Вы тут

Чаго чакаць ад пашырэння БРІКС?


Днямі вектар глабальнай геапалітыкі зноў схіліўся ў бок Азіі. Калі быць больш дакладным, — да паўднёвакітайскага партовага горада Сямэнь, дзе прайшоў ІХ саміт БРІКС. Дэвіз глабальнага форуму гучаў аптымістычна: «Моцнае супрацоўніцтва дзеля светлай будучыні». На працягу дзесяцігоддзя БРІКС набраў насамрэч сусветную вагу і ўпэўнена рушыў наперад. Нядзіўна, што саміт у Сямэні выклікаў такую пільную ўвагу глабальнай супольнасці. Пакуль гэта аб'яднанне пяці краін з чатырох кантынентаў, аднак актыўна абмяркоўваецца далучэнне шэрагу новых уплывовых гульцоў. Дык у якім жа фармаце будзе надалей развівацца БРІКС?


У пошуках процівагі

БРІКС (англ. BRІСS — скарачэнне ад Brаzіl, Russіа, Іndіа, Сhіnа, Sоuth Аfrіса) — група з пяці краін, куды ўваходзяць Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Скарачэнне БРІК (BRІС) было ўпершыню прапанавана аналітыкам Джымам О'Нілам у лістападзе 2001 года ў аналітычнай запісцы банка Gоldmаn Sасhs, якая называлася «Цагліны для новай эканомікі». Спачатку ў адносінах да арганізацыі выкарыстоўвалася менавіта такая абрэвіятура. У сувязі з далучэннем ПАР 18 лютага 2011 года група пачала насіць назву BRІСS. Паслядоўнасць літар у абрэвіятуры вызначаецца не толькі мілагучнасцю, але і тым, што яна вельмі падобная на англійскае слова «brісks» — «цагліны» . Такім чынам выходзіць вельмі сімвалічна, паколькі гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў якасці абазначэння групы краін, за кошт росту якіх шмат у чым будзе забяспечвацца перспектыва сусветнай эканомікі.

З'яўленне БРІКС стала заканамерным вынікам працэсаў, якія адбываліся ў канцы ХХ стагоддзя, калі ЗША пачалі актыўна прэтэндаваць на лідзіруючую ролю практычна ва ўсіх сферах сусветнага развіцця. Вельмі неадназначным было і стаўленне Захаду да краін, якія развіваюцца. Шмат каму з апошніх адмовілі ў доступе да перадавых тэхналогій, некаторыя былі пастаўлены ў нявыгадныя эканамічныя ўмовы ў выніку навязаных гандлёвых дамоваў, што тармазіла іх далейшае развіццё. Паўстала аб'ектыўная неабходнасць стварэння калектыўнай процівагі Захаду і замацаванню гегемоніі ЗША.

Аб'яднанне фактычна было заснавана ў чэрвені 2006 года ў рамках Пецярбургскага эканамічнага форуму з удзелам міністраў эканомікі Бразіліі, Расіі, Індыі і Кітая. Апроч самітаў з удзелам лідараў краін, сустрэчы праходзяць на ўзроўні кіраўніцтва МЗС, міністэрстваў фінансаў і іншых ведамстваў. З верасня 2006 года пачалося наладжванне знешнепалітычных сувязяў: падчас 61-й сесіі ААН была праведзена сустрэча міністраў замежных спраў чатырох дзяржаў. Кіраўнікі краін упершыню сустрэліся 9 ліпеня 2008 года ў Таяка-Онсэн (Хакайда, Японія) у рамках 34-га саміту G8 і дамовіліся аб правядзенні поўнафарматнага саміту, які адбыўся ў Екацярынбургу 16 чэрвеня 2009-га.

Важкія «цагліны»

На долю краін, што ўваходзяць у БРІКС, прыпадае каля 30% тэрыторыі Зямлі (амаль 40 млн кв. кіламетраў), тут жывуць 42% насельніцтва планеты (каля 3 млрд чалавек) і ствараецца 22,3% сусветнага ВУП (16,4 трлн долараў). Бразілія, Расія, Індыя і Кітай вырабляюць каля 40% пшаніцы (звыш 260 млн тон), 50% свініны (больш за 50 млн тон), больш за 30% мяса птушкі (звыш 30 млн тон), 30% ялавічыны (каля 20 млн тон) ад агульнасусветнага паказчыка. У краінах БРІКС засяроджана 32% (звыш 0,5 млрд га) ворных зямель планеты. Як упэўнены аналітыкі, гэтыя дзяржавы валодаюць значным інтэграцыйным патэнцыялам, рэалізацыя якога дасць магчымасць больш эфектыўна ўплываць на глабальныя працэсы.

