Вы тут

Чаму Беларусі цікавая Індыя?


Некалькі важных фактаў пра краіну дазваляюць вычарпальна адказаць на гэтае пытанне.


Па-першае, гэта другая па колькасці насельніцтва краіна на планеце, што само па сабе сведчыць пра патэнцыял уплыву на сусветныя пытанні і магчымасці для беларускіх экспарцёраў. У цяперашні момант Індыя адстае ад Кітая на 80 мільёнаў жыхароў. Але, улічваючы высокі ўзровень нараджальнасці ў Індыі і тое, што ў Кітаі ён ужо практычна невысокі — па азіяцкіх мерках, — усё больш збліжаецца з еўрапейскім, у наступныя пяць—сем гадоў прагназуецца выхад Індыі на першае месца ў свеце па гэтым паказчыку.

Па-другое, па тэрыторыі Індыя знаходзіцца на сёмым месцы ў свеце, і гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў самым хуткарослым рэгіёне свету па эканоміцы — Азіі. Па ўсіх прагнозах, Азія ўпэўнена становіцца цэнтрам сусветнай эканомікі ў наступныя дзесяцігоддзі.

Па-трэцяе, менталітэт насельніцтва Індыі і беларусаў на дзіва падобны, нягледзячы на велізарную адлегласць паміж краінамі. Такія рысы, як талерантнасць, гасціннасць, памяркоўнасць да прадстаўнікоў іншых рас і рэлігій, адсутнасць культу сквапнасці і грошай, адзначаюць замежнікі, кажучы як пра жыхароў Беларусі, так і Індыі.

Па-чацвёртае, у апошнія гады Індыя паскорыла сваё эканамічнае развіццё пасля прыходу да ўлады новага прэм'ер-міністра Нарэндры Модзі. На думку кансалтынгавай фірмы PwC, да 2040 года Індыя апярэдзіць ЗША па аб'ёме ВУП і выйдзе на другое месца пасля Кітая. Чакаецца, што эканоміка Індыі стане расці на 4,9% у год з 2016 па 2050 гг. Гэтаму спрыяе актыўна праяўленае пасля прыходу Модзі да ўлады жаданне вучыцца ў Кітая мерам па прыцягненні замежных інвестыцый, развіццю прамысловасці і барацьбе з карупцыяй.

Па-пятае, з-за высокага ўзроўню нараджальнасці краіна маладая, больш як палова насельніцтва маладзейшыя за трыццаць гадоў, што відавочна адлюстроўвае магчымыя перспектывы развіцця Індыі.

Па-шостае, з-за вышэйзгаданых паказчыкаў па памерах насельніцтва і тэрыторыі прадстаўнікі Індыі прысутнічаюць у вялікай колькасці ва ўсіх міжнародных арганізацыях, важных для Беларусі, і нашай краіне трэба падтрымліваць з ёй цёплыя адносіны.

Па-сёмае, шэраг галін эканомікі Індыі выйшаў на сусветны ўзровень, маючы тэхналогіі і патэнцыял, відавочна цікавыя для мадэрнізацыі Беларусі. Космас, фармацэўтыка і інфармацыйныя тэхналогіі, добра развітыя ў Індыі, важныя і для перспектыў трансфармацыі Беларусі па жаданым узоры.

У сваю чаргу, Беларусь у Індыі ведаюць як еўрапейскую краіну, якая з'яўлялася часткай былога СССР, з якім у Індыі былі нармальныя рабочыя адносіны ў міжнародных арганізацыях. Хоць фармальна Індыя не далучалася да розных альянсаў з СССР, знешняя палітыка краіны па многіх напрамках была сугучная савецкай, у прыватнасці па падтрымцы дэкаланізацыі і барацьбе за мірныя метады ажыццяўлення знешняй палітыкі. Прамысловыя тавары з Беларусі паступалі на індыйскі рынак, што робіць яго больш знаёмым для беларускіх вытворцаў.

Трэба адзначыць, што ў апошнія гады цікавасць да Беларусі значна ўзрасла ў сувязі з тым, што быў створаны Еўразійскі эканамічны саюз. Беларусь як частка агульнай эканамічнай прасторы з Расіяй, Казахстанам, Арменіяй і Кыргызстанам выглядае прывабна. На парадку дня заключэнне пагаднення аб зоне свабоднага гандлю (ЗСГ) паміж ЕАЭС і Індыяй. На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме 3 чэрвеня 2017 года адбылося падпісанне сумеснай заявы аб пачатку перагавораў па заключэнні гэтага пагаднення. Неабходна разумець, што перагаворы будуць весціся дастаткова доўга, але сам факт іх пачатку рэзка павысіў цікавасць да Беларусі з боку індыйскага бізнесу, чым неабходна скарыстацца.

Якія магчымасці адкрыюцца для беларускіх экспарцёраў пасля яго падпісання? У 2016 годзе скончыла работу сумесная група ЕАЭС і індыйскага ўрада, якая праводзіла даследаванне аб мэтазгоднасці заключэння пагаднення аб ЗСГ. Праведзены аналіз прадэманстраваў, што ўзаемная лібералізацыя гандлёвага рэжыму прывядзе да росту ВУП усіх краін ЕАЭС і Індыі ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве. Па экспертных ацэнках, пры пераходзе на рэжым свабоднага гандлю таваразварот можа вырасці да 30—40% ад бягучага ўзроўню ў залежнасці ад глыбіні тарыфнай лібералізацыі, якая будзе дасягнутая па выніках перагавораў. Чакаецца значнае павелічэнне экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі з краін ЕАЭС у Індыю, чым павінна скарыстацца і Беларусь, якая імкнецца дыверсіфікаваць свой харчовы экспарт. Адкрыюцца і новыя магчымасці па пастаўках на індыйскі рынак тавараў прамысловай групы, у прыватнасці ўгнаенняў, машын і абсталявання, транспартных сродкаў, некаторых відаў турбарэактыўных рухавікоў, солі, вырабаў са сталі, драўніны, хімікатаў, гумы, пластмасы. Відавочна, што беларуская эканоміка будзе здольная нарасціць экспарт па многіх з гэтых пазіцый, выкарыстоўваючы існуючы патэнцыял.

Можна чакаць, што візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Індыю з вялікай дэлегацыяй, правядзенне напярэдадні маштабнага бізнес-форуму, вынік якога — падпісанне дзясяткаў кантрактаў, яшчэ больш павялічаць цікавасць да Беларусі з боку ўрадавых структур і бізнесу гэтай краіны.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Індыйскія гарызонты

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.