Вы тут

Як праходзіць міжнародны кангрэс да юбілею беларускага кнігадрукавання


Прадстаўнікі розных краін прымаюць удзел у Міжнародным кангрэсе «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», які ўчора і сёння адбываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дзякуючы міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку дзея праходзіць пад патранатам ЮНЕСКА.


На ўрачыстым адкрыцці міжнароднага кангрэса першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў, што кніга з'яўляецца галоўнай крыніцай ведаў і рухаючай сілай у развіцці грамадства. Таксама ён павіншаваў прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі з 95-годдзем іх установы і адзначыў, што яна працуе, захоўваючы для будучых пакаленняў багатую і духоўна насычаную спадчыну ўсяго беларускага народа. Максім Рыжанкоў зачытаў віншаванне кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, дзе гаворыцца, што Нацыянальная бібліятэка па праве з'яўляецца галоўным цэнтрам асветы нашай дзяржавы.

— Сёння Нацыянальная бібліятэка паспяхова сумяшчае лепшыя традыцыі работы з чытачамі і найноўшыя тэхналогіі бібліятэчнай справы, — адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ. — Радуюць поспехі па папулярызацыі чытання і трансляцыі духоўных каштоўнасцяў. Вы з'яўляецеся неад'емным звяном усёй бібліятэчнай справы і заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва.

Тое, што кніга па-ранейшаму займае важнае месца ў жыцці беларусаў, пацвердзіла і міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ:

— Гісторыя беларускай кнігі самым непасрэдным чынам звязана з сучасным кнігавыданнем. Традыцыі мінулых стагоддзяў, нязгаснае святло Францыска Скарыны з'яўляюцца для нас тым грунтам, на якім выбудоўваецца нацыянальнае кнігавыданне, тым фундаментам, што дапамагае ўмацоўваць суверэнную і незалежную Беларусь.

Каля 600 дэлегатаў з 24 краін, якія прысутнічаюць на кангрэсе, як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, — гэта вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты, кіраўнікі і аўтарытэтныя спецыялісты навуковых, навучальных і культурных устаноў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Чарнагорыі і іншых краін.

У Нацыянальнай бібліятэцы распачала работу і ўнікальная міжнародная выстава «Францыск Скарына і яго эпоха». Там можна ўбачыць арыгіналы і факсіміле першадрукаў XV — XVІІ стагоддзяў, прывезеныя з іншых краін. З Германіі, напрыклад, дастаўлена 42-радковая Біблія Іагана Гутэнберга 1450-х гадоў. Цэнтральнае месца адведзена арыгінальным выданням Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет у Празе і Вільні ў 1517—1525 гадах. Выстава будзе працаваць да 31 снежня.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Святло Скарыны

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.