Вы тут

У Лідзе адкрылі пляцоўку, дзе будуць працаваць людзі з інваліднасцю


Праект яшчэ толькі пачаў «раскручвацца». Яго ініцыятарам стаў Аляксандр Аўдзевіч, інвалід-калясачнік, які набірае групу для навучання прафесіі барыста.


Сябры Аляксандра — Дзмітрый і Кірыл — гатовы даць работу ў сваёй кавярні. Яны адкрыліся зусім нядаўна ў цэнтры горада.

За стойкай звычайна працуе адзін з уладальнікаў — Дзіма Верун. Ён прапаноўвае некалькі разнавіднасцяў кавы, у шырокім асартыменце ёсць і гарбата. Яна падаецца ў белым заварачным чайніку. Хутка тут прапануюць яшчэ марожанае і сэндвічы, праўда, і зараз ёсць некалькі відаў пірожных.

Пакуль частуюся гарбатай, разглядаю інтэр'ер і наведвальнікаў. Сама сабе вызначаю стыль — авангардны мінімалізм. На белых сценах у рамках вісяць выказванні вядомых людзей. У тым ліку цытата на англійскай мове аднаго з прэзідэнтаў ЗША Джона Кенэдзі, дзе ёсць такія словы: «Я знайшоў, як быць шчаслівым з самім сабой...» На супрацьлеглай сцяне — некалькі выяў рок-музыкантаў, іх цытаты. Аказваецца, уласнікі кавярні таксама музыканты і нават выступаюць са сваёй праграмай у сталічных клубах.

Сваю кавярню маладыя лідчане хочуць бачыць месцам, дзе можна сустрэцца з сябрам ці сяброўкай, зайсці дружнай кампаніяй ці, наадварот, паглыбіцца ў свой віртуальны свет, заказаўшы кубачак кавы. Такіх устаноў у горадзе вельмі мала, лічыць Дзмітрый. У асноўным прапаноўваюць піва ці больш моцны алкаголь. Новая кавярня мае намер змяніць гэтыя звычкі і нават стварыць канкурэнцыю такім установам. Вядома, гэтаму паспрыяе і месца — у цэнтры горада, непадалёку ад знакамітага Лідскага замка. Праўда, гэта адбіваецца на арэндзе памяшкання — кошт, кажуць уладальнікі, завышаны. Мабыць, таму, што рынак камерцыйнай нерухомасці даволі абмежаваны.

Дзмітрый Верун, уласнік інвазійнай кавярні.

Па словах барыста Дзмітрыя, кавярня становіцца папулярнай у старшых школьнікаў. Вядома ж, заходзяць сюды людзі розных узростаў. Лідчане Уладзімір і Іван называюць сябе пастаяннымі наведвальнікамі, якіх вабяць модны інтэр'ер, музыка, утульная абстаноўка. Кажуць, што кошт кавы ім па кішэні, а сюды зайшлі пасля заняткаў у каледжы.

Аб тым, што тут будуць працаваць людзі з інваліднасцю, яны чулі і Аляксандра Аўдзевіча добра ведаюць. Ён вядомы ў Лідзе і сваімі тэлепраектамі, і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Не так даўно аб ім даведаўся цэлы кантынент — Аляксандр здзейсніў вандроўку па Еўропе на хэндбайку (ручны веласіпед). А ў канцы жніўня Саша прыняў удзел у інклюзіўным веламарафоне праз Беларусь, які арганізавала прадстаўніцтва ААН.

Зараз Аляксандр Аўдзевіч збірае групу людзей з інваліднасцю для работы ў новай кавярні. Вучыць іх прафесіі барыста будуць Дзмітрый і Кірыл — бізнесмены і сябры ініцыятыўнага хлопца. Для іх сацыяльны праект — гэта магчымасць зрабіць нешта большае, чым проста зарабіць грошы. Бо добрыя пачуцці ёсць у кожнага, і часам трэба дапамагчы іх праявіць.

...А пачынаецца справа з усталявання пандуса. Па ім інваліды-калясачнікі будуць самастойна падымацца на сваё працоўнае месца, каб у якасці барыста прыгатаваць каву-эспрэса сваім наведвальнікам. Плануецца набраць групу для навучання да канца верасня.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дабрыня са смакам кавы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».