Вы тут

Як падманваюць пры арэндзе жылля


Кожны, хто хоць раз сутыкаўся са здыманнем кватэры, ведае, што гэта справа, якая добра-такі вымотвае нервы. Тут — амаль як з пошукам спадарожніка жыцця, — каб усё склалася ўдала, відаць, па-асабліваму павінны сысціся зоркі. Мала таго, што знайсці сімпатычную кватэрку не за касмічную суму і так не проста, арэндадаўцы, а часам і абсалютна староннія людзі (сапраўды, і такое бывае!) спрабуюць нажыцца на гэтым працэсе па максімуме.


«Вы нават не адчуеце розніцы!»

Возьмем хоць бы саму сістэму пошуку кватэры ў інтэрнэце. Здаецца, нават у часы аб'яў на слупах было прасцей. Дарэчы, некаторыя дагэтуль выкарыстоўваюць правераны спосаб, клеючы запіскі з нумарамі тэлефонаў накшталт «Мару зняць трохпакаёўку...» каля ўваходных дзвярэй у пад'ездзе. Магчыма, хочуць зэканоміць на выходных званках, але хутчэй за ўсё, проста не жадаюць нічога агульнага мець з рыэлтарскімі агенцтвамі.

Калі першы раз у пошукавым радку ўводзіш, напрыклад, «зняць кватэру ў Малінаўцы», пачынаеш радасна прадчуваць пераезд ужо на наступны дзень. Аб'яў, можа, і не так шмат, але сярод іх трапляюцца настолькі «салодкія», што здаецца, злавіў удачу за хвост. Але пачынаеш тэлефанаваць, а ў адказ — цішыня. Зноў і зноў пераглядаеш аб'яву на сайце, пакуль не заўважаеш, што да цябе гэта рабілі ўжо некалькі соцень разоў. Нестыковачка! Каб такую кватэру і не арандавалі. На самай справе здаваць кватэру з новым на выгляд рамонтам за ледзь не смешныя грошы вам ніхто не збіраецца — гэта прынада, каб вы зайшлі на той ці іншы сайт. Хітрасць непрыемная, але ў прынцыпе бясшкодная.

Але падзеі могуць развівацца і па іншым сцэнарыі. Па тэлефоне вам усё ж такі адкажуць і нават кватэру запросяць паглядзець, вось толькі акажацца яна зусім не такой, як вы чакалі. Як сказалі адной знаёмай маладой сям'і: «Але ж колеравая гама тая самая, вы нават не адчуеце розніцы!» Ды вось толькі рамонт, зроблены нядаўна і трыццаць гадоў назад, не аб'ядноўваюць ніякія колеры. Спосаб здачы, вядома, экстрэмальны, разлічаны ён на занадта сціплых або занадта стомленых арандатараў, якія могуць павесціся на ўгаворы накшталт: «Вы хацелі рамонт! Тут жа і не жыў ніхто толкам. Раён найцішэйшы, а чыгунка па начах толькі закалыхвае, ды і да бліжняй станцыі метро ўсяго тры прыпынкі на тралейбусе і яшчэ пяць на трамваі». Часцей за ўсё пагаджаюцца на такія нечаканыя ўмовы новаспечаныя жыхары горада і тыя, каго з папярэдняга жылля выселілі ў тэрміновым парадку.

«Разгружайце — я перадумала»

Многія раяць: каб пазбегнуць падобных сітуацый, трэба глядзець аб'явы толькі ад імя ўладальніка кватэры. Іх хоць і менш, чым ад агенцтваў у дзясятак разоў, затое так надзейней. Ідэя добрая, толькі працуе яна далёка не заўсёды. Але што дакладна, дык гэта тое, што з уладальнікам перад тым, як заехаць, у любым выпадку трэба пазнаёміцца, — бо менавіта з ім вы будзеце весці справы ў наступныя месяцы, а можа і гады. Непрыемная гісторыя адбылася з Таццянай, якая вырашыла, пераехаўшы з невялікага правінцыйнага мястэчка, паспрабаваць шчасця ў сталіцы.

Да справы падышла абдумана, спецыяльна прыехала паглядзець загадзя жыллё і шукала яго, вядома, праз фірму, каб не адставаць ад модных тэндэнцый. Кватэру знайшла недарагую, амаль без мэблі, але каго гэта бянтэжыла — можна і сваё дабро прывезці. Ударыўшы па руках з рыэлтарам, Таццяна адправілася дадому збіраць рэчы. І вось калі настаў дзень Х і вуглавая канапа па іроніі толькі-толькі была перанесена ў грузавую машыну, дзяўчыне паступіў званок. Маўляў, гаспадыня кватэру здаваць перадумала. На ціхенькія ўсхліпы Таццяны адказалі: прыязджайце разам з канапай, заселім у гэты ж дзень — варыянт падбяром яшчэ больш прыстойны. Але жаданне вырвацца ў сталіцу згасла не менш чым на месяц — там жа такія норавы. Грошы жанчыне вярнулі, але не без скандалу: сама вінаватая, што адмовілася прыязджаць. Ну а пра маральную кампенсацыю ніхто нават і не падумаў заікнуцца...

Пад маскай агента

Яшчэ больш дзіўны выпадак адбыўся з парай, якая пасля некалькіх гадоў адносін вырашыла з'ехацца. Абодва — уладальнікі прэстыжных, высокааплатных прафесій, таму і кватэру шукалі адпаведную: прыгожую і з усімі выгодамі. З мноства аб'яў спадабалася толькі адна — у астатніх інтэр'ерах бянтэжыла багацце знарочыста гламурных прадметаў, як люстры з мноствам страз, ці адсылкі да еўрарамонту пачатку двухтысячных — аркі і маляўнічыя фоташпалеры.

Але кватэра мары ўсё ж такі знайшлася, і галоўнае, у аб'яве было паказана запаветнае «ад уладальніка». Праўда, ужо пры сустрэчы высветлілася, што мужчына, які прыйшоў паказваць кватэру, з агенцтва. Ён увогуле прыкметна нерваваўся, прыспешваў з рашэннем, выкарыстоўваючы любімую фразу ўсіх рыэлтараў «у нас ёсць яшчэ адны кліенты на гэтую кватэру, і настроены яны вельмі рашуча». А потым і ўвогуле пачаў сцвярджаць, што праз дзень ляціць у адпачынак, таму вызначыцца трэба як мага хутчэй. Пару збянтэжылі не зусім пераканаўчыя довады, таму яны патэлефанавалі непасрэдна ў агенцтва, якое назваў «рыэлтар». Аказалася, арэндай жылля яно ніколі не займалася. Калі яны раскруцілі заблытаны ланцужок да канца, высветлілася, што мужчына ніякі не агент, а стары знаёмы гаспадара жылля. Той жыве ў іншым горадзе, таму прыязджаць паказваць кватэру кожны раз не можа. А сябар — калі ласка, вось толькі за тое, каб правесці з будучымі арэндадаўцамі ў кватэры 10 хвілін, ён прызначыў сабе нядрэнную ўзнагароду ў памеры 150 долараў. Суму гэтую ён у той раз так і не атрымаў і ў адпачынку, мабыць, быў крыху больш эканомным, чым планаваў. А пара ў кватэру мары ўсё ж засялілася, паабяцаўшы сабе наступны раз шукаць жыллё толькі праз знаёмых.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Кватэра з сюрпрызам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці