляюць у падрабязнасцях зразумець што адбылося.


Ратуша на чарцяжы 1664 года.

Неабмежаваная ўлада

— Віцебская ратуша — будынак колішняй гарадской адміністрацыі — аб'ект грамадзянскі. Аднак 11 верасня 1749 года яна вытрымала сапраўдны штурм. Прычына канфлікту — барацьба за пасаду віцебскага войта паміж мясцовым ваяводам Марцыянам Міхалам Агінскім і палкоўнікам войск Вялікага княства Літоўскага, будучым ваяводам полацкім Юзафам Сасноўскім, — распавядае Максім Макараў.

Горад з магдэбургскім правам можна параўнаць з сучаснай свабоднай эканамічнай зонай. Гэта — абшар з асаблівым, адрозным ад іншых, парадкам вядзення гаспадарчай дзейнасці. І намеснік манарха ў горадзе, дзе канцэнтравалася найбольш заможная і эканамічна актыўная частка насельніцтва, быў асаблівым. Ім з'яўляўся не ваявода ці староста, як для астатніх тэрыторый, а войт.

— Пасля надання Віцебску ў 1597 годзе магдэбургскага права насельніцтва горада было пераведзена пад юрысдыкцыю войта-шляхціца. Яго прызначаў сам кароль. Аднак у лютым 1603 года апошні самастойны магдэбургскі войт Аляксандр Корвін-Гасеўскі вымушаны быў перадаць сваю пасаду ваяводзе Яну Завішы. І войтаўства амаль на 150 гадоў трапіла ў рукі кіраўнікоў мясцовай земскай адміністрацыі, — працягвае гісторык.

З 1730-га ваявода і войт — магнат Марцыян Агінскі. (З яго роду пайшоў і славуты кампазітар.) Яго ўлада над горадам была практычна неабмежаванай, ён не звязваў ратушу з нейкім там "гарадскім самакіраваннем", а па-просту лічыў яе "сваёй войтаўскай рэзідэнцыяй". У 1739 годзе Агінскі вырашыў перадаць віцебскае войтаўства сыну Станіславу. І атрымаў ад караля Аўгуста ІІІ пісьмовы дазвол. Але за некалькі наступных гадоў так і не наважыўся рэалізаваць задумку. А 14 чэрвеня 1748 года Станіслаў Агінскі, на той момант кашталян віцебскі, нечакана памёр у Варшаве. І, з пункту гледжання вярхоўных уладаў, пасада войта стала вакантнай.

Вядома, высокадаходныя месцы не пустуюць доўга. 22 чэрвеня 1748 года кароль надаў прывілей на віцебскае войтаўства палкоўніку Юзафу Сасноўскаму. Ужо 3 ліпеня той даў прысягу перад канцлерам і актамі метрыкі ВКЛ...

Марцыян Агінскі быў у шоку ад такога непажаданага развіцця падзей і саступаць не збіраўся. Паспрабаваў дамовіцца з Сасноўскім "па добраму", але не атрымалася.

Была такая "партыя"

20 ліпеня 1748 года у горад прыбыў шляхціц Казімір Ляхавецкі-Чаховіч, якога Сасноўскі прызначыў сваім намеснікам (лантвойтам). Яго чакаў халодны прыём. Узброеная варта Агінскіх наваспечанага лантвойта нават не пусціла ў ратушу. І пад пагрозай фізічнай расправы ён хутка пакінуў Віцебск.

Як Агінскі, так і Сасноўскі звярнуліся ў суды. Праз некаторы час абодва, добра ўсведамляючы сітуацыю з выкананнем судовых пастаноў у Рэчы Паспалітай, пачалі рыхтавацца да сілавога вырашэння пытання.

Пад канец лета 1749 года Сасноўскі здолеў нарэшце сабраць "партыю", якая налічвала каля сотні добра ўзброеных конных ваякаў. У яе склад, акрамя ўласна людзей палкоўніка, ўвайшло 20 "надворных пахолкаў" падкаморыя смаленскага Антонія Храпавіцкага. Разам з імі ў "каманду" ўвайшлі13 жаўнераў са складу Горы-Горацкага гарнізона графа Юзафа Салагуба. А таксама некалькі слуг гараднічага аршанскага Багуслава Шкульцецкага.

Агінскі быў добра інфармаваны пра тое, што робіць "апанент". 29 жніўня 1749 года ў лісце ён пісаў, што Сасноўскі "збіраецца ... атакаваць ратушу". Ад чаго "у бунтоўным горадзе могуць здарыцца крыміналы і ўздыме галаву прыдушаная схізма (праваслаўе)". Ён сцягнуў у Віцебск надворнае войска, а таксама шляхту Барысаўскага староства і маёнтка Мікулін. Да абароны, карацей, ён падрыхтаваўся грунтоўна.

