Вы тут

Прадпрыемствы дрэваапрацоўкі павысілі сваю какурэнтаздольнасць


Сфера пачала прачынацца пасля мадэрнізацыі.

На думку старшыні Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прадукцыі Юрыя Назарава, дзякуючы мадэрнізацыі айчынныя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі павысілі сваю канкурэнтаздольнасць. Акрамя таго дзяржаўныя інвестыцыі ў сферу дазволілі захаваць працоўныя калектывы, стварыць новыя працоўныя месцы, забяспечыць выпуск шырокай лінейкі якаснай прадукцыі. Таксама Юрый Назараў адзначыў, што дзякуючы інвестыцыям у галіну, стымулюецца і развіццё прыватнай ініцыятывы ў краіне.


Выдаткі апраўдваюць сябе

«Дзякуючы мадэрнізацыі прадпрыемствы павялічылі аб'ёмы вытворчасці, пашырылі асартымент выпускаемай прадукцыі, значна павысілі экспартны і імпартазамяшчальны патэнцыял. Калі 2014 і 2015 гады ў цэлым для галіны адзначаліся як найбольш складаныя, у першую чаргу ў сувязі з сітуацыяй на рынках збыту, то ўжо 2016 год можна назваць годам уздыму і ўстойлівай станоўчай дынамікі. А 2017 год яшчэ больш умацаваў пазіцыі прадпрыемстваў», — растлумачыў Юрый Назараў. Паводле яго слоў, адной з задач мадэрнізацыі прадпрыемстваў канцэрна вызначаўся выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі. У гэтым кірунку сёння вырашаецца вялікі пласт пытанняў. «У першым паўгоддзі сёлета прадпрыемствамі канцэрна выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на 196,24 млн долараў, што да аналагічнага перыяду летась склала 152,3%. Умоўная эканомія валютных сродкаў за кошт пастаўкі на ўнутраны рынак — 51,64 млн долараў. Выпуск прадукцыі ажыццяўляўся па 35 таварных пазіцыях. Гэта тавары, якія раней вырабляліся ў краіне ў недастатковай колькасці альбо не выпускаліся наогул», — растлумачыў эксперт. Да такой катэгорыі сёння можна аднесці драўнянавалакністыя і драўнянастружкавыя пліты, фанеру, некаторыя віды паперы і кардону. «Мадэрнізацыя прынесла значны эканамічны эфект. Аб'ём вытворчасці ў цэлым па прадпрыемствах канцэрна з 2006 па 2016 год павялічыўся ў 7,8 раза — з 51 млн рублёў да 406 млн», — падкрэсліў Юрый Назараў.

Павышаюць аб'ём экспарту на новых рынках

Гаворачы пра тэмпы росту экспарту, спецыяліст адзначае, што за сем месяцаў 2017 года прадпрыемствы канцэрна экспартавалі прадукцыі на 222,3 млн долараў, што на 44,1% больш за аналагічны перыяд летась. Асноўнымі рынкамі збыту за гэты час сталі Расія (82 млн долараў), Польшча — (41,4 млн долараў), Літва — (16,1 млн долараў), Украіна (14,8 млн долараў), Казахстан (12,7 млн долараў), Азербайджан — (7,8 млн долараў), Германія — (5,4 млн долараў), Латвія — (4 млн долараў), Венгрыя — (3,9 млн долараў). Усяго прадпрыемствы канцэрна экспартуюць прадукцыю ў 59 краін. Асноўнымі экспартнымі таварнымі пазіцыямі за сем месяцаў сёлета былі прадукцыя дрэваапрацоўкі (ДСП, ДВП, фанера, піламатэрыялы, мэбля) — 81,9% агульнага экспарту, папярова-кардонная прадукцыя — 18,1%.

