Вы тут

«З нецярпеннем чакаю, калі «Звязда» з'явіцца ў паштовай скрыні»


Анатоль ВЯЛІЧКА, краязнавец, настаўнік гісторыі з Любані:

«Мы з жонкай і душой і сэрцам знітаваныя са «Звяздою». Выпісваем газету ўжо шмат гадоў. Па-першае, таму што яна на матчынай мове. Па-другое, гэта дарадца і гістарычны сведка падзей. Тут можна прачытаць пра славутых людзей нашага краю. У тым ліку пра тых, хто стаяў ля вытокаў беларускасці. Мне вельмі падабаюцца матэрыялы пад рубрыкай «Падарожжа праз 100-годдзе». Чытаю аб чым пісала «Звязда» і настальгую. Паколькі я служыў у беларускай ваеннай акрузе, з задавальненнем праглядаю праект «Плацдарм». Прыемна, што маю магчымасць даведацца са старонак любімай газеты, чым сёння жыве наша армія. Вельмі цікавай была рубрыка «Простыя рэчы». Я выразаў усе нататкі — і пра ходнікі, і пра дрот, і пра капялюш, і пра бульбу, і пра сала, і пра каўбасы... Цэлы альбом атрымаўся. Часам дастаю і перачытваю, унукам расказваю... З цікаўнасцю разгадваю крыжаванкі, якія прымушаюць паразважаць. І для дома вельмі шмат парад, і пра здароўе чытаю.

«Звязда» — гэта сапраўдны жыццёвы альманах, летапіс нашай радзімы. Ды і прыходзіць амаль кожны дзень, за выключэннем выхадных. З нецярпеннем чакаю, калі яна з'явіцца ў паштовай скрыні. А нядаўна ў «Сямейнай газеце» пад рубрыкай «Фотаздымак з гісторыяй» выйшла мая нататка пра сям'ю Мігун з вёскі Дварэц. Дык для мясцовых жыхароў гэта была цэлая падзея, чыталі, абмяркоўвалі.

У свой час я прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемства з нагоды адкрыцця ў вёсцы Дварэц памятнай дошкі на хаце Марфы Мігун, дзе ў гады вайны падпольна друкавалася «Звязда». Пасля гэтага знітаваўся з газетай душой і сэрцам.

Сам жыву цяпер у Любані. Але, як толькі ёсць вольная хвілінка, еду ў любімы Дварэц. Мая Кацярына Данілаўна (жонка. — Аўт.) родам з гэтай вёскі. Яна таксама з захапленнем чытае «Звязду». Часам мяне просяць правесці экскурсіі турыстам, расказаць ім пра Дварэц, востраў Зыслаў... Нядаўна дзетак з Расіі, яны тут на Любаншчыне адпачывалі, вадзіў па тых мясцінах, дзе друкавалася ў гады вайны «Звязда».

Пазнаёміўся я са Звяздой», як пачаў працаваць у саўгасе «Гарадзяцічы» сакратаром партыйнай арганізацыі. Выпісваў родную газету на роднай мове, тым самым паказваў прыклад іншым. Памятаю, мы ўсім перадавікам гаспадаркі разам з граматай дарылі падпіску на «Звязду», на цэлы год. Людзі былі задаволеныя. Добра, каб і сучасныя ідэолагі ды кіраўнікі арганізацый перанялі гэтую добрую традыцыю».

Занатавала Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?