Вы тут

Адзін этап уборкі пройдзены


На брэсцкім абласным фестывалі працаўнікоў вёскі Пружанскі раён згадалі як аднаго з лідараў жніва. Па выніках спаборніцтва Пружаншчына заняла другое месца, усяго толькі крышачку саступіўшы Брэсцкаму раёну. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі асобныя працаўнікі і гаспадаркі. Пра асаблівасці сёлетняга хлебаробскага года, жніво і ўборку ўраджаю ў цэлым — нашы традыцыйныя «тры пытанні». Мы задалі іх намесніку старшыні Пружанскага райвыканкама, кіраўніку райсельгасхарча Алене ЛАПЫЦЫ.


— Алена Харытонаўна, якім запомніўся гэты год аграрыям вашага рэгіёна, што спрыяла і што перашкаджала пры вырошчванні збожжавых, а потым пры іх уборцы?

— Вясна, калі памятаеце, была гэтым разам надта суровая. У нас у чэрвені замаразкі здараліся да мінус 7. Асобныя пасевы былі страчаныя, мы асцерагаліся рабіць любыя прагнозы на ўраджай. А потым нібы Бог нас пачуў, надвор'е выраўнялася, пайшлі патрэбныя дажджы, колас стаў набіраць сілу. І мы ўжо так чакалі гэтай прыпозненай уборкі, так рыхтаваліся, што ўсё пайшло як па масле. Надвор'е спрыяла, тэхніка амаль не ламалася, людзі працавалі ад цямна да цямна. А калі падводзілі вынікі, дык душа радавалася. Дазволю сабе ўсё ж некалькі лічбаў. Работніку аграрнага сектара, наогул спецыялісту, яны пра многае скажуць. Так, валавы намалот сёлета склаў 133,2 тысячы тон збожжа. З кожнага гектара сельгаспрадпрыемствы раёна сабралі па 43,1 цэнтнера. Нашы лідары атрымалі намнога больш. Напрыклад, гаспадарка «Агра-Калядзічы» мае ўраджайнасць 60,4 цэнтнера з гектара, «Велікасельскае Агра» — 55,2, «Мурава» — 54,6.

— Якая работа вядзецца на палях цяпер?

Завершаны толькі першы этап уборкі. Пачынаецца другі працягласцю недзе ў два месяцы. Амаль усе гаспадаркі прыступілі да скошвання кукурузы, на палях збіраюць бульбу, зараз пачнецца масавая ўборка цукровых і кармавых буракоў. Чакае сваёй чаргі лён. Паралельна вядзецца трэці ўкос траў. Кармоў гэтым разам мы нарыхтавалі добры запас. Значыць, будзем з малаком. Работы многа, яна вядзецца не менш інтэнсіўна, чым калі ўбіралі збожжавыя. Так што да перыяду адпачынкаў працаўнікам сельскагаспадарчай галіны яшчэ далёка.

— А потым можна кіравацца ў санаторыі альбо ў цікавыя паездкі. Думаю, некаторыя могуць дазволіць сабе і замежныя турнэ. Ці праўду пісалі ў інтэрнэце, што падчас жніва камбайнеры зараблялі да 140 рублёў за дзень?

— Праўду. Былі і такія заробкі. Асабліва ў тых гаспадарках, дзе дасягнутая высокая ўраджайнасць. Усё залежыць ад дзённага намалоту, тыпу машыны, працягласці рабочай змены таго ці іншага работніка. Але нават там, дзе атрымаліся больш сціплыя зарплаты, мы знайшлі магчымасць заахвоціць, падзякаваць механізатарам, кіроўцам грузавікоў, якія правялі ўборачную збожжавых вельмі і вельмі добра. Некаторых з іх, герояў сёлетняга жніва, варта, думаю, назваць. Гэта, напрыклад, экіпажы камбайнераў Аляксандра і Андрэя Слабод ААТ «Велікасельскае Агра» (намалот 1766 тон), Віктара Аліфірука і Мікалая Даўгуна з ААТ «Агра-Калядзічы» (1546 тон). На адвозцы збожжа найлепшы вынік у раёне паказаў кіроўца з ААТ «Ружаны-Агра» Аляксандр Пухнарэвіч, які перавёз 2851 тону. А сярод аператараў зернесушыльных комплексаў лідзіруе Сяргей Лівянкоў з «Ружаны-Агра».

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».