Вы тут

ІNTЕLLІGЕNСY: «Робім тое, што амаль ніхто не спрабаваў»


Выпраўляючыся на іх выступленне, ніколі не ведаеш, ці пазнаеш у электронным выкананні сваю любімую кампазіцыю. Справа ў тым, што хлопцы граюць у фармаце імправізацыі rіght nоw — кожная з песень фактычна зноў нараджаецца, ствараецца на вачах. Электронны гурт Іntеllіgеnсу менш як паўгода таму прадставіў новы поўнафарматны альбом Tесhnо Bluеs, у гэтым фестывальным сезоне паспеў выступіць на некалькіх буйных тусоўках і рыхтуецца да вялікага начнога фэсту электроннай музыкі. Пра сваю фірменную імправізацыйнасць, нацыянальнае ў музыцы і заняпад андэграўнду разам з нашым карэспандэнтам сёння разважаюць вакаліст Усевалад ДОЎБНЯ, гітарыст Яўген МУРАШКА і клавішнік Юрый ТАРАСЕВІЧ.


Злева направа: вакаліст Усевалад Доўбня, клавішнік Юрый Тарасевіч і гітарыст Яўген Мурашка.

— Вы называеце сябе не проста гуртом, а электронным lіvе міні-аркестрыкам. Чаму менавіта так?

Юрый: — Бо мы спрабуем рабіць тое, што яшчэ ніхто не спрабаваў. Адны з першых у Беларусі сумясцілі электроніку з жывымі сімфанічнымі інструментамі.

Усевалад: — Мы ўвесь час эксперыментуем з наборам гэтых інструментаў. У нас заўсёды былі жывыя духавыя, і струнныя, гітары, бас заўсёды. У гурце адыграла недзе з два дзясяткі чалавек. Увесь час змяняем склад і інструменты, партыі. І невядома, куды гэта ўсё прывядзе. З апошняга, што хочацца паспрабаваць, — у якасці бэк-вакалістак запрасіць дзвюх чарнаскурых дзяўчат. Мы іх шукаем.

— Сярод музыкантаў зараз не прынята ствараць эпатажны імідж, ужываць алкаголь. У вас і назва такая — Іntеllіgеnсу. Адпачатку падкрэсліваеце: наша музыка інтэлектуальная для разумных людзей?

Юрый: — Гэта хутчэй стасуецца з музыкай, але не з намі самімі. Складана сказаць, што мы стрыманыя, правільныя.

Яўген: — Такія ж як і ўсе музыканты.

Усевалад: — Думаю, гэта хутчэй самаіронія. Так, мы хочам граць больш інтэлігентную музыку. Самі ж працуем у розных сферах — у абслугоўванні сувязі, будаўнічым праектаванні, абароне інфармацыі. Але гэта не перашкаджае музыцы. Яе лічым паўнавартасным заняткам па жыцці і часам дзеля яе ахвяруем працай.

— Вы граеце электронную музыку на англійскай мове, і досыць складана вызначыць яе, так бы мовіць, нацыянальную прыналежнасць. Часам крытыкі нават наракаюць: будзьце беларускімі, і вас тут палюбяць...

Усевалад: — У мяне на гэта вельмі просты адказ: хопіць прывязваць музыку да нацыянальнасці. Гэта тое самае, што казаць беларускім футбалістам гуляць «па-беларуску». Сапраўды, ёсць музыканты, якія адмыслова акцэнтуюць увагу на нацыянальным складніку творчасці, граюць архаіку. У нас няма такой задачы, мы эксперыментуем з творчым, а не з нацыянальным. Мы б хацелі пісаць музыку з нацыянальным каларытам і нават спрабавалі. Але гэта вельмі сур'ёзнае і намнога больш глыбокае пытанне. Тут бачыцца больш адказнасці. Тое, што многія спрабуюць спяваць па-беларуску, сапраўды добра, але трэба разумець, што сапраўдная беларусізацыя творчасці пачынаецца найперш з масавай культуры.

Юрый: — Мы ўжо некалькі гадоў выконваем песні на беларускай мове, і прынамсі адна з іх гучыць падчас кожнага выступлення. Яна проста арганічна атрымалася. Можам нават гадзінную праграму адыграць толькі па-беларуску.

Усевалад: — Кожную з гэтых песень рабілі вельмі доўга, выношвалі. Лічым гэта вялікай адказнасцю. Тут для нас арыенцір Уладзімір Мулявін. Ён выконваў песні шчыра, арганічна, і магчыма таму яны ўжо сталі легендамі. Але сучасны сыход у архаіку ці штучная беларускасць — ніяк не прыклад.

