Вы тут

Скандынаўская “краіна на ўсходзе”


Чым падобныя Фінляндыя і Беларусь? Можна знайсці шмат цікавых момантаў! Напрыклад — наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў. Яшчэ адзін факт: Беларусь са шматлікімі азёрамі (каля 11 тысяч) і рэкамі (20,8 тысячы) клічуць сінявокай. Але ж Фінляндыя не саступае: мае каля 188 тысяч азёраў — помнікаў ледавіковага перыяду!


 Каб беларусы маглі больш даведацца пра Фінляндыю, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Гісторыя Фінляндыі». Аўтар мастацкагістарычнага нарыса, перакладзенага на беларускую мову спадарыняй Вольгай Рызмаковай, — фінскі гісторык Хенрык Мейнандэр. Праект падтрымалі Міністэрства замежных спраў Фінляндыі ды FILI (Finish Literature Exchange).

Хенрык Мейнандэр — прафесар Хельсінкскага ўніверсітэта, віцэ-дэкан факультэта мастацтваў. Піша на шведскай мове. Ідэя стварыць такую манаграфію ў аўтара ўзнікла яшчэ на пачатку новага тысячагоддзя. На сёння «Гісторыя Фінляндыі» перакладзена больш як на дзесяць моў.

Найбольш старажытныя пісьмовыя звесткі пра фінаў сустракаюцца ў географа Піфея, а дакладней — у яго апісаннях да берагоў Балтыйскага мора (4 ст. да н.э.). Краіна развівалася не так актыўна, як іншыя рэгіёны Еўропы, бо клімат і прырода былі вельмі суровымі. Паступова колькасць насельніцтва павялічвалася, распаўсюджвалася жывёлагадоўля, земляробства, адбылося расслаенне грамадства.

Узнікненне шведскай дзяржавы ў ХІV ст. абумовіла ўзмацненне барацьбы за палітычны і эканамічны кантроль над узбярэжжам Фінскага заліва. Калі стабілізавалася палітычная абстаноўка, жыхары перанаселеных абласцей Швецыі пачалі сяліцца ў раёнах Эстэрботніі. Так паступова пачала пашырацца шведская мова (мова ўлады). Усходнюю частку каралеўства ў 1419-м пачалі называць Остэрландыяй (Фінляндыяй) — што значыць «краіна на ўсходзе».

Пасля смерці Бу Ёнсана (найбуйнейшага землеўладальніка і фактычнага кіраўніка краіны) Скандынавія вырашыла аб’яднацца ў барацьбе супраць немцаў. Таму была падпісана Кальмарская унія трох скандынаўскіх каралеўстваў — Швецыі, Даніі ды Нарвегіі (1397 — 1521). Але каралі не здолелі стварыць цэнтралізаваную дзяржаву, бо кожная краіна мела свае інтэрэсы.

У 1517 годзе нямецкі манах Марцін Лютэр выступіў з крытыкай папскай улады і вучыў, што кожны хрысціянін павінен сам чытаць Біблію. Гэта прадугледжвала пашырэнне пісьменнасці і развіццё адукацыі. Рэфарматарам, асветнікам і перакладчыкам Бібліі (1548) у Фінляндыі стаў Мікаэль Агркола. Сваёй працай ён заклаў асновы пісьмовай фінскай мовы.

Эпоха шведскага вялікадзяржаўніцтва ў гісторыі Фінляндыі — перыяд паміж дзвюма мірнымі дамовамі — Сталбоўскаю (1617) і Ніштацкаю (1721). За гэты час адбылося шмат войн, была праведзена новая дзяржаўная мяжа, якая падзяліла Фінляндыю на дзве часткі. Заходняя Фінляндыя апынулася пад шведскай уладай, а Карэлія была далучана да Расіі і стала Выбаргскай губерняй. Фінляндыя некаторы час лічылася «шэрай» ваеннай зонай, а потым пераўтварылася ў дынамічны фарпост на ўсходняй мяжы.

