Вы тут

Пакуль не хапае канцэнтрацыі


Дэпутат, які мае самае прамое дачыненне да спорту, ацаніў гатоўнасць да Еўрагульняў-2019.

Два гады — гэта не так шмат, як можа падацца на першы погляд. Прыкладна столькі засталося да прыняцця Беларуссю другіх Еўрапейскіх гульняў. Наколькі Мінск і беларускія спартсмены гатовыя да гэтай падзеі, са «Звяздой» падзяліўся меркаваннямі Вадзім Дзевятоўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі».


— На вашу думку, што трэба зрабіць, каб нашы спартсмены паказвалі лепшыя вынікі?

— Як прафесійны спартсмен, дакладна ведаю, што няма лепшага рэцэпта, чым праца. Няхай гэта прагучыць банальна, але гэта дзейсна. І наколькі аддаюцца спартсмены сваёй справе, наколькі імкнуцца да перамогі, настолькі яны і будуць паспяховымі.

Абвінаваціць лёгкаатлетаў у тым, што яны недапрацоўваюць, я не магу. Так, у Лондане мы не заваявалі медалёў, за што падвергліся справядлівай крытыцы. У сацыяльных сетках я ўжо папрасіў за гэта прабачэння. Бо ў нас сапраўды былі атлеты, у якіх верылі, якія рэальна маглі атрымаць медалі, але не зрабілі гэтага. Сказаць, што яны не працавалі, — значыць схлусіць. Бо праз тыдзень-паўтара на Сусветнай універсіядзе беларускія атлеты ўсё ж такі паказалі вынікі на ўзроўні медалёў чэмпіянату свету.

Адным словам — атлеты гатовыя. Іншае пытанне, што ў пэўны момант павінен сысціся шэраг умоў для поспеху: добрая форма, псіхалагічны і фізічны стан. Гэта падчас марафону можна скарэктаваць штосьці, бо бег адбываецца не адну хвіліну. А калі гэта кіданне молата ці скачок з шастом, увесь працэс займае якраз дзясятак секундаў. Магчыма, канцэнтрацыя ўсіх сваіх магчымасцяў у пэўны момант — адзінае, што пакуль у нас недастаткова рэалізоўваецца. Але гэта пытанне ўжо не толькі да спартсменаў, але і да трэнераў ды навукоўцаў.

Наш галоўны экзамен — гэта Алімпійскія гульні ў Токіа ў 2020 годзе. Але спартсмены павінны добра сябе паказаць і на дамашніх буйных спаборніцтвах, такіх як Еўрапейскія гульні — 2019, каб дастойна прадставіць сваю краіну.

— Як думаеце, дадатковыя фінансавыя ўліванні могуць паўплываць на колькасць атрыманых медалёў?

— Не ўсё ў грашах вымяраецца. Я калісьці трэніраваўся ў падвале, у гаражы. У мяне былі зборы, грошы на тое, каб на іх пабываць, дзяржава выдзяляла. Але гэта не галоўнае, бо для трэніровак нічога асаблівага з боку не патрабавалася. Справа ў матывацыі.

Калі б зараз лёгкай атлетыцы дадаткова далі грошы, мы б іх скіравалі ў тыя галіны, дзе яшчэ належыць узмацніцца. Але і таго, што ёсць цяпер, нам хапае.

— Як увогуле можаце ацаніць гатоўнасць інфраструктуры да прыняцця гульняў?

— Яна ў добрым стане, бо без гэтага нам бы ніхто не даверыў правядзенне Еўрагульняў. Напрыклад, ужо збудавана Мінск-Арэна. Зараз яна выглядае так, нібы толькі здадзена, — зусім як новая. Бо зроблена якасна, прыгожа, функцыянальна, сучасна. І такіх аб'ектаў у сталіцы нямала.

— Якім чынам прыняцце буйных спартыўных спаборніцтваў уплывае на пазнаванне краіны ў свеце?

— Вядома, што станоўча. У мяне ёсць цудоўны прыклад. Мы калі выдавалі нумары ўдзельнікам Мінскага паўмарафону, падлічылі, што замежнікаў прыехала каля 1000 чалавек — больш чым з 50 краін. Людзі прыязджаюць не толькі са спартыўнай нагоды, але і паглядзець краіну. Уражаннямі аб культуры, прыродзе, людзях пасля дзеляцца са знаёмымі. Так было і падчас Чэмпіянату свету па хакеі: пра нас нарэшце даведалася шырокае кола замежнікаў. Турысты прыязджаюць да нас па адпачынак, а з'язджаюць з Беларусі з іншым бачаннем яе. Часцей за ўсё ад замежнікаў чую такія водгукі пра нас: чыстая краіна, ветлівыя людзі, высокі ўзровень бяспекі і камфортнасці, даступныя кошты.

Еўрагульні — гэта магчымасць і для саміх беларусаў змяніць у лепшы бок стаўленне да Радзімы. Мяркую, калі ў нашых людзей з'явіцца магчымасць пабачыць ужывую Аліну Талай, Івана Ціхана, Марыну Арзамасаву, Таццяну Халадовіч, гэта мусіць выклікаць гонар за землякоў і краіну ў цэлым.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіzda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.