Вы тут

Праекты, якія робяць Мінск лепшым


Ад лекторыяў да танцаў для сямейных пар

Чым цікавым і карысным можна заняцца ў сталіцы

Фантан каля Палаца спорту.

Вядома, скардзіцца на тое, што ў буйным горадзе не хапае заняткаў па інтарэсах ці забавак на любы густ, у наш час было б як мінімум дзіўна. Можна паспрабаваць наракаць на тое, што ўсё займальнае — дорага, аднак, заўпэўніваем вас, гэта таксама зусім не так. На выбар мінчанам прапануецца маса актыўных цікавінак, для ўдзелу ў якіх неабходна толькі жаданне.

Нядаўна незвычайную ідэю прапанаваў Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Туды на бясплатныя заняткі запрашаюць маладых людзей, якія толькі збіраюцца ўступіць у шлюб, і ўжо ўстойлівыя пары. Калі вы думаеце, что там ім прыйдзецца выслухоўваць жыццёвы парады, моцна памыляецеся: вучыць людзей будаваць сямейныя адносіны будуць праз... танцы. На думку спецыялістаў, гэта вельмі эфектыўны інструмент, каб партнёры лепш даведаліся і зразумелі адно аднаго, а таксама зарадзіліся пазітыўнымі эмоцыямі.

Калі вам бліжэй не рухаць целам, а «варушыць мазгамі», можна адправіцца на лекторыі. Напрыклад, далучыцца да некамерцыйнага праекта 15x4, які распаўсюджаны ў шматлікіх гарадах краін Еўропы і СНД. У яго вельмі незвычайны фармат: сустрэча складаецца з чатырох выступленняў на навукова-папулярныя тэмы, кожнае з якіх доўжыцца па 15 хвілін. Ці з самай раніцы адправіцца на Creatіve Mornіngs, якія праходзяць аж у 172 гарадах па ўсім свеце. Арыгінальнасць лекцый ў тым, што яны кароткія і праводзяцца ў пачатку працоўнага дня — гэтакі спосаб натхніцца перад работай. Адметна, што кожны месяц для ўсіх гарадоў-удзельнікаў аб'яўляецца адна тэма, але кожны горад інтэрпрэтуе яе па-свойму.

Дарэчы, бясплатна можна не толькі адукоўвацца ў сваё задавальненне, але і атрымліваць новую прафесію. Служба занятасці горада Мінска цяпер арганізуе навучанне беспрацоўных грамадзян як па рабочых спецыяльнасцях, так і па самых запатрабаваных і высокааплатных — напрыклад, на праграміста. Каб далучыцца да гэтага варыянта перападрыхтоўкі, трэба быць зарэгістраваным ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў якасці беспрацоўнага і мець вышэйшую адукацыю. Слухачам курсаў нават будуць плаціць стыпендыю: ад 1 да 3 базавых велічынь.

У выпадку, калі грамадскія інтарэсы вы ставіце вышэй за ўласныя, можна праявіць творчыя здольнасці і паўдзельнічаць у конкурсе на ўстаноўку дзіцячай пляцоўкі. У хуткім часе ў Мінску павінна з'явіцца дзесяць новых аб'ектаў для дзяцей, а вось дзе менавіта — гарадскія ўлады прапанавалі вырашыць гараджанам. Ахвотным трэба ў цікавай форме з дапамогай аповеда, малюнка, фотаздымка, відэа ці нават флэшмоба даказаць, што пляцоўку неабходна ўсталяваць паблізу таго ці іншага месца. Чым пацешнейшая і незвычайнейшая будзе прэзентацыя, тым больш шанцаў на перамогу. Паўдзельнічаць у конкурсе можна да 14 верасня, а імёны шчасліўчыкаў эксперты Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі назавуць 22 верасня.