Магчыма, самымі цікавымі для беларускага чытача будуць старонкі, прысвечаныя ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці ў першай палове ХІХ стагоддзя. У гэты час Фінляндыі было патрэбна стварэнне нацыянальнага мінулага. Гісторыку Адольфу Арвідсану прыпісваецца наступны лозунг: «Мы больш не шведы, рускімі станавіцца не хочам, дык давайце будзем фінамі». Пачалося вывучэнне граматыкі фінскай мовы, у 1826 г. святар Густаў Рэнваль выдаў вялікі фінска-лацінска-нямецкі слоўнік, які да канца ХІХ ст. заставаўся нарматыўным для пісьмовай фінскай мовы. У адрозненне ад Беларусі, адукаваныя людзі пераважна валодалі (і карысталіся!) мовай народа, бо часта былі выхадцамі з фінскамоўных абласцей або самі былі фінскага паходжання.

Пасля паразы Расіі ў Крымскай вайне ў Фінляндыі пачала фарміравацца грамадзянская супольнасць, быў адноўлены сойм, з’явіліся палітычныя партыі (вядома, з дазволу імператара). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі фінскі Сенат абвясціў незалежнасць краіны. Пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне ў Фінляндыі ўсталявалася рэспубліканская форма праўлення, якая заставалася нязменнай да пачатку ХХІ стагоддзя.

У 1990-я гг. Фінляндыя стала членам Еўрасаюза, пачала супрацоўнічаць з НАТА, прайшла стадыі ад глыбокага крызісу да хуткага прыросту, а потым да эканамічнай рэцэсіі (згадаем толькі гісторыю росту і падзення канцэрна «Nokia»).

Нарыс Хенрыка Мейнандэра — магчымасць паглядзець на вядомыя гістарычныя падзеі вачыма паўночнага суседа. У кнізе ў нязвыклым ракурсе апісваецца Рэфармацыя, Паўночная вайна (1700 — 1721), Савецка-фінляндская вайна (1939 — 1940). Хенрык Мейнандэр лічыў сваёй галоўнай мэтай прадэманстраваць, як адбывалася развіццё Фінляндыі: ад неад’емнай часткі Шведскага каралеўства і аўтаномнага княства Расійскай імперыі да асобнай нацыянальнай дзяржавы.

Пра работу над «Гісторыяй Фінляндыі» распавядае перакладчыца Вольга Рызмакова, каардынатар праектаў аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Беларусі.

— У юбілейны для Фінляндыі год — святкаванне 100-годдзя незалежнасці Фінляндыі — усе фінскія дыпламатычныя місіі стараюцца ажыццявіць як мага болей цікавых праектаў. Адным з такіх праектаў стаўся пераклад «Гісторыі Фінляндыі» Хенрыка Мейнандэра. Паколькі фінансавання на гэты праект не вылучалася, было відавочным, што знайсці перакладчыка не атрымаецца. Аднак мне было шкада, што з такім выдатным гістарычным матэрыялам не змогуць азнаёміцца ў Беларусі.

Я вырашыла ўзяцца за пераклад па-за межамі працоўнага часу. Было цікава зноў вярнуцца да перакладчыцкай дзейнасці (раней шмат займалася перакладам мастацкай літаратуры са шведскай мовы). Таксама хацелася атрымаць больш грунтоўныя веды па гісторыі Фінляндыі. Каб перакласці кнігу, спатрэбілася каля васьмі месяцаў.

Несумненны плюс працы спадара Мейнандэра ў тым, што яго кніга разлічана ў першую чаргу не на прафесіяналаў, а на простых чытачоў, якія цікавяцца краінай. У «Гісторыі Фінляндыі» Хенрык Мейнандэр прасочвае развіццё Фінляндыі ад паганскай культуры на ўскрайку Еўропы да аднаго з вядучых сусветных IT-грамадстваў. Прычым гісторыя паказваецца ў кантэксце Балтыйскага рэгіёна і Еўропы ў цэлым, што дазваляе чытачу сфарміраваць цэласнае разуменне тых гістарычных працэсаў, якія мелі месца ў Фінляндыі.

Сяліна ЧАРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».