Вы тут

На вяселле ў Аўцюкі: а вы можаце з'есці яечню з сарака яек?


Разам з камандай праекта «Наперад у мінулае», што выходзіць па нядзелях у эфіры тэлеканала «Беларусь 3», традыцыйна вандруе і наш карэспандэнт. На працягу верасня выпускі праграмы расказваюць, як на Асіповіччыне, Калінкавіччыне ды ў Ельскім раёне спрадвек адзначалі вяселле і дажынкі. Часта ў жыцці беларусаў гэтыя ўрачыстасці суседнічалі і прыпадалі на канец лета — пачатак восені. Сёння згадваем самыя яркія моманты з гэтых вандровак.


Гаспадары хлебам-соллю вітаюць жней, якія вярнуліся з поля.

Каласок і Калінка запрашаюць

На ўездзе ў сталіцу гумару, знакамітыя Вялікія Аўцюкі, што на Калінкавіччыне, вас прывітаюць Каласок і Калінка. Калінка — так мясцовыя жыхары называюць жонку — мажная жанчына, Каласок — муж — худзенькі мужчынка з чаркай у руках. У Аўцюках любяць пажартаваць, таму тлумачаць, што Каласок не вырас высокі, бо надта любіць хмельныя напоі.

Звычайна шмат гасцей сюды прыязджае на фестываль гумару, які праходзіць на скрыжаванні дарог паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі. Тут гучаць частушкі, жарты, смешныя гісторыі з жыцця. Удзельнічаюць і прадстаўнікі мясцовай улады. Неяк паводле сюжэта кіраўнікі сельвыканкамаў пасварыліся і знайшлі паразуменне толькі на спецыяльна ўстаноўленай да свята «лаве прымірэння». Дарэчы, і сёння на ёй могуць памірыцца тыя, хто нешта не падзяліў.

Нас жа запрасілі на вяселле, якое паводле старажытных традыцый ладзіць мясцовы фальклорны калектыў.

Спявачкі расказалі, што раней вяселлі ў Аўцюках спраўлялі толькі ў мясаед, у пост ніколі не рабілі. Найбольш спрыяльныя часы — Каляды, пасля Вялікадня і летам — пасля Пятроўкі і Спасаўкі. Спачатку жаніх з сям'ёй ішлі ў сваты да маладой, а назаўтра адзначалі змовіны: дарылі падарункі самым родным. На змовіны запрашалі і сябровак маладой. Існаваў адметны звычай. Паколькі дзяўчатам было шкада адпускаць сяброўку ў іншае жыццё, то яны раптоўна прыходзілі да сватоў з талеркай і пустой бутэлькай і казалі: «Наша маладая вялікая, а бутэлечка — маленькая. Налівайце, каб была нам паўненькая».

Гурт народнай песні ў Вялікіх Аўцюках правядзе вяселле паводле старажытных традыцый.

Дзе сапраўдныя, а дзе — падробныя?

Вяселле тут святкавалі тры дні. Пачыналася свята ў хаце маладой. Усе госці жаніха — баяры і нявесты — баяркі збіраліся разам.

Спявалі такую песню:

Замкні-замкні мяне,мамка, у каморы,

Каб не ўзялі тыя госцікі нас з сабою.

Ці я цябе, мая донька, гадавала,

Каб я цябе ў каморы замыкала?

Я цяпер, мамка, не гарую,

Што ты аддаеш мяне замуж маладую

Ды купі мне зязюленькулугавую.

Лугавая зязюленька будзе кукаваць

І будзе мяне, маладую,пабуждаць.

Бо чужая мамка не пабудзіць,

Толькі выйдзе на вуліцу ды пасудзіць.

Калі прыходзілі баяры ў хату, абносілі стол караваямі (ад сям'і маладога і маладой) тры разы, спаборнічаючы, «чый каравай вышай». Але перад тым, як госці заходзілі ў хату і сядалі за стол, бацькам трэба было «знесці свечкі» — як сімвал новай сям'і. Спявалі пры гэтым песню з такімі словамі: «Прыступі, сваха, да мяне, і ў цябе свяча, і ў мяне, і ў цябе дзіця, і ў мяне...».

Другі дзень вяселля святкавалі ў маладога. Тут замужняя жанчына і заставалася начаваць. Сімвалічнай песняй «Заграбай, мамка, жар-жар» яна развітвалася з роднай сям'ёй і пераходзіла ў новую. Пасля таго як вясельны каравай быў падзелены, гулялі ў «запарожцаў». Два мужчыны станавіліся спінай адзін да аднаго, іх звязвалі посцілкай. Так атрымліваўся «конь», на які сядаў «запарожац». Запарожца трэба было пачаставаць і адарыць з усіх бакоў.

На трэці дзень былі ўжо так званыя пярэзвы: сваякі і сяброўкі нявесты ішлі ў госці да маладажонаў, каб праверыць, ці добра да дзяўчыны ставяцца, ці прынялі яе ў новую сям'ю. Тут цешча правярала зяця, пякла яечню з сарака яек і загадвала яе з'есці. Дапамагаць яму маглі і сябры. Жартавалі і з маладых: аднавяскоўцы часам прыводзілі пару «падробных» маладажонаў, вельмі няшчасную жонку, якая ўжо паспела нарадзіць уяўнае дзіця і зацяжарыць яшчэ адным, і змучанага мужа. А вясёлая бяседа павінна была паказаць, што тыя маладыя і напраўду «падробныя».

«Ніўка-ніўка, аддай нашу сілку...»

А вось на Асіповіччыне нас пазнаёмілі з адметнасцямі тутэйшых дажынак. Аднавіць старажытны абрад калектыву народнай песні «Вяселле», які створаны пры Каўгарскім сельскім клубе, дапамаглі мясцовыя носьбіты традыцый. Яны ж перадалі маладзейшым і песні, што спрадвек спявалі, завяршаючы жніво, і замовы, якія нібыта гарантавалі захаванне сёлетняга і багацце наступнага ўраджаю.

З апошніх зжатых каласкоў у полі складалі апошні дажыначны сноп. Яго старэйшыя жнеі перадавалі маладзейшай, а потым дарылі гаспадару. Апошні сноп трэба было захоўваць на покуці да наступнага ўраджаю. Некалькі каласоў пакідалі нязжатымі. Іх упрыгожвалі стужкамі і завівалі так званую бараду. Пад упрыгожаную бараду клалі хлеб і соль — як ахвяры духам ніўкі, каласкі крыху прыкопвалі зямлёй — каб духам было ўтульна зімаваць і яны паспрыялі налета ўрадлівасці поля і багаццю ўраджаю.

Правёўшы такі рытуал, жнеі качаліся па зжатай ніве, прыгаворваючы: «Ніўка-ніўка, аддай нашу сілку, дай Божа другое лета даждаці, гусцейшае, каранейшае жыта жаці».

Вяртаючыся са жніва ў вёску, да гаспадара поля, жнеі спявалі такую песню:

А ў нас сёння вайна была,

Мы ўсё поле зваявалі,

Усё жыта дажыналі,

Сноп апошні дажалі.

У ваш двор шырокі прынеслі.

Прымі, гаспадар, дажыначны сноп.

Вітаючы жней на парозе дома, гаспадар мусіць іх пачаставаць, прывітаць хлебам-соллю. Сімвалічным быў абрад выкупу снапа — так працаўніцы атрымлівалі грашовую ўзнагароду за жніво. А пачастунак за сталом і бяседа з песнямі і танцамі, якія доўжыліся ледзь не да раніцы, адзначалі завяршэнне важнай працы і служылі добрым адпачынкам.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».