Вы тут

Кубінская эйфарыя на канцэрце электроннай музыкі


Пасля прагляду карціны “Дай мне будучыню: Major Lazer на Кубе” захацелася жыць, працаваць, ісці да мэтаў, танцаваць, пастрыгчыся і змяніць жыццё. Бо і сам фільм пра змены, вялікія і нават эпахальныя, хоць здавалася б, чаго чакаць ад стужкі пра музычны канцэрт. Праект Cinemascope паказаў у кінатэатры “Ракета” дакументалку пра выступ папулярнага гурта электроннай музыкі Major Lazer у кубінскай сталіцы Гаване, але не проста выступ, а сімвалічную падзею ў амерыкана-кубінскіх адносінах. У Осціна Пітэрса, нічым да гэтага не адметнага рэжысёра, атрымалася карціна пра Кубу ў цэлым, культуру і міжнародную палітыку. Такая насычанасць заманліва анансуе фестываль фільмаў пра музыку і новую культуру “BEAT WEEKEND”, праграма якога будзе паказана ў Мінску з 4 да 8 кастрычніка.


 

Мы памятаем візіт Барака Абамы, тады яшчэ прэзідэнта ЗША, у Кубу, які называлі знакавай падзеяй у амерыкана-кубінскіх стасунках, памятаючы пра фінансавае эмбарга, наступствы халоднай вайны і той факт, што перад Абамам амерыканскі прэзідэнт наведваў востраў свабоды толькі ў 1928 годзе. Але шматнацыянальны гурт Major Lazer апярэдзіў прэзідэнта ЗША: менавіта ад музыкантаў, што ступілі на кубінскую зямлю і далі ў Гаване бясплатны канцэрт, павеяла ветрам перамен, які добра спалучаецца з мяцежным, прагнучым волі, кубінскім духам.

Як дзіўна, метафарычна, узнёсла звычайная цінэйджарка распавядала пра сваё захапленне электроннай музыкай, якая быццам дае ёй будучыню, чытаць: прагу да будучыні. А гэта амаль тое ж пачуццё, якое я адчула, калі бачыла натоўп кубінцаў у каларытных строях, з незвычайнымі прычоскамі і ўпрыгажэннямі, з жаданнем вылучыцца і ўстанавіць сваё месца, на канцэрце гурта, што прынёс на востраў знак новага і звышнатуральнага.

Паралельна з арганізацыяй канцэрта, мантажом сцэны, распаўсюджваннем інфармацыі пра будучую падзею ў фільме выкрываюцца цікавыя нюансы кубінскага жыцця, чаму і карціна з ужо зразумелай назвай “Дай мне будучыню” распавядае не проста пра выступ гурта электроннай музыкі, а пра саму краіну – ізаляваную, кантрастную, выкрутлівую і, дарэчы, шчаслівую. Рэжысёр мог бы тэхнічнай падрыхтоўкай і доўгачаканымі музыкальнымі гукамі, што разліваюцца па Гаване, абмежавацца, але яго дакументалка ўмудрылася распавесці ў тым ліку пра кубінскае музычнае асяроддзе, унікальную сістэму распаўсюджвання інфармацыі ва ўмовах абмежаванага інтэрнэту El Paquete і вобраз мыслення звычайных гараджан.

Асалода для вачэй – гэтыя простасць і кантрастнасць. Хлопчык, які ў рэперскай кепцы на фоне вышытай сурвэткі (як у беларускіх вясковых хатах) распавядае пра мары стаць музыкантам. Аўтамабілі савецкага аўтапрома, што выглядаюць водгуллем гістарычнай мінуўшчыны ў сучасным горадзе, які ідзе насустрач, зноў выкарыстаю гэта слова, будучыні. Жанчына, што працуе дзеля падтрымкі сваёй дачкі-музыканткі, у якой няма пастаяннага заробку. Амаль поўная адсутнасць інтэрнэту і кошт гадзіны доступу да wi-fi роўны двум доларам, у той час як сярэдні заробак на востраве – дваццаць долараў. Тут на першы план выйшаў вынаходлівы хлопец: кожны глядач фільма “Дай мне будучыню” ўбачыў стваральніка альтэрнатыўнай інтэрнэту сістэмы El Paquete, якая таксама з’яўляецца пэўным носьбітам мяцежнага – нязгоднага – напрамку.

Так у падрыхтоўцы, інтэрв’ю, прэс-канферэнцыях, камунікацыі з кубінскімі музыкантамі прайшоў “эпілог” да ўласна “падзеі года” – канцэрта. Нарэшце, у горадзе, на ўзбярэжжы, загучалі папулярныя трэкі Major Lazer, у тым ліку кампазіцыя Lean on. І ўвага… на канцэрт прыйшло пяцьсот тысяч чалавек (чаканні вымяраліся некалькімі дзясяткамі тысяч). Гарачыя, эмацыйныя, яскравыя кубінцы скакалі пад выступ Major Lazer, прадстаўнікі якога ў выніку прызналіся, што гэты канцэрт – найлепшы ў іх кар’еры.

І публіка выціснула гэтыя эмоцыі да канца, датрывала да апошняга гука, пражыла з гэтым рэальным знакам будучыні (якая павінна была наступіць разам з наладжваннем стасункаў паміж Кубай і ЗША) кожны момант і ўз’ядналася ў гэтым парыве як яднаецца ў сетцы кліентаў El Paquete. Гэта было шчасце ў марах, эйфарыі і гэтым адзінстве. Усё гэта я адчула, гледзячы на экран.

Шматзначнасць, музыка і культура ў кантэксце глабальных падзей (як гэта заўсёды бывае, нягледзячы на пагарду да “несур’ёзнасці” культуры), эмоцыі і бездань адсылак да рэальнасці – тое, чаго можна чакаць ад фестываля “BEAT WEEKEND”. Усе фільмы – апроч “Дай мне будучыню” іх шэсць – на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі будуць паказаны ў кінатэатры “Ракета” з 4 да 8 кастрычніка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ


Расклад паказаў:

4 кастрычніка

  • 19.00 – “Усе гэтыя бяссонныя ночы” Міхала Марчака (Польшча, Велікабрытанія);

5 кастрычніка

  • 19.00 – “Рэйв у Іране” Сюзанны Мэерс (Швейцарыя);

6 кастрычніка

  • 19.00 – “Дзень незалежнасці” Мортэна Тровіка і Угіса Ольтэ (Латвія, Нарвегія, Славенія);

7 кастрынічка

  • 17.30 – “Гагарын” Вольгі Дарфі (Расія)
  • 19.00 – “Калі я думаю пра Германію ноччу” Рамуальда Кармакара (Германія);

8 кастрычніка

  • 17.00 – “Усе гэтыя бяссонныя ночы” Міхала Марчака (Польшча, Велікабрытанія)
  • 19.00 – “Хайп” Дуга Прэя (ЗША).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».