Вы тут

Аляксандру Мядзведзю споўнілася 80 гадоў


Ён нарадзіўся ва ўкраінскай вёсцы Белая Царква ў сям'і лесніка. У юнацкім узросце вызначаўся выдатнымі антрапаметрычнымі данымі — рост 190 см, вага больш за 90 кг, таму спрабаваў сябе ў розных відах спорту, але сярод валейбола, баскетбола, лёгкай атлетыкі і нават гімнастыкі абраў барацьбу. Яго сур'ёзная спартыўная кар'ера пачалася ў войску, а потым хутка пра Аляксандра Мядзведзя даведаўся і ўвесь свет.


У 1961 годзе ён стаў найлепшым сярод вольных барцоў у цяжкай вазе ў СССР, а праз тры гады выйграў свой першы залаты алімпійскі медаль. Найлепшым Мядзведзь стаў і на наступных Алімпійскіх гульнях у Мехіка, а вось на трэція ў кар'еры Гульні ў Мюнхене Аляксандр Васілевіч адпраўляўся ўжо ў 35-гадовым узросце і напэўна разумеў, што яны стануць для яго апошнімі.

У вырашальным паядынку Мядзведзь сустрэўся з даўнім сваім сапернікам — балгарынам Асманам Дураліевым. Ён таксама хацеў пакінуць спорт пасля гэтай Алімпіяды, пайсці, адабраўшы ў Мядзведзя «золата». Неверагодны па напружанні паядынак скончыўся пераканаўчай перамогай савецкага барца. Мядзведзь пакланіўся ва ўсе бакі гледачам, выйшаў на сярэдзіну дывана, упаў на калені і пацалаваў яго... Увесь спартыўны свет таго часу запомніў гэтую карціну. Зала ўстала і абрынула на трохразовага алімпійскага чэмпіёна гром апладысментаў. Так, непераможным, Мядзведзь развітаўся з вялікім спортам.

Пра трываласць і сілу волі Аляксандра Васілевіча хадзілі легенды, балельшчыкі захапляліся неверагодна ўчэпістымі і спрытнымі рукамі Мядзведзя. Паядынкі з яго ўдзелам любілі не толькі гледачы, але і суддзі, таму што тэхніка савецкага барца была вельмі разнастайнай, публіка з заміраннем сэрца назірала, як ён спраўляецца з барцамі, большымі за сябе па масе і аб'ёме.

Акрамя мноства спартыўных узнагарод, Аляксандр Васілевіч атрымаў прыз «За высакароднасць у спорце», заснаваны ЮНЕСКА. Ён прызнаны найлепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі спорту і ўведзены ў залу спартыўнай славы барацьбы.

Алімпіяда-1972. Мюнхен. Паядынак Аляксандра Мядзведзя і амерыканскага барца Крыса Тэйлара

У Мінску з нагоды юбілею легендарнага барца пройдзе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку турнір імя Аляксандра Мядзведзя, які даўно стаў традыцыйным і праводзіцца ў сталіцы ўжо 47 гадоў. Сёлета ў спаборніцтвах прымаюць удзел каля 300 спартсменаў з 15 краін. Наймацнейшыя барцоўскія дзяржавы прывезлі ў Мінск самых лепшых сваіх прадстаўнікоў. Турнір праходзіць у сталічным Палацы спорту. Акрамя таго, сёння ў мінскай ратушы пройдзе ўрачыстая цырымонія ўшанавