Вы тут

«Чырвонка» абвяшчае аб пачатку чарговага творчага спаборніцтва


Традыцыйна ў пачатку новага навучальнага года ўжо каторы год запар «ЧЗ» дае старт конкурсу сярод юных і маладых няштатных аўтараў. Ён выступае ў якасці своеасаблівай пляцоўкі для самавыяўлення: дае творцам магчымасць расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем грамадства, у тым ліку найперш — да сферы маладзёжнай палітыкі, расказаць пра іх асабісты ўклад у тую ці іншую справу. Пагадзіцеся, цяжка больш ёмка абазначыць словамі тое, да чаго ў выніку імкнецца «Чырвонка. Чырвоная змена» і чаго маладзёжны дадатак чакае ад удзельнікаў конкурсу.


 

Яго назва — «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» — стала адным з нашых найлепшых і даўгавечных трэндаў сярод іншых пастаянных рубрык. А ў пэўнай ступені конкурс стаў яшчэ і «кузняй» кадраў для журфака, а пасля і для самога маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена», і для іншых рэдакцый. Тыя, хто некалі першымі прынялі ўдзел у творчым спаборніцтве, цяпер — ужо маладыя спецыялісты, якія атрымалі першае працоўнае месца ў жыцці!

Застаюцца без змен і ўмовы правядзення творчага конкурсу, «адшліфаваныя» на працягу некалькіх гадоў. Нагадваем: вялікая просьба да будучых юных і маладых аўтараў і іх куратараў — уважліва азнаёмцеся з абавязковымі ўмовамі, якім павінны адпавядаць дасланыя работы.

Конкурс, як і папярэднія, разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Нагадаем, што яго творчая планка даволі высокая, каб малады чалавек, які збіраецца прысвяціць сваё жыццё гэтай цікавай, але нялёгкай сферы, змог пакаштаваць «журналісцкага хлеба» і цвяроза ацаніць свае здольнасці.

Зноў жа традыцыйная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае. Раскажыце — цікава! — пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць сваю неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі. Знайдзіце маладых людзей, якія сваімі справамі паказваюць такі прыклад. На выхадзе павінен атрымацца цікавы матэрыял, яркая публікацыя, «улётны» рэпартаж, але ніяк не «тэкст», як чамусьці любіць гаварыць цяперашняя моладзь!

І яшчэ адна парада. Калі вы цікавіцеся журналістыкай, запішыцеся ў адпаведны гурток у школе ці доме творчасці. Як паказвае практыка, найлепшыя поспехі на ніве творчасці — найперш у тых пачаткоўцаў, хто ўжо хоць бы трохі «падкаваны» і тэарэтычна, і практычна. Яшчэ юным і маладым творцам раім пачытаць нашы парады, якія пад рубрыкай «Хачу на журфак!» змяшчаліся сёлета ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» 16 лютага, 2 і 23 сакавіка, 6 і 20 красавіка, а таксама 4 мая.

Пе­ра­мож­цы на­ша­га апош­ня­га твор­ча­га кон­кур­су. Зле­ва на­пра­ва: Ан­ге­лі­на Но­ві­ка­ва па­сту­пі­ла  на фа­куль­тэт куль­ту­ра­ло­гіі і са­цы­яль­на-куль­тур­най дзей­нас­ці Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га  ўні­вер­сі­тэ­та куль­ту­ры, Ва­лян­ці­на Тру­бач ста­ла пер­ша­курс­ні­цай Ін­сты­ту­та жур­на­ліс­ты­кі БДУ,  аб­раў­шы спе­цы­яль­насць «аў­ды­я­ві­зу­аль­ныя СМІ», у ця­пе­раш­няй адзі­нац­ца­ці­клас­ні­цы  Іры­ны Буб­но­вай, не су­мня­ва­ем­ся, па­спя­хо­вае па­ступ­лен­не яшчэ на­пе­ра­дзе.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Вынікі плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ.

Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на электронны адрас kоnkursсhz@mаіl.ru або на паштовы (Рэдакцыя газеты «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, 220013, г. Мінск) з абавязковай паметкай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы:

  • 1. «Проба пяра» павінна быць ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ.
  • 2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF (калі па пошце, дык у раздрукаваным выглядзе, а фотаздымкі — на дыску).
  • 3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам.
  • 4. Аб'ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі).
  • 5. Колькасць «проб пяра» ад аднаго аўтара не абмежавана, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы. Астатнія яго матэрыялы будуць надрукаваны (зноў жа пры ўмове належнай іх якасці) як звычайныя журналісцкія — па-за конкурсам.
  • 6. Узрост удзельнікаў таксама не абмежаваны, але найперш конкурс разлічаны на навучэнцаў старшых класаў.
  • 7. Жанр «проб пяра» — любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв'ю).
  • 8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных пэўны час таму. У пачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з'яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара.
  • 9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар і серыя, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і дамашні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі будуць патрэбны для бухгалтэрыі ў выпадку, калі «проба пяра» будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку, калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць).
  • 10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або дамашняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца.
  • 11. Павінна быць пазначана поўная колькасць гадоў аўтара на момант адсылання конкурснай работы, нумар школы і класа.
  • 12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10—15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г. д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш.
  • 13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.
  • 14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю «проб пяра» павінны самі юныя і маладыя аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў).

* * *

Ну што ж, напрыканцы наша заўсёднае: «вастрыце пёры», аўтары! Зычым усім творчых поспехаў і перамог! Як мы не стамляемся паўтараць, паверце, прайграўшых у конкурсе не будзе!

Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА nikalaeva@zviazda.by і Сяргей РАСОЛЬКА rs@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Юнкары, на старт!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.