«Работа па дыверсіфікацыі экспарту прынесла свой плён. Прадпрыемствы канцэрна ў 2016 годзе выйшлі на рынкі 12 новых краін. Геаграфія экспарту папоўнілася такімі дзяржавамі як Бангладэш, Бахрэйн, Камерун, Кенія, ПАР, Шры-Ланка, Марока, ААЭ, Албанія, Ірак, Ізраіль і Люксембург. У цэлым доля краін далёкага замежжа ў аб'ёме экспарту за 2016 год склала 42,6%. За сем месяцаў сёлета гэты паказчык вырас да 44,2%. У 2017 годзе прадоўжана работа па дыверсіфікацыі экспарту. Прадпрыемствы дадалі ў спісы знешнеэканамічнага супрацоўніцтва і такія краіны як Бразілія, Іарданія, Канада, Кітай, Манголія, Сірыя. У гэтым годзе на новыя перспектыўныя рынкі экспартавана прадукцыі на суму 6,44 млн долараў», — удакладніў Юрый Назараў.

Глыбіня перапрацоўкі вырашае

Наколькі паўплывала мадэрнізацыя на якасць працы традыцыйных прадпрыемстваў, можна вызначыць таксама і па глыбіні перапрацоўкі драўніны. Напрыклад, у скандынаўскіх краінах яна перавышае 90%. Кажучы пра нашу краіну, спецыяліст адзначыў, што ў 2006 годзе апрацоўчыя прадпрыемствы спажывалі 5,2 млн куб. м драўніны, у 2016 годзе — ужо ў 2 разы больш. «Прычым вялікая частка гэтай сыравіны пайшла ў глыбокую перапрацоўку: на вытворчасць драўняных пліт, фанеры, цэлюлозы, дзвярэй, вокнаў, будаўнічых канструкцый. Глыбіня перапрацоўкі з 38,5% у 2006 годзе павялічылася да 80% у 2016-м. У перспектыве, калі запрацуюць новыя цэлюлозна-папяровыя заводы, глыбіня перапрацоўкі перавысіць 90%», — растлумачыў спецыяліст. Паводле яго слоў, драўніна стала выкарыстоўвацца значна больш эфектыўна. «Можна прадаць 1,65 куб. м драўніны за 21,5 долара, а можна вырабіць з гэтага аб'ёму драўніны 1 куб. м пліты ДСП і прадаць, атрымаўшы ад 90 да 120 долараў. Яшчэ большы эфект будзе пры вытворчасці цэлюлозы і мэблі», — расказаў Юрый Назараў.

Ніша для прыватнікаў?

Дарэчы, кажучы пра мэблю, эксперт таксама падкрэсліў, што для далейшага развіцця імпартазамяшчэння на яе вытворчасць якраз і будуць арыентавацца ў нашай краіне. «Патэнцыялу для развіцця мэблевага бізнесу ў нас у краіне дастаткова. Увод у эксплуатацыю мадэрнізаваных дрэваапрацоўчых комплексаў значна пашырыў магчымасці вытворцаў мэблі. За кошт айчынных матэрыялаў — драўняных пліт (ДСП, МДФ) — мэблевыя прадпрыемствы пачалі выпускаць эканамічную і запатрабаваную на рынку мэблю», — падкрэсліў спецыяліст. Юрый Назараў таксама адзначыў, што ў краіне створаны ўмовы і для развіцця прыватных невялікіх мэблевых кампаній, якія, дарэчы, цяпер аб'ядноўваюцца ў Асацыяцыю прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. «Гэта аб'яднанне з'яўляецца нашым партнёрам, мы разам працуем над развіццём дзяржаўна-прыватнага партнёрства і стымуляваннем бізнес-актыўнасці ў мэблевай і дрэваапрацоўчай вытворчасцях», — растлумачыў эксперт. Таксама, паводле яго слоў, за апошнія тры гады колькасць вытворцаў мэблі ў краіне павялічылася ўдвая і сёння ўжо перавышае 600 суб'ектаў гаспадарання.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вясна для дрэваапрацоўкі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?