Вы тут

Новабудоўлі: погляд з рэгіёна


Калі ў сталіцы чаканне сваёй чаргі на жыллё расцягваецца на гады, у некаторых рэгіёнах такой праблемы няма.

Мы паразмаўлялі з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва Лельчыцкага райвыканкама — галоўным архітэктарам Дзмітрыем ШПІГАНОВІЧАМ і высветлілі, якія тэндэнцыі сёння пераважаюць у жыллёвай палітыцы аднаго з палескіх рэгіёнаў.


Пяць паверхаў

— Пачынаючы з 2006 года мы ўводзім штогод у сярэднім па адным шматпавярховым жылым доме, — расказвае Дзмітрый Шпігановіч. — Гэта як мінімум. Адзіны быў невялікі на 12 кватэр. Астатнія ў асноўным ад 40 да 60 кватэр. Дамы на 60 кватэр будуюцца кааператывамі або калектывамі індывідуальных забудоўшчыкаў, якія ствараюцца ў нас на тэрыторыі. На 40 — гэта для льготнай катэгорыі грамадзян, напрыклад, для шматдзетных сем'яў. У нас незаселеных дамоў няма.

У Лельчыцкім раёне пражывае каля 24 000 чалавек. З сельскай мясцовасці многія пераязджаюць у райцэнтр і тут ужо будуюць жыллё. Набываць яго дапамагае Указ №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў». Ён дае магчымасць крэдытавання на льготных умовах. Прычым, калі выкарыстоўваюць такі крэдыт, чалавек павінен у пабудаваным памяшканні жыць, а не здаваць яго камусьці іншаму, хоць час ад часу запыт на арэнду жылля ў пасёлку існуе.

У жніўні здалі новы жылы дом: 30 кватэр — з дзяржаўнай падтрымкай і 30 кватэр — камерцыйнае жыллё. Калі пачалі размяркоўваць жыллё шматдзетным сем'ям, 17 чалавек выказалі жаданне ўзяць, яшчэ 13 кватэр засталіся пакуль незанятымі. Вельмі шмат адмоўнікаў са спіса. Дзмітрый Шпігановіч тлумачыць: «Людзі адмаўляюцца, таму што альбо пакуль не хочуць паляпшаць жыллёвыя ўмовы, напрыклад, дзеці яшчэ вучацца альбо дзяўчаты з'язджаюць за мужам у Мінск ці Гомель, але ў асноўным таму, што яны ўжо будуюць прыватны дом».

Уласны дом

Дзмітрый Шпігановіч, як і многія жыхары Лельчыц, узяў для сябе ўчастак і таксама пабудаваў прыватны дом. «У нас спецыфіка раёна такая, што людзі ў асноўным хочуць будаваць прыватныя домаўладанні. Прыкладна штомесяц ўводзіцца ад 3 да 5 такіх жылых дамоў і яшчэ 4—5 пасля рэканструкцыі. Аднапавярховыя — каля 100 квадратаў, двухпавярховыя альбо з мансардай — ужо да 200 квадратаў». За аб'язной гарадскога пасёлка размешчаны мікрараён «Заходні». Першая чарга забудовы была распрацавана тры гады таму: больш за 240 участкаў. Зараз засталося толькі 60, якія яшчэ можна размеркаваць. Людзі прыходзяць, выбіраюць і пачынаюць сваё будаўніцтва: дазвол даецца на тры гады, але потым тэрмін можна працягнуць яшчэ на два. Сёлета ўжо два чалавекі ў мікрараёне ўвялі жылыя дамы і, мяркуецца, яшчэ пяць паспеюць да канца года. Часам прыватнікі зацягваюць з будаўніцтвам, але, па словах галоўнага архітэктара, «укласціся» ў пяцігадовы тэрмін усе паспяваюць.

У аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама можна звяртацца па атрыманне дазвольнай і ўзгадненне праектнай дакументацыі. Спецыялісты выязджаюць на месца, выносяць чырвоныя лініі (да якой мяжы можна будаваць), пазначаюць, што праектам не прадугледжана. Напрыклад, калі толькі пачынае забудоўвацца новы мікрараён, не кожны ведае, дзе будзе асфальт, тратуар, дарожка...

Новыя трэнды

Сярод тэндэнцый у будаўніцтве можна адзначыць змены ў планіроўцы. Праекты робяцца адразу пад чалавека, збіраюцца прапановы. Усім прыемна, уваходзячы ў кватэру, не ўпірацца ў маленькі калідорчык, а заходзіць у прасторную галерэю. Кухні ўжо таксама не будуюцца «два на тры» метры, робяцца большымі. Але ў рэгіёне, напрыклад, няма запытаў на кватэры-студыі, як у буйных гарадах.

Існуюць новыя падыходы да прымянення матэрыялаў. Калі раней выкарыстоўвалі больш металу, цяпер ужываюць поліпрапілен. Ад металу адыходзяць, бо гэта больш працаёмка, а тэрмін службы яго толькі каля 30 гадоў (для параўнання, поліпрапілена — 50), затым яго трэба перакладаць. Калі раней сцены рабілі з блока ці цэглы, то цяпер тарцовыя сцены альбо тыя, якія больш схільныя да цеплаперадачы, уцяпляюцца, фасады афарбоўваюцца. Дахі дамоў робяць не з шыферу, а з металу.

Мы праехаліся па Лельчыцах і паглядзелі два новыя мікрараёны, будаўніцтва якіх амаль завершана. На месцы першага раней быў стары яблыневы сад, які амаль не пладаносіў. Зараз там узвышаецца некалькі шматпавярховікаў. Яшчэ запланаваны 40-кватэрны жылы дом, пакінуты пляцоўкі пад дзіцячы садок і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.

На месцы другога раней размяшчаўся калгасны двор. Першапачаткова тут пабудавалі гімназію на 650 вучняў, тым самым знялі праблему з месцамі ў школах. У асноўным у мікрараёне жывуць маладыя сем'і. Дамы зроблены ў адным стылі з гімназіяй, таму мікрараён выглядае як адно цэлае. У плане — узвесці тут яшчэ два шматкватэрнікі, але гэта зробяць толькі ў выпадку, калі набярэцца дастатковая колькасць ахвотных.

Каментарый у тэму

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама Ядвіга БЛАТУН:

— За восем месяцаў гэтага года ў нас было пабудавана больш за 300 тыс. м2 жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай каля 49 тыс. м2, індывідуальнага — 131 тыс. м2, шматкватэрных дамоў у сельскіх населеных і малых гарадскіх паселішчах — 85 тыс. м2, шматкватэрных у гарадах — 177 тыс. м2 (у тым ліку для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — амаль 71 тыс. м2).

Сёння мы распачалі вялікую справу па ўсёй краіне — гэта работа па Указе №240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў», які ўступіў у сілу. Гаворка ідзе пра тое, што грамадзянам, якія стаяць на ўліку, маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і атрымліваюць няльготныя крэдыты, дзяржава пагашае частку працэнта па такіх крэдытах, а некаторым катэгорыям і асноўны доўг (гэта шматдзетныя сем'і, часткова — сіроты). Сёння па гэтым указе пачала працаваць уся краіна.

У Гомельскай вобласці яшчэ будуюцца дамы з тэхніка-эканамічнай дапамогай Кітая. Такія ёсць і на тэрыторыі іншых рэгіёнаў. У нас — шэсць дамоў: тры ўжо ўведзены ў эксплуатацыю і тры дабудоўваюцца, будуць уведзены ў кастрычніку. Гэта дамы сацыяльнага карыстання: для неабароненых катэгорый грамадзян. У праграме тры этапы, апошні запланаваны на 2019—2020 гады.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.