Вы тут

Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў


Назначаныя кіраўнік міністэрства і дыпламат, узгодненыя старшыні шэрагу райвыканкамаў. Наказ Прэзідэнта — так працаваць на карысць родных рэгіёнаў, каб гэта адчувалася ў маштабах дзяржавы.


Кіраўнік дзяржавы прызначыў:

Худыка Андрэя Паўлавіча — міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Калесніка Валерыя Георгіевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Інданезія і па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Рэспубліцы Сінгапур і Рэспубліцы Філіпіны;

Алейніка Сяргея Фёдаравіча — пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Міжнароднай марской арганізацыі па сумяшчальніцтве;

Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне:

Гарбачова Андрэя Аляксеевіча — старшынёй Буда-Кашалёўскага райвыканкама;

Байковай Веранікі Анатольеўны — старшынёй Лоеўскага райвыканкама;

Палуянава Віктара Васільевіча — старшынёй Кастрычніцкага райвыканкама;

Алейнікава Дзмітрыя Вадзімавіча — старшынёй Светлагорскага райвыканкама;

Дзенгалёва Генадзя Іванавіча — старшынёй Барысаўскага райвыканкама;

Карповіча Мікалая Мікалаевіча — старшынёй Старадарожскага райвыканкама;

Казлова Віталя Мікалаевіча — старшынёй Чэрвеньскага райвыканкама;

Бачкова Дзмітрыя Уладзіміравіча — старшынёй Крычаўскага райвыканкама;

Матусевіча Дзмітрыя Феафанавіча — намеснікам міністра эканомікі;

Шчарбакова Сяргея Сяргеевіча — намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;

Бобыра Ігара Міхайлавіча — генеральным дырэктарам ААТ «Гродна Азот»;

Астрэйкі Аляксандра Вячаслававіча — членам Брэсцкага аблвыканкама;

Мурашкіна Аляксандра Андрэевіча — членам Брэсцкага аблвыканкама.

Звяртаючыся да Веранікі Байковай, новапрызначанай старшыні Лоеўскага райвыканкама, Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты рэгіён вельмі прыгожы і што ён сам вельмі любіць гэты гарадок:

— Думаю, што ў мяне атрымаецца пабываць у Лоеве, і мы ўжо там канкрэтна абмяркуем некаторыя пытанні яго развіцця. Хоць у свой час мы нямала зрабілі для развіцця гэтага мястэчка. Гэта проста цудоўнае месца ў Беларусі, адно з найпрыгажэйшых.

Кіраўнік дзяржавы плануе пабываць — магчыма, нават сёлета — і ў Буда-Кашалёве, дзе таксама новы старшыня райвыканкама.

— Трэба горад прывесці ў нармальны выгляд і прынцыпова заняцца вытворчасцю, асабліва сельскай гаспадаркай, — упэўнены кіраўнік краіны. — Раён добры, але ён павінен быць не ў хвасце і нават не ў сярэдзіне.

У Светлагорску цяпер будуецца завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Новае прадпрыемства павінна адкрыцца ўжо 7 лістапада і, калі ўсё пойдзе як трэба, яно кардынальна зменіць жыццё ў горадзе. Натуральна, у лепшы бок.

— Гэта ў вас здыме ўсе праблемы, — звярнуўся Прэзідэнт да новага кіраўніка раёна Дзмітрыя Алейнікава. — Я, безумоўна, проста абавязаны прыехаць у гэты час, адкрыць гэтае прадпрыемства і паглядзець, як яно будзе працаваць.

Новы старшыня прыйдзе і ў Барысаўскі райвыканкам.