— У вашых анонсах ёсць абяцанні нейкага музычнага чараўніцтва, шаманства. Наколькі атрымліваецца вось так паўплываць на публіку?

Усевалад: — Магчыма, гэта прагучыць самаўпэўнена, але калі чалавек прыйшоў паслухаць музыку, проста акунуцца ў атмасферу, яе адчуць і зразумець, то ён на сто працэнтаў будзе з намі на адной хвалі і схопіць гэты «шаманскі» момант. Проста таму, што мы ведаем, што граем, даносім і самі гэта адчуваем. Усё залежыць ад ступені адкрытасці аўдыторыі. Астатняе ўжо ёсць у музыцы. Мы вельмі любім сваіх слухачоў і ганарымся тым, што на выступленні прыходзяць розныя людзі. Для нас няма такога паняцця, як мэтавы слухач. Кажуць, Іntеllіgеnсу слухаюць толькі хіпстэры. Гэта не так. У зале ёсць рабочыя з заводаў, людзі, якія па жыцці не слухаюць андэграўндную музыку, а нас любяць, ну і, канечне, хіпстэры.

— Сябе лічыце праектам андэграўндным? А ўвогуле, дзе мяжа паміж поп-музыкай і андэграўндам?

Усевалад: — У век інтэрнэту андэграўнднай творчасці проста не бывае. І ўсе гутаркі пра немагчымасць прабіцца да слухача бессэнсоўныя. Цяпер нават самы жорсткі хардкор-калектыў, які грае разбуральную музыку, становіцца мэйнстрымам. Іх могуць паслухаць усе, хто хоча. Інтэрнэт дае магчымасць паглядзець і паслухаць абсалютна ўсё. Андэграўнд памёр. Існуе музыка з шырокай і вузкай аўдыторыяй. Вось і ўсё.

— Але ўсё яшчэ прынята лічыць тэлебачанне мерай «зорнасці». Маўляў, трапіў туды — і мара здзейснілася.

Усевалад: — Але ж і ТБ сёння стала інтэрактыўным. На шоу да Урганта прыходзяць і Аксімірон, і Макс Корж. Яшчэ пяць гадоў таму гэта было б нонсэнсам, а сёння цалкам натуральна. І сведчыць пра тое, што паняцце субкультуры ў падполлі знікла. Напэўна, калі беларускае тэлебачанне таксама зразумее, што прыйшоў час паказваць творчасць, так бы мовіць, «нізоў», былы андэграўнд, тады сапраўды расквітнее беларуская масавая культура і пачнецца шчырая беларусізацыя творчасці.

— Міні-аркестрык паспеў сыграць на адной пляцоўцы з сапраўднымі зоркамі стылю, напрыклад, ОNUKА, Tеslа Bоу і іншымі. Якім з гэтых суседстваў на сцэне ганарыцеся найбольш?

Усевалад: — Гучна сказана, гэта, хутчэй, проста радок у нашым партфоліа. Мы ганарымся кожным фестывалем, у якім удзельнічаем, незалежна ад «зорнасці» яго ўдзельнікаў. Паважаем усіх музыкантаў, з якімі выходзім на сцэну і любім слухаць кожнае з выступленняў. Незалежна ад таго, гэта хэдлайнер ці не. Напрыклад, 14 кастрычніка будзем прымаць удзел у фестывалі электроннай музыкі ў «Сталоўцы», дзе сыграем з іншымі беларускімі музыкантамі, на наш погляд вельмі цікавымі. І паслухаем кожны з гуртоў.

Юрый: — Напэўна, пытанне не ў суседстве і не ў складзе ўдзельнікаў. Для нас вельмі важна выступаць гэтак жа ярка, як і хэдлайнеры, граць гэтак жа добра, быць з імі на адным узроўні.

Усевалад: — Беларускія эксперты прадказвалі, што мы развалімся або заўсёды будзем заставацца калектывам другога гатунку, выступаць на разагрэве. З-за такіх прагнозаў таксама вельмі цікава працаваць і ўдасканальвацца. Набліжацца да пазіцый хэдлайнераў.

— Зразумела, што прадказаць, якім будзе ваша наступнае выступленне, немагчыма. А ці ведаеце, якім будзе наступны альбом?

Усевалад: — Ён будзе інтэлігентным (смяецца). Па форме, канешне, не ведаем, якім. Але па сутнасці гэта ўсё роўна будзем мы.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?