Кожная з краін-удзельніц мае сваю спецыфіку нацыянальнай гаспадарчай сістэмы. Выгаднае становішча ім забяспечвае наяўнасць як магутнай эканомікі, так і вялікай колькасці важных рэсурсаў. Спалучэнне патэнцыялу і магчымасцяў краін БРІКС, па ацэнцы экспертаў, у стане забяспечыць ім здольнасць супрацьстаяць крызісным працэсам у сусветнай эканоміцы. Што, дарэчы, яскрава праявілася ў крызісныя 2008—2009 гады, калі дзяржавам удалося адносна хутка аднавіць узровень валавага ўнутранага прадукту, які знізіўся. Як вядома, сусветны ВУП з 2000 па 2010 гады ўзрос амаль удвая, пры гэтым развітыя краіны павялічылі адпаведны паказчык толькі на 61%, а эканоміка краін БРІКС узрасла ў 4,2 раза.

Дзяржавы атрымалі пэўныя перавагі ў мадэрнізацыі і развіцці сваіх нацыянальных эканомік за кошт узаемадзеяння ў рамках гэтай інтэграванай структуры. Так, Індыя змагла істотна рэструктурызаваць сваю эканоміку і правесці прыватызацыю, мадэрнізаваць вытворчасць і атрымаць доступ да новых тэхналогій. Па аб'ёме ВУП гэтая дзяржава цяпер уваходзіць у лік вядучых краін свету. Кітай, нягледзячы на відавочныя поспехі ў развіцці нацыянальнай эканомікі, мае патрэбу ў пошуках новых рынкаў збыту і надзейных пастаўшчыкоў сыравіны. Яго ўдзел у аб'яднанні дазваляе вырашыць гэтыя задачы з улікам геаграфічнага становішча і наяўнасці прыродных рэсурсаў у іншых дзяржаў-удзельніц.     Для ПАР узаемадзеянне з краінамі БРІКС, паводле ацэнак экспертаў, станоўча адбілася на развіцці многіх сфер эканомікі, прыцягненні інвестыцый і дасягненні аптымальнага балансу ў структуры знешнеэканамічнай дзейнасці. Расія, якая валодае значнымі запасамі прыродных рэсурсаў і салідным навукова-тэхнічным патэнцыялам, з'яўляецца прывабнай для прытоку інвестыцый у розныя сектары эканомікі. Асабліва актуальным гэта становіцца цяпер, ва ўмовах вагання цэн на нафту і дзеючых з боку Захаду санкцый, якія дыктуюць неабходнасць дыверсіфікацыі эканомікі. Бразілія ж, у сілу збалансаванасці яе эканомікі з развітым машынабудаваннем і сельскай гаспадаркай, ажыццяўляючы ўзаемадзеянне з партнёрамі па БРІКС, па праве разлічвае на прыцягненне інвестыцый і новых тэхналогій. Такім чынам, відавочная эканамічная мэтазгоднасць удзелу для ўсіх гэтых краін.      Нездарма Канфэрэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) апублікавала даклад, паводле якога краіны аб'яднання ўваходзяць у топ-5 дзяржаў, якія транснацыянальныя карпарацыі лічаць найбольш прывабнымі месцамі для размяшчэння будучых замежных інвестыцый. Па прагнозах экспертаў, да 2050 года на долю «пяцёркі» будзе прыходзіцца ўжо больш за 40% сусветнага ВУП. Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў аб тым, што краіны аб'яднання дамагаюцца рэфармавання сусветнай фінансавай сістэмы. Канкрэтныя прыклады — стварэнне Новага банка развіцця і Пула ўмоўных валютных рэзерваў БРІКС з агульным капіталам у 200 млрд долараў. Гэтыя крокі рэальна спрыяюць мадэрнізацыі глабальнай архітэктуры кіравання.

«Закон джунгляў» не працуе

Ужо цяпер БРІКС займае ўнікальнае месца ў глабальнай эканоміцы. Гэта самы вялікі рынак у свеце. Шэраг аналітыкаў прагназуюць, што значныя памеры эканомік гэтых краін дазволяць ім трансфармаваць эканамічны рост у палітычны ўплыў. Гэта прывядзе да страты лідзіруючай пазіцыі сучаснай заходняй эканамічнай эліты і да пераходу на іншую мадэль эканамічнага кіравання. Як заўважаюць эксперты, БРІКС — гэта не толькі члены «пяцёркі», але і гістарычна звязаныя з імі краіны і народы, якія ўваходзяць у рэгіён. Яны фактычна прадстаўляюць не проста асобныя нацыі, а па сутнасці цывілізацыі. «Гэта дазваляе стварыць такую мадэль развіцця свету, якая магла б адказваць на выклікі новага стагоддзя і, напэўна, на дзесяцігоддзі і сотні гадоў наперад», — паведаміў «Российской газете» дырэктар Цэнтра азіяцкай стратэгіі Расіі Інстытута эканомікі РАН Георгій Таларая.

