Вы тут

Восень жыцця ў часе і прасторы


Ці заўважалі вы, якімі прыгожымі бываюць старыя людзі? У маім рабочым архіве гадоў дваццаць захоўваецца здымак вясковай бабулькі, якая сядзіць за сталом у сваёй хаце. На стале палавіна бохана хлеба, малако ў слоіку. Жанчына падпірае твар рукой, углядаецца ўдалеч. А погляд светлы, вочы жывыя, з іскрынкай цікавасці да жыцця. На вуснах застыў напамін пра ўсмешку, нібы ў той Джаконды. Па руках можна здагадацца, колькі яны за гады перарабілі. Даўно няма ў жывых гераіні таго партрэта. Але ў маім разуменні менавіта так павінна выглядаць глыбокая старасць. Калі гаварыць пра сельскі яе варыянт.


Уяўляючы гарадскую пенсіянерку, успамінаю ветэранку вайны, пра якую давялося пісаць гадоў восем-дзевяць таму. Жанчына ў стыльным белым касцюме, з прычоскай і макіяжам прыйшла да мяне ў кабінет і пачала расказваць, што ўнук паставіў ёй камп'ютар, каб яна магла запісаць успаміны для будучых пакаленняў сям'і. Яна жартавала, весела смяялася, пра свае гады не гаварыла, але ж палічыць іх было нескладана.

...Сёння прыйшла на работу і адразу пачала шукаць здымак той вясковай бабулькі ў скрыні стала. Захацелася палюбавацца, бо пакуль ехала на работу ў аўтобусе, насупраць сядзела бабулька прыкладна ўзросту маіх гераінь. Але зусім іншая. Нават цяжка расказаць, чаму іншая. Калі адзенне і постаць наводзілі на думку пра недагледжанасць, то зусім крышачку. І жакет, і штаны, і сумачка былі звычайныя, крыху растрапанай выглядала хіба толькі прычоска. Але не гэта галоўнае, галоўнае — разгублены погляд. Яна азіралася па баках, раз-пораз глядзела ў акно, нібы хацела нешта ахапіць думкай і не магла.

Ледзь не да слёз зрабілася шкада гэтую старую. Было відавочна, што чалавек мае праблемы з памяццю і — як наступства — з успрыманнем усяго існага. Можа і некрытычныя пакуль тыя праблемы — адна ж ехала. Але і такое здараецца. Прыгадваю, як давялося суправаджаць у Брэст жанчыну, якая немаведама чаго прыехала цягніком у Дамачава, а пра мэту свайго падарожжа забылася. Тады ў сельсавеце здагадаліся паглядзець пашпарт пенсіянеркі і, упэўніўшыся, што перад імі жыхарка абласнога цэнтра, адправіць яе ў горад.

Нядаўна дачка на брэсцкім аўтавакзале стала сведкай непрыемнага інцыдэнту з састарэлай пасажыркай. Жанчына падышла да касы і сказала, што ёй трэба ехаць у Расію. А грошай у яе было літаральна некалькі рублёў. Маладзенькая касірка растлумачыла, што такой сумы не хапае на білет нават да Мінска альбо да Баранавіч. Але бабулька паўтарала і паўтарала, што ёй трэба ў Расію. Потым спытала: «А куды хопіць?» «Да Кобрына хопіць», — данеслася з акенца. «Ну тады давайце да Кобрына», — разгублена вымавіла старая.

Не ведаю, няўжо гэтых супрацоўніц вакзала не інструктуюць пра паводзіны ў падобных выпадках? Трэба было паклікаць дзяжурнага альбо міліцыянера, паглядзець дакументы. Можа на вакзал прыйшла брастаўчанка, якой і ехаць нікуды не трэба. Проста бывае, што чалавек губляецца ў часе і прасторы. Вельмі спадзяюся, што так і зрабілі потым супрацоўнікі вакзала, што не паехала жанчына ў Кобрын, дзе яе ніхто не чакаў.

Дык вось ехала я раніцай у 15-м аўтобусе насупраць разгубленай бабулькі і спрабавала ўявіць сябе ў глыбокай старасці. Цікава, якой я буду, калі дажыву? Можа, першы раз у жыцці задумалася пра гэта вось так рэальна, імкнулася намаляваць ва ўяўленні твар, рукі, постаць, вопратку... і не магла. Бо калі думаць у гэтым ключы пра іншых — калі ласка, калі ж пра сябе, дык не надта і атрымліваецца. Мы — у якім узросце ні былі б — далейшае жыццё ўяўляем амаль як бясконцую дарогу. Не хочам думаць пра нейкую рысу, гарызонт, за якім пустэча. І толькі часам падсвядомасць выхоплівае асобныя моманты, накшталт вось гэтага: гартаю ў інтэрнэце старонкі з краявідамі Парыжа і думаю: «Праз месяц буду ў Луўры»... Добра памятаю той дзень і тое адчуванне менавіта за сваім сталом, за сваім камп'ютарам. А вось ужо шэсць гадоў прайшло. Гэта няйнакш іранічны мозг пасылае ўспамін як сігнал, што ўсё мінае, усё хуткаплыннае, і старасць не за морам, нават калі табе сёння толькі сорак, не кажучы ўжо пра пяцьдзясят альбо шэсцьдзясят.

І ўсё ж уявіць сябе старым, нямоглым, бездапаможным амаль немагчыма. Бо ніхто не ведае, што наканавана, якія будуць дні той самай восені жыцця. Як на мой погляд, дык самае цяжкае і несправядлівае — застацца без памяці. Дастаткова ўспомніць, як дажывалі свой век Рональд Рэйган, Маргарэт Тэтчэр, а цяпер вось бліскучая Маргарыта Церахава. Не ведаю, адкуль усплыў у памяці радок «Легкой жизни я просил у Бога, легкой смерти надо бы просить». Ды і кожны з нас, думаю, выбраў бы лепш небыццё, чым існаванне без адэкватнага ўспрымання рэальнасці. Але ж выбіраць мы не можам. Таму застаецца прасіць лёс паслаць нам добрую і свядомую старасць са спакойнай развагай і яснымі вачыма, як у бабулькі на чорна-белым здымку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.