Вы тут

БАТЭ і «Црвена Звезда» згулялі ўнічыю


Букмекеры перад пачаткам чацвярговага двубою БАТЭ і “Црвены Звезды” ў групавым этапе Лігі Еўропы відавочна аддавалі перавагу сербскім футбалістам. Каэфіцыент на іх перамогу складаў 1.67-1.70, у той час як у выпадку вікторыі БАТЭ ён даходзіў ажно да 6.17.  Да таго ж перад барысаўчанамі стаяла задача вытрымаць вельмі магутны націск белградскіх фанатаў на стадыёне “Райка Міціч”. Не аднойчы УЕФА штрафавала “Црвену Звезду” за агрэсіўныя паводзіны яе балельшчыкаў. Прычым агульны рахунак спагнанняў ужо пайшоў на сотні тысяч еўра.


 

Фота: crvenazvezdafk.com

Але ў паядынку з БАТЭ белградскія фанаты зладзілі вельмі прыгожы перформанс, які азначаў – бітве быць.  І сербская дружына прэсінгавала моцна – капітану БАТЭ Віталю Радзівонаву дасталося двойчы менш чым за пятнаццаць хвілін, ды і мяч не аднойчы аказваўся ў штрафной нашай каманды. Аднак і барысаўчане з першых секунд матча не занялі глухую абарону, не баючыся пераходзіць у контратакі. Першы небяспечны момант для гаспадароў гульні ўзнік на 11-й хвіліне – Віталь Радзівонаў і Мірка Іваніч разыгралі цудоўную дзвюххадоўку, вынікам якой стаў удар у перакладзіну. Ды і валоданне мячом у першай палове стартавага тайма было прыкладна аднолькавым у абедзвюх каманд. Гаспадары поля відавочна не чакалі такой гульні – першая адносна небяспечная атака для барысаўскай брамы адбылася толькі на 27-й хвіліне. І пасля гэтага цэнтр падзей усё часцей стаў змяшчацца ў нашу штрафную. Напрыканцы першага тайма галкіперу Дзянісу Шчарбіцкаму давялося-такі пашчыраваць, каб не прапусціць мяч падчас атак “Црвены Звезды”, колькасць якіх нарастала лавінападобна. Але на перапынак каманды сышлі з нулямі на табло.

Агрэсіўны ціск "звездашоў" працягнуўся і на пачатку другога тайма. І было лагічна, што бясконцыя спробы прабіць браму барысаўчан рана ці позна, але скончацца поспехам. Так і атрымалася на 55-й хвіліне. Брак у абароне прывёў да таго, што паўабаронца Неманья Радоньіч апынуўся ў штрафной БАТЭ і ва ўпор пацэліў у вароты. А неўзабаве нашы гульцы ледзь не прапусцілі і другі гол. Пасля гэтага халоднага душу падапечныя Аляксандра Ермаковіча схамянуліся і пачалі абстрэльваць браму “Црвены Звезды”. Паступова ініцыятыва перайшла да БАТЭ, і ўжо на 73-й хвіліне Мікалай Сігневіч прыгожа замкнуў галавой навес Мірка Іваніча.

"Чырвона-белыя" пашчыкаталі нервы ў дадатковыя пяць хвілін да другога тайма. Горача ў штрафной БАТЭ было двойчы. І здавалася, што лік такі стане 2:1 не ў нашу карысць, але… Фінальны свісток абвясціў, што гульцы з Барысава вернуцца ў Беларусь з адным ачком, заробленым у гульні на змор.

У наступным раўндзе групавога этапу Лігі Еўропы БАТЭ згуляе дома з “Арсеналам”. Матч адбудзецца 28 верасня а 20-й гадзіне. У гэты ж час “Црвена Звезда” памераецца сіламі з “Кёльнам”, які саступіў лонданцам.

Становішча ў групе Н: "Арсенал" - 3 ачкі, "Батэ" - 1, "Црвена Звезда" - 1, "Кёльн" - 0.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.