«Пачаціцца» з кантакт-цэнтрам ЖКГ

Вырашыць бытавыя праблемы цяпер можна праз месенджары

Кантакт-цэнтр ЖКГ працуе ўжо практычна два гады і за гэты час паспеў паказаць сваю грунтоўнасць. Чаго толькі варта тое, што больш за паўтары сотні розных нумароў былі заменены адзіным 115. Акрамя таго, выйсці на сувязь можна праз сайт 115.бел і мабільную праграму, а з нядаўняга часу яшчэ і праз Твітар і чат-боты ў Тэлеграме і Вайберы.

Што ж такое чат-бот? Гэта праграма, якая па ключавых словах аўтаматычна адказвае на вашыя пытанні. Як расказаў дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Алег СЯДЗЕЛЬНІК, даведацца ў механічнага суразмоўцы, які ў Вайберы дзейнічае пад імем 115belbot, а ў Тэлеграме — portbelbot, можна аб планавых і аварыйных адключэннях жыллёва-камунальных паслуг. Для гэтага дастаткова ўвесці вуліцу і нумар дома, праўда, пакуль гэта можна зрабіць толькі на рускай мове. Таксама праз сэрвіс па нумары заяўкі, які пры звароце ў кантакт-цэнтр паведамляюць кожнаму, можна ўдакладніць на якой стадыі знаходзіцца яе выкананне. Аналагічны функцыянал дзейнічае і на сайце 115.бел у раздзеле «Кантакт-цэнтр ЖКГ». Тут можна даведацца аб адключэнні вады ці электраэнергіі ў перыяд плюс-мінус два тыдні ад бягучай даты. Зараз вядзецца работа над тым, каб ахвотныя аўтаматычна атрымлівалі рассылку ў чаце з інфармацыяй пра свой дом.

Што датычыцца ўжо звыклага для шматлікіх мінчан адзінага тэлефоннага нумара 115, то за мінулы год праз яго было прынята каля 1,8 мільёна заявак, а працягласць гутарак склала практычна восем гадоў. Гэтая лічба паступова павінна зніжацца, бо аператыўнасць — адна з умоў паспяховага функцыянавання сэрвісу. Цяпер у сярэднім адзін званок доўжыцца 125 секундаў. Дарэчы на 115 можна не толькі патэлефанаваць, але і атрымаць зваротны званок — так метадам апытання правяраюць якасць працы аператараў і аказання паслуг.

У партала «Мой горад» паказчыкі не такія вялікія, тым не менш колькасць яго карыстальнікаў няўхільна расце і ўжо складае каля 85 тысяч чалавек. І калі летась у пераважнай большасці гэта былі мужчыны, то цяпер да ліквідацыі гарадскіх праблем падключыліся і жанчыны. У асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце 25—34 гадоў. А хвалююць іх часцей за ўсё электраработы, водазабеспячэнне, стан тратуараў і дарог. Лідарам па колькасці зваротаў традыцыйна з'яўляецца адсутнасць асвятлення ў пад'ездзе. Саступае праблема сваё першае месца толькі ў перыяд падключэння ацяплення — гэта ў прынцыпе найбольш «гарачая» ў годзе пара для кантакт-цэнтра ЖКГ.

Без машын, затое з камфортным месцам для кожнага

Як ствараюць альтэрнатыўны двор у Серабранцы

Над праектам працуе «Мінская ўрбаністычная платформа». Яго ідэя ў тым, каб на базе двара стварыць грамадскую прастору, якая будзе даспадобы розным катэгорыям жыхароў навакольных дамоў, а таксама даказаць, што большасць праблем, якія не даюць спакою гараджанам у спальных раёнах, можна вырашыць.

