Вы тут

Лукашэнка патрабуе якаснага абслугоўвання сельскага насельніцтва


Яшчэ падчас пятага Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка агучыў ідэю падтрымкі сельскіх населеных пунктаў. Сутнасць у тым, каб узровень жыцця ў вёсцы нічым не саступаў гарадскому. Ад тэорыі мы пераходзім да практыкі. Учора Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з бізнесменам Паўлам Тапузідзісам, старшынёй Савета дырэктараў кампаніі «Тытунь-інвест», падчас якой абмяркоўвалі пытанні комплекснага гандлёвага абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў.


Яшчэ раней кіраўнік дзяржавы адзначаў, што вёскі — нават зусім маленькія — можна адрадзіць. Асабліва калі бізнесмены, уплывовыя дзяржаўныя асобы не будуць забываць пра свае карані.

— У мяне няма прывычкі пра нешта для сябе прасіць, ніводны бізнесмен пра гэта не скажа, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку размовы. — Тым не менш я падумаў пра тое, што ўсё-такі гэта не на страту будзе, калі мы рэалізуем той праект, пра які некалі дамаўляліся. Для мяне гэта вельмі важны праект у сферы гандлёвага абслугоўвання нашага насельніцтва, асабліва сельскага.

Жыхары вёскі робяць вялікі ўнёсак у развіццё эканомікі краіны, забяспечанне яе харчовай бяспекі. Але самі аказваюцца ў менш выгадным, у параўнанні з гараджанамі, становішчы ў плане зручнасці набыцця пэўных тавараў.

— Несправядліва, — упэўнены кіраўнік краіны. — Разумею, што там лагістыка, яшчэ нешта, і, натуральна, патрэбна канкурэнцыя. Не скажу, што нам патрэбна замена белкаапсаюзаўскаму гандлю, не. Патрэбна канкурэнцыя, каб мы бачылі рэальную карціну.

Звяртаючыся да Паўла Тапузідзіса, Прэзідэнт нагадаў, што папрасіў яго спланаваць у адным з раёнаў Беларусі вось такую сетку абслугоўвання.
У адказ было паабяцана, што гэта будзе па цэнах ніжэйшых, чым існуючыя.

— Ужо ёсць аграгарадкі, яны стабільныя і пастаянныя, яны назаўсёды — не думаю, што нехта гэту сістэму зламае. Зразумела, што і ў раённым цэнтры павінен быць годны гандлёвы цэнтр, які будзе размеркавальным цэнтрам па ўсім раёне. У аграгарадках павінны быць меншыя магазіны, але прыстойныя. Там людзі павінны купіць усё, што іх цікавіць. Гэта значыць, тавар, які ёсць у Мінску, павінен быць даступны і для нашых вяскоўцаў.

Пасля раённых цэнтраў і аграгарадкоў ёсць яшчэ трэці «ўзровень» — гэта вялікія вёскі, якія былі калісьці цэнтрамі калгасаў, саўгасаў.

— Яны застануцца, — падкрэсліў Прэзідэнт, — і там ёсць магазіны — ва ўсіх. Іх трэба або прывесці ў парадак, або пабудаваць просценькі магазінчык. І яшчэ адзін узровень — чацвёрты — гэта маленькія вёсачкі, іх калісьці называлі неперспектыўнымі. Я зараз агітую вас, бізнесменаў, каб вы прыехалі ў сваю вёсачку і неяк яе адрадзілі. Мне казалі, што каля тысячы такіх бізнесменаў, якія хочуць адрадзіць гэта сваё «радавое гняздо».

Такім чынам, прасочваецца і выбудоўваецца выразная сістэма абслугоўвання насельніцтва.

— Пачнём з гандлю, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Упэўнены, што пасля з'явіцца жаданне ў бізнесменаў у гэтай сістэме рэалізоўваць нейкія іншыя паслугі аж да паштовых, банкаўскіх і гэтак далей. Можа, новыя нейкія віды з'явяцца. Можа, нейкія рэчы, што датычацца бытавога абслугоўвання. Але на паверхні ляжыць гандлёвае абслугоўванне. Гэты блок пытанняў я не проста хацеў бы з табой абмеркаваць, а хацеў бы, каб ты годна рэалізаваў — без усялякіх празмернасцяў, бо ты як прыватнік свае грошы траціць упустую не будзеш і не павінен.

Пакуль плануецца стварыць такую сетку ў адным з раёнаў, пазней адпаведная практыка будзе перанесена на ўсю краіну.

У тэму

Павел Тапузідзіс, старшыня Савета дырэктараў кампаніі «Тытунь-інвест», расказаў пра асаблівасці абмеркаванага з кіраўніком краіны праекта:

— Мэта такога праекта, як і сказаў Прэзідэнт, — давесці да жыхароў вёскі па магчымасці тыя ж самыя паслугі і іх узровень, што ёсць у горадзе. Задача заключаецца не ў тым, каб замяніць адну назву структуры на іншую, а прыўнесці ў гэту замену новы ўзровень абслугоўвання, большы асартымент у магазіны і змяніць сам падыход да таго, што ў вёсцы павінна быць, дапусцім, па наменклатурным спісе толькі 300 найменняў тавараў. Гэта няправільна.

Змяніць такую сітуацыю, на думку бізнесмена, цалкам магчыма:

— Праект прадугледжвае будаўніцтва вялікага супермаркета — яно ўжо ідзе — у горадзе Шклове. Яго плошча — прыкладна тры тысячы квадратных метраў. А таксама будаўніцтва або замена тых магазінаў, што ёсць — каля 13 — у аграгарадках. Галаўны магазін у горадзе Шклове будзе гатовы летам 2018 года.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Гандлёвая сістэма ў вёсках удасканаліцца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.