Вы тут

Чаму мядзведзі выходзяць «у людзі»?


Спецыялісты сцвярджаюць, што анамальныя паводзіны жывёл абумоўлены недахопам натуральнага корму.

Мядзведзь разбурыў гаспадарскі пчальнік, невядомы кіроўца насмерць збіў касалапага — такімі загалоўкамі стракацелі стужкі навін. Мы спыталі ў спецыялістаў, з чым звязаны візіты мядзведзяў у населеныя пункты, як сябе паводзіць чалавеку пры сустрэчы з царом лесу, і якія нормы закону дзейнічаюць у выпадку ДТЗ з удзелам жывёлы.


Звяры шукаюць ежу

«Па-першае, мядзведзі не ходзяць  дзясяткамі, звычайна яны вядуць адасоблены лад жыцця, і толькі самкі ходзяць з медзведзянятамі. У перыяд спарвання могуць збірацца групы па 3–5 асобін, — кажа навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Ірына Салавей. — Па-другое, інфармацыю пра тое, што мядзведзі прыйшлі з тэрыторыі Расіі, таксама нельга назваць дакладнай, паколькі прасачыць гэта можна, напрыклад, па слядах або з дапамогай радыёашыйніка».

Па словах эксперта, цяпер у мядзведзяў перыяд назапашвання тлушчу, відавочна, ім бракуе корму. Сёлета з-за капрызаў надвор’я мала ягад, ды і яблыкі не ўсюды ўрадзілі. Мядзведзі могуць здабываць сабе на пракорм любых капытных, але гэта ў большай меры энергазатратна, чым паяданне лёгкадаступных раслінных кармоў.

«Што да візіту на пчальнік, то гэта звычайныя паводзіны для бурых мядзведзяў. Яны вельмі любяць мёд, адчуваюць яго на вялікай адлегласці, — працягвае Ірына Салавей. — Як вы заўважылі, толькі ў адным рэгіёне мядзведзі з'явіліся ў населеных пунктах. Трэба шукаць прычыны. Магу выказаць здагадку, што, магчыма, там высеклі нейкую дзялянку лесу ці бабры падтапілі тэрыторыю, якую насялялі мядзведзі. Пакуль у нас няма праекта па вывучэнні анамальных паводзін мядзведзяў».

Убачыў мішку — не ўцякай

«Мядзведзь — досыць палахлівая жывёла і сам праяўляць агрэсію ў адносінах да чалавека не будзе, — супакоіў вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Рыгор Янута. — Небяспека можа быць толькі ў момант раптоўнага сутыкнення з чалавекам.

Калі ж давялося ўбачыць мядзведзя на невялікай ад сябе адлегласці, можна адпужваць жывёлу гучнымі гукамі і ціхенька адыходзіць. Катэгарычна нельга ўцякаць! У шматлікіх жывёл, у тым ліку мядзведзя, закладзена на ўзроўні інстынкту: калі нейкая асобіна ўцякае, значыць, яна слабейшая і можна пачынаць паляванне».

Як варыянт хованкі ад мядзведзяў, Рыгор Янута раіць забрацца на дрэва на вышыню 2,5 метра — сталыя мядзведзі не могуць лазіць па дрэвах.

Спецыяліст адзначае, што на гаспадарскім пчальніку мядзведзь і сам будзе паводзіць сябе з асцярожнасцю, ён разумее, што ўварваўся ва ўладанні чалавека.

У Беларусі, па звестках НПЦ па біярэсурсах, прыкладна 120 асобін мядзведзяў, у асноўным яны лакалізавана насяляюць Віцебскую вобласць. Рыгор Янута расказаў, што калі ён з калегамі вывучаў паводзіны мядзведзяў, спецыялістам у якасці абароны ад жывёл выдалі фальшфееры, аднак скарыстацца імі не прыйшлося, таму сказаць пэўна, ці баяцца мядзведзі агню, немагчыма.

У той жа Віцебскай вобласці адміністрацыя базы адпачынку скардзілася, што мішка панадзіўся з рэвізіяй да кантэйнернай пляцоўкі. Як толькі харчовыя адходы прыбралі з даступнага месца, мядзведзь страціў цікавасць да візітаў на базу адпачынку.

Жывёлы не ведаюць правілаў дарожнага руху

Нагадаем, што 28 жніўня супрацоўнікі Бялыніцкай ДАІ на трасе Мінск—Магілёў знайшлі збітага насмерць сталага мядзведзя. Кіроўца з месца ДТЗ уцёк, і пакуль яго асоба не ўстаноўлена.

Начальнік АДАІ Бялыніцкага РАУС Максім Кундалёў расказаў, які алгарытм дзеянняў кіроўцы ў выпадку сутыкнення аўтамабіля з жывёлай:

«Першае правіла пры здзяйсненні ДПЗ: не пакідаць месца здарэння, неадкладна паведаміць пра яго ў органы ўнутраных спраў па тэлефоне 102. Па магчымасці запісаць нумары тэлефонаў, прозвішчы сведак. Мы прыязджаем на месца ДТЗ, афармляем адпаведныя дакументы, апытваем кіроўцу і, калі ёсць, — сведак.

Зыходзячы з практыкі, магу сказаць, што часцей за ўсё пры разглядзе ДТЗ з удзелам жывёлы высвятляецца, што звер раптоўна выйшаў на праезную частку, і кіроўца не меў магчымасці прадухіліць сутыкненне».

Што да кіроўцы, які збіў мядзведзя, то нельга выключаць, што ў факце самога наезду не будзе складу злачынства, а вось за ўцёк з месца ДТЗ прыйдзецца адказаць.

Як расказаў Максім Кундалёў, па ДТЗ з удзелам жывёл дзяржінспектары працуюць у цесным кантакце з супрацоўнікамі лясгасаў. Траўміраваных жывёл перадаюць спецыялістам лясгасаў для аказання дапамогі.

З пачатку года ў Бялыніцкім раёне адбылося 17 ДТЗ з удзелам жывёл. Супрацоўнікі ДАІ рэкамендуюць дарожнай службе ўсталяваць дадатковую агароджу, а лясгасу — кантраляваць міграцыю дзікіх жывёл.

Браканьеры без стрэльбы

Як растлумачылі ў прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, у лістападзе 2014 года набыў сілу арт. 282, заўв.1 Крымінальнага кодэкса — незаконнае перамяшчэнне (транспартаванне) ці разбіранне туш дзікіх жывёл. Артыкул КК датычыцца не толькі браканьераў, але і кіроўцаў, якія, самі збіўшы жывёлу ці падабраўшы тушу на дарозе, хаваюць яе ў багажнік машыны. Пакаранне за незаконнае транспартаванне ці разробліванне дзікіх жывёл прадугледжана ад штрафу, ці выпраўленчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Пры прызначэнні пакарання ўлічваюцца такія нюансы, як паўторнасць парушэння, прыналежнасць жывёлы да ахоўных відаў, здзяйсненне злачынства на асоба ахоўных ці радыеактыўна забруджаных тэрыторыях. Акрамя таго, суд нярэдка прымае рашэнне пра канфіскацыю ў даход дзяржавы аўтамабіля, як сродку здзяйснення злачынства.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Фота Дзяніса Іўковіча, Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».