Як расказаў актывіст «Мінскай урбаністычнай платформы» Андрэй КАРПЕКА, да таго як пачаць актыўную работу, яны разам з калегамі правялі нефармальнае сацыялагічнае апытанне, каб даведацца аб пажаданнях мясцовых жыхароў. Высветлілася, напрыклад, што больш сталыя людзі незадаволеныя моладдзю, якая шуміць пад вокнамі. Аднак, гэта не значыць, што неаходна зрабіць усё магчымае, каб больш яна там не збіралася — наадварот, трэба знайсці для гучных хлопцаў і дзяўчат больш зручнае і адасобленае месца. І так з усім: свая «плошча» павінна быць і ў малых, і ў прыхільнікаў спорту, і ва ўладальнікаў хатніх жывёл, і нават у аматараў прабавіць час за імправізаваным сталом у прыемнай кампаніі.

Адна з найважнейшых задач актывістаў — зрабіць двор свабодным ад аўтамабіляў. Пакуль жа машыны займаюць не толькі ўсе абсталяваныя парковачныя месцы, але і нярэдка «ствараюць» імправізаваныя — на зялёных зонах. Тым не менш шанц увасобіць ідэю ў жыццё ёсць, у Мінску ўжо існуе пацвярджэнне гэтаму — адзін з двароў у Каменнай Горцы, заехаць у які на машыне больш немагчыма.

Дарэчы, на рэалізацыю праекта ў мясцовых жыхароў грошы збіраць не будуць, ад іх патрабуецца толькі ініцыятыва і гатоўнасць удзельнічаць у добраўпарадкаванні і дробных будаўнічых работах. І калі раней да ідэі яны ставіліся з пэўнай доляй скепсісу, то цяпер даволі актыўна прымаюць удзел у сходах. Пакуль у двары з'явіўся толькі інфармацыйны стэнд з паштовай скрыняй для збору ідэй, які злучаны з сімпатычнай лаўкай. На тое, каб з тэрыторыі зніклі машыны, а на іх месцы з'явіліся ўтульныя месцы адпачынку, па папярэдніх падліках сыдзе 8—10 гадоў. Але гэта менавіта той выпадак, калі важны не толькі вынік, але і працэс яго дасягнення: мясцовыя жыхары ўжо пачалі значна больш кантактаваць адно з адным, а на мінулы Новы год нават арганізавалі сумеснае свята.

Як у Дубаі і Сочы

У Мінску з'явяцца спяваючыя фантаны

Вялікае водна-лазернае шоу, прымеркаванае да Дня горада, адбылося ўчора. Аднак, як расказаў кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ, у наступным сезоне Мінск будзе здзіўляць прыгажосцю сваіх фантанаў і не толькі ў святочныя дні.

Высокі фантан з'явіцца ў новым жылым комплексе «Маяк Мінска». Акрамя таго, рэканструююцца некаторыя знакавыя водныя збудаванні: каля гарвыканкама, паблізу Палаца спорту і побач з Тэатрам оперы і балета. Пры мадэрнізацыі будзе прадугледжана магчымасць правядзення музычнага і светлавога шоў. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта без прыцягнення вялізных сродкаў, якія былі неабходны для арганізацыі відовішчных прадстаўленняў раней.

Цяпер таксама вядзецца работа над праектам уладкавання Мінскага замчышча. Першапачаткова ўзнікла ідэя будаўніцтва тут драўлянага псеўдагорада. Але з улікам апошніх тэндэнцый у будаўнічай палітыцы, у архітэктуры, нават аўтары праекта скептычна да гэтага ставяцца. Пакуль на замчышчы плануюць устанавіць памятныя знакі. Па словах Андрэя Шорца, гарадскія ўлады сабралі прапановы, што гэта можа быць. Ідэі ўжо ёсць — ад гіганцкага мяча да помніка Глебу Менскаму, які стаяў каля вытокаў станаўлення горада. Гісторыкі і скульптары пакуль у роздумах. Драўляным замчышча не будзе дакладна, каб не дысанаваць з астатнім ансамблем праспекта Пераможцаў. Аднак гаражан і турыстаў дакладна чакае нешта цікавае

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Патанцуем... пад фантаны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.