Вы тут

Колькі гадоў вадзе?


Галіну Лучыну, вядучага інжынера аддзела фізіка-хімічных даследаванняў Філіяла “Цэнтральная лабараторыя” РУП “Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі”, прадставілі як унікальнага спецыяліста, бо акрамя яе ў нашай краіне ніхто не валодае методыкай вызначэння ўзросту вады.

– Сапраўды, даследаванне, якое дазваляе вызначыць узрост вады, увогуле мала дзе праводзяць, прынамсі, на тэрыторыі СНД, – кажа Галіна Іванаўна. – Аўтарамі адкрыцця радыевугляроднага метаду з’яўляюцца амерыканскія вучоныя на чале з Уілардам Ф. Ліббі. Напачатку гэты метад выкарыстоўваўся для вызначэння ўзросту археалагічных і геалагічных аб’ектаў, але ў хуткім часе яго прымяненне значна пашырылася. Метад даволі просты, а галоўнае – дакладны. Пасля яго адкрыцця ў 1955 годзе высветлілася, што многія артэфакты на самай справе значна старэйшыя, чым лічылася раней.

– Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць гэтага метаду?

– Радыевуглярод утвараецца ў верхніх пластах атмасферы, акісляецца да вуглякіслага газу i ўдзельнічае ў фотасінтэзе разам з ізатопам 12С. Гэты працэс адбываецца ў кожным жывым арганізме. А як толькі жыццё завяршаецца, накапленне радыевугляроду спыняецца. Перыяд яго паўраспаду – 5730 гадоў… Мне патрэбна вызначыць, колькі атамаў радыевугляроду распалася, вылучыць бензол, а затым бэта-лічыльнік улоўлівае імпульсы, і па спецыяльна распрацаванай камп’ютарнай праграме пералічваецца ўзрост аб’ектаў даследаванняў.

– А што гэта за аб’екты?

– Радыевугляродны метад можна выкарыстоўваць для даследавання падземных вод, касцянога матэрыялу, дрэва, торфу, археалагічных і геалагічных знаходак. Вельмі цікава выконваць заказы Інстытута гісторыі НАН Беларусі – узрост трафеяў археолагаў складае прыблiзна ад 2 да 11 тыс. гадоў. Кампанія “Лідскае піва” заказала аналіз узросту вады са свідравіны, якой карыстаецца прадпрыемства. Высветлілася, што той вадзе 11 тыс. гадоў. А вось “Баравая” аказалася некалькi маладзейшай.

Дарэчы, казаць “узрост вады” – не зусім карэктна, бо насамрэч гаворка ідзе пра час яе знаходжання ў ваданосным гарызонце. Сам па сабе гэты час не з’яўляецца паказчыкам якасці вады. Апошняя вызначаецца па тым, ёсць ці няма падцёку сучасных вод. Калі іх няма – вельмі добра.

– Якія цікавыя даследаванні вы яшчэ праводзілі?

– Мы замервалі канцэнтрацыю радыевугляроду на тэрыторыі вакол Ігналінскай АЭС у паветры, раслінах і ў возеры Дрысвяты. Менавіта ў гэта возера скідаюць ахаладжальнік. У межах той праграмы даследавалі і ваду ў прыватных калодзежах, нават шкарлупіну яек правяралі. У возеры канцэнтрацыя радыевугляродаў была крыху вышэйшай, на ўсіх астатніх аб’ектах – у норме.

– А ці прапаноўвалі вам папрацаваць на пляцоўцы Беларускай АЭС?

– Мы супрацоўнічалі з Інстытутам радыялогii. На працягу трох гадоў праводзiлi даследаваннi ўтрымання канцэнтрацый 14С на тэрыторыях побач з БелАЭС. Былi вызначаны яго канцэнтрацыi ў розных раслінах, зерні, малацэ. Яны не перавышалi норму. Упэўнена, што такія даследаванні будуць праводзіцца i пасля пуску атамнай станцыi, бо вядома, што назапашванне звыш нормы радыевугляроду ў арганізме чалавека прыводзіць да мутацый на генным узроўні.

– Галіна Іванаўна, а калі жыхар вёскі захоча даведацца, колькі гадоў вадзе ў яго крыніцы, ці можа ён звярнуцца ў лабараторыю?

– Так. Акрамя вады, даволі часта прыватныя асобы цікавяцца ўзростам моранага дуба. Звярталася жанчына-рамеснік, якая вырабляе ўпрыгожванні. Ёй патрабаваўся дакумент, бо пакупнікі час ад часу выказвалі сумнеў, ці сапраўды гэта мораны дуб. Яна глядзела ў бок Літвы ці Польшчы, але, добра пашукаўшы, знайшла нашу лабараторыю. Дрэву, якое яна прынесла нам, як высветлілася, 3870 гадоў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.