Кітай у пачатку года вуснамі свайго міністра замежных спраў Ван І прапанаваў вельмі цікавую канцэпцыю. Гэта БРІКС+, а потым БРІКС++. Яны прадугледжваюць удзел у рабоце аб'яднання тых краін, якія найбольш уплывовыя і павінны з часам стаць сталымі партнёрамі як падчас саміту, так і падчас пастаянных сектаральных кантактаў. Напрыклад, у Сямэнь апроч кіраўнікоў «пяцёркі» запрасілі таксама іх калег з Егіпта, Гвінеі, Мексікі, Таджыкістана і Тайланда. Даўно абмяркоўваецца ідэя аб тым, што БРІКС павінен мець пэўнае «кола сяброў» — шэраг краін, якія можна было б назваць «назіральнікамі», і больш шырокае кола тых, каго можна было б назваць «партнёрамі па дыялогу». Падобныя структуры ёсць і вакол ШАС, і вакол АСЕАН. Як заявіў у інтэрв'ю інфармагенцтву «Сіньхуа» галоўны эканаміст Еўразійскага банка развіцця Яраслаў Лісаволік, увогуле ў кола БРІКС+ уваходзіць больш за 35 дзяржаў. «У рамках гэтай ініцыятывы аб'яднанне не пашырае кола сваіх асноўных членаў, а стварае новыя платформы для ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні на кожным з кантынентаў, дзе члены БРІКС адыграюць вядучую ролю», — канстатаваў эксперт.

Саміт у Сямэні вызначыў перспектыву на наступную дзесяцігодку. За гэты час глабальна памяняецца эканоміка краін БРІКС. Яна будзе і «сіняй», і «зялёнай» адначасова. «Зялёная эканоміка» — гэта, напрыклад, альтэрнатыўная энергетыка і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, а «сіняя» — біятэхналогіі, марскі турызм, развіццё аквакультуры. «Сіняя эканоміка можа стаць драйверам росту глабальнай эканомікі», — падае gаzеtа.ru меркаванне кіраўніка расійскай часткі Дзелавога савета БРІКС Сяргея Катырына. БРІКС таксама збіраецца пераадольваць залежнасць ад долара. Паступова выцясняць амерыканскую валюту ва ўзаемаразліках паміж краінамі БРІКС і БРІКС+. У прынятай па выніках саміту дэкларацыі лідары краін адзначылі, што дамовіліся падтрымліваць «цесную сувязь у мэтах развіцця супрацоўніцтва ў валютнай сферы ў адпаведнасці з мандатам цэнтральных банкаў кожнай краіны, у тым ліку праз валютныя своп-аперацыі, разлікаў у нацыянальнай валюце і прамых інвестыцый у нацыянальнай валюце, калі гэта мэтазгодна, а таксама вывучыць іншыя мадальнасці супрацоўніцтва ў валютнай сферы». Гендырэктар расійскага Фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў лічыць, што краіны — члены БРІКС, гатовыя ісці далей, — абмяркоўвалася тэма стварэння крыптавалюты краін блока.

«Лічбавізацыя становіцца адным з лакаматываў глабальнага росту і адыгрывае значную ролю ў павышэнні прадукцыйнасці працы, якасці жыцця. Новыя тэхналагічныя рашэнні павінны дапамагчы выхаду на рынкі дзяржаў БРІКС не толькі буйных кампаній, але і малога і сярэдняга бізнесу», — адзначыў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, звяртаючыся да членаў Дзелавога савета арганізацыі. А ў якасці прыкладу развіцця асобнай гарадской тэрыторыі варта ўспомніць сталіцу сёлетняга саміту — Сямэнь. Цяпер яго валавы прадукт складае $56 млрд. Інвестыцыі ў гарадскую інфраструктуру выраслі летась на 14%. Аб'ём марскіх перавозак — 9,6 тысячы кантэйнераў (15-е месца ў свеце). Авіязносіны ўстаноўлены з 30 міжнароднымі авіяпортамі. Пры гэтым 40% тэрыторыі горада — паркі і сады.

«БРІКС перажывае ключавы этап у сваім развіцці. Мы бачым цяпер эвалюцыю светабудовы, перыяд глыбокіх перамен. «Закон джунгляў» ужо не працуе і не адпавядае логіцы часу», — заўважыў на завяршэнні саміту старшыня КНР Сі Цзіньпін. Адметна, што свет стаў больш ураўнаважаным, і расклад сіл у глабальным маштабе вызначае ўжо не адзін, а некалькі цэнтраў уплыву. Гэта галоўнае.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Пяцёрка» з плюсам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.