Ноччу 11 верасня 1749 года атрад Сасноўскага ўвайшоў у Віцебск. І, не сустрэўшы супраціўлення ў прадмесцях, у досвітнай імгле падступіў да будынка ратушы.

Юзаф Сасноўскі.

На штурм!

Ратуша з высокай барочнай вежай, што ўзвышаецца ў цэнтры горада ў нашы дні, была ўзведзена пазней — у 1775 годзе. Вядома, што папярэдні будынак ратушы, — той, які збіраўся атакаваць Сасноўскі — быў мураваным і атынкаваным. Навокал месціліся шматлікія драўляныя крамкі... Верагодна, ўвесь комплекс быў прыблізна такім, як на "чарцяжы" Віцебска 1664 года. Сама ратуша была акружана вастраколам і ператворана ў імправізаваную крэпасць.

Начную варту ля варот ратушы нёс барысаўскі шляхціц Яська Баркоўскі. Ён пачуў ціхія крокі ў цемры, абапёршыся на стрэльбу, перахіліўся праз частакол і запытаў: "Хто ідзе?". У адказ грымнуў залп. Тры кулі навылет — дзве у грудзі і адна ў лоб (літаральна разнесла чэрап), не пакінулі няшчаснаму ніякіх шансаў. Жаўнеры Сасноўскага імкліва пайшлі на штурм. Пры дапамозе загадзя падрыхтаваных інструментаў яны ў трох месцах падрубілі і праламалі агароджу. Пасля чаго ўварваліся на двор. Захопленыя знянацку людзі Агінскага панеслі страты. Куляй быў смяротна паранены мікулінскі шляхціц Васіль Калатырка (сканаў праз 3 дні). Цяжкія раны атрымалі шляхціц Дзямід Мікіцін і рэйтар (кавалерыст) Ян Сакалоўскі.

Аднак абаронцы хутка ачунялі і сустрэлі праціўніка шчыльным ружэйным агнём з вокнаў. Не пацэліць на такой кароткай адлегласці было цяжка, і літаральна за нейкія хвіліны атрад Сасноўскага значна парадзеў. Два жаўнеры былі забітыя, больш за дзесяць — параненыя. Імпэт штурмавых груп знік. Яны ўкрыліся за пашкоджаным частаколам і пачалі метадычны абстрэл будынка з ручной зброі. Прычым, выкарыстоўвалі такія не джэнтльменскія зарады, як рубленыя цвікі, шкляныя кулі і проста тоўчанае шкло. Праўда, сур'ёзнай шкоды людзям Агінскага, якія знаходзіліся за тоўстымі цаглянымі сценамі, гэта страляніна не нанесла.

Праз паўтары гадзіны Юзаф Сасноўскі зразумеў, што захапіць ратушу не атрымаецца, і загадаў свайму атраду адступаць. Людзі палкоўніка пераправіліся на правы бераг Дзвіны і рушылі на захад. Трафеі пераможцаў, сабраныя на полі бою, былі небагатымі. "Здабылі" пару пісталетаў, крывую шаблю, шпагу з жалезным эфесам, бярдыш, сякерку без дрэўка...

Горад цудам не згарэў

Перад тым, як пакінуць Віцебск, раз'юшаныя няўдачай жаўнеры сустрэлі на вуліцы каля фарнага касцёла кухара ваяводы Агінскага. Гэты чалавек апынуўся там выпадкова і, відаць, не разумеў сітуацыі. Людзі Сасноўскага запыталі, хто ён. І пасля атрымання праўдзівага адказу жорстка пасеклі небараку шаблямі "з сёдлаў".

Горад жа толькі цудам не згарэў, бо ўсю ноч перад штурмам ліў дождж.

У наступным годзе Марцыян Агінскі памёр. І, тое, за што пралівалася кроў, само "звалілася" ў рукі палкоўніка. Ці патрэбна было яму тое віцебскае войтаўства? Ужо ў 1751 годзе ён "перадаў" (трэба разумець, прадаў) яго Юзафу Салагубу.

"Героі" позняй Рэчы Паспалітай былі аматарамі высвятляць адносіны з сабе падобнымі, штурмаваць ратушы і застрашваць цывільнае насельніцтва... Аднак у эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай аказаць нейкае сур'ёзнае супраціўленне ворагам сваёй краіны яны не здолелі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.