Вы тут

Палон старажытнага


У Алены Кісель мяне болей прывабліваюць раманы: нязмушанасцю выкладу, аўтарскай дасціпнасцю, праявамі высокага інтэлекту. Але гэтым разам прапаноўваю «пагартаць» апавяданне «Когда карает Господь» (з кнігі «Аид. Любимец судьбы. Судьба за плечами. Фэнтези. С-Петербург: ООО «Написано пером», 2016). Менавіта з яго я пачаў сваё знаёмства з прозай таленавітай аўтаркі з Магілёва. Апавяданне, магчыма, крышку зацягнутае, як гэта часта бывае ў маладых. Але дае пэўнае ўяўленне пра асобу творцы.

Пра яе новую кнігу даведаўся з інтэрнэту. Гэта першая частка створанай ужо трылогіі пра дачыненні антычных багоў. Спачатку зацікавіла назва, затым аўтарскае бачанне развіцця вядомых любому філолагу падзей, трактоўка вобразаў. Дарэчы, зусім не здзівіла, што галоўным героем стаў адзін з самых змрочных алімпійцаў, валадар царства душаў памерлых Аід. Пра яго мала што паспелі расказаць старажытныя аэды, гамерыды і рапсоды. Ды і тое, калі расказвалі, імкнуліся як мага радзей згадваць сапраўднае імя, выкарыстоўваючы эўфемізмы. Вераломнае ўсёпаглынальнае боства часу Крон; непазбежная Ананка, дачка Афрадыты Ураніі, маці мойраў — тая, хто стаіць над багамі; разумніца-нерэіда Леўка, Зеўс, Пасейдон, Гера, Ата і многія-многія іншыя багі… Сучаснаму пісьменніку цікава працаваць з такім удзячным матэрыялам. У выніку атрымалася не гісторыя рамантычных узаемаадносін багоў, як можна было б чакаць, зыходзячы з леглага ў яе аснову матэрыялу, а паўнакроўная драма лёсаў. І перш за ўсё — драма галоўнага героя, старэйшага сына Крона.

Па даўняй звычцы, пасля прачытання цікавага твора паспрабаваў разабрацца ў жанравай прыналежнасці «Аида…». Так, на першы погляд ён нагадвае angst-фанфік па «Легендах і міфах Старажытнай Грэцыі» маэстра Куна. Больш за тое — пародыю з элементамі гумару на вядомыя грэчаскія міфы. Але фанфікі пішуцца, як правіла, дылетантамі-аматарамі, тут жа мы маем грунтоўны раман пра станаўленне неардынарнай асобы з усімі яе захапленнямі, трывогамі, надзеямі, памкненнямі… Аід у рамане паказаны найперш не страшным богам-кранідам з угатаванымі Ананкай-доляй учынкамі, а дзівакаватым, поўным загадкавасці чалавекам, што насуперак усім спрабуе жыць так, як яму хочацца. Яго лёгка раззлаваць, аднак пачуццё справядлівасці і адказнасці за лёсы бліжніх у яго сэрцы ўсё ж дамінуе. Найболей уражвае фінальны раздзел «О нечаянных жребиях и осознанных решениях», дзе галоўны герой (зноў жа ці не насуперак спагаднай да яго Ананцы) пасля перамогі над Кронам робіць не зусім выгадны, але свядомы выбар: забірае пад сваю ўладу ўсяго толькі падземнае царства мёртвых. Хаця мог валадарыць Небам. Ці Акіянам. Нялёгка быць высакародным богам...

Твор цяжка будзе чытаць таму, хто звык да лёгкага забаўляльнага чытва. Шырокі культуралагічны кантэкст патрабуе ўдумлівага прачытання.

Сяргей УКРАІНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».