— Калі мы гэты раён з кален паднімем, Мінская вобласць атрымае новае дыханне, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Разумейце сваю адказнасць у сувязі з гэтым. Орша — гэта пілотны праект. Можа быць, таму што я лепш ведаю гэты рэгіён у цэлым і гэты рэгіён для нас найбольш складаны. Мы таму за яго ўзяліся. Паралельна даручана ўраду, ўсёй краіне заняцца Барысаўскім рэгіёнам, Баранавіцкім. Можа быць, Маладзечна... Прыйшоў час гэтымі рэгіёнамі займацца. Таму хацелася б, каб вы пачалі сваю работу з гэтага. Гэта, вядома, не Орша з тымі праблемамі, якія там ёсць, але і ў Барысаве іх нямала.

Чэрвеньскі і Крычаўскі раёны, дзе таксама прызначаны новыя старшыні райвыканкамаў, па словах кіраўніка дзяржавы, — вельмі важныя. Асабліва Крычаў, дзе высокі ўзровень прамысловасці. Чэрвень жа знаходзіцца блізка ад сталіцы.

— Людзі з задавальненнем едуць сюды (у Чэрвень. — Аўт.), — канстатаваў Прэзідэнт. —Упэўнены, што прыток насельніцтва туды будзе ўзрастаць у сувязі з тым, што мы звужаем будаўніцтва жылля
ў Мінску. Ды і людзі адчулі смак вёскі, прыроды... Гэта датычыцца і Барысава, і вас, і Смалявіч, і Смілавіч. Звярніце на гэта ўвагу: павінен быць парадак.

* * *

Звяртаючыся да ўсіх новапрызначаных старшынь райвыканкамаў, кіраўнік краіны падкрэсліў: патрабаванні да іх пастаянна ўзрастаюць.

— Так, мы будзем вас падтрымліваць, — сказаў беларускі лідар. — Вы бачыце таксама, што з гэтай уборкі вы ўсё больш і больш атрымліваеце правоў. Хацелася б, каб вы імі скарысталіся. Па-народнаму скажу, — вы не павінны працаваць з губернатарамі і з іншымі па прынцыпе «ён — кіраўнік, а вы — дурань». Гэтага быць не павінна. Вы фактычна людзі, прызначаныя Прэзідэнтам. Ніхто не можа вас ні адхіліць ад пасады, ні нейкімі іншымі пытаннямі займацца без дазволу Прэзідэнта. Гэта значыць, вы маеце салідныя індульгенцыі, саліднае прыкрыццё з боку Прэзідэнта.

У той час, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, і попыт з кіраўнікоў асобны. Ён заклікаў старшынь райвыканкамаў не быць маўклівымі выканаўцамі і нагадаў: ад таго, як яны будуць працаваць, залежыць дабрабыт дзяржавы ў цэлым.

Асобную ўвагу і асцярожнасць, па словах кіраўніка краіны, уладам трэба праяўляць у вырашэнні тых пытанняў, ад якіх напрамую залежаць лёсы людзей.

— Усе мы сёння начальнікі, а заўтра — простыя людзі. Сто працэнтаў — ад вас да Прэзідэнта — усе мы калісьці будзем простымі людзьмі. Трэба разумець і паважаць людзей, з якімі мы працуем. Але дысцыпліна і патрабаванне — гэта пытанне нумар адзін. Таму што гэтага ў нас у краіне як раз не хапае.

Выказаўся кіраўнік дзяржавы і наконт традыцыйнага «трыа» сацыялкі: занятасці, зарплат і цэн. Прэзідэнт падкрэсліў: патрабаванні Дэкрэта №3 ніхто не адмяняў, адпаведна на месцах трэба разабрацца — некаму дапамагчы з пошукам працы, іншага — проста прымусіць працаваць. Што да зарплат, то патрабаванне ранейшае: падняць сярэднюю зарплату па краіне да ўзроўню 1000 рублёў. Наконт цэнаўтварэння таксама даручэнне простае і яснае: для павышэння цэн сёння няма падстаў. Адпаведна, за гэтым патрэбны кантроль.

Загаловак у газеце: Сур'ёзныя паўнамоцтвы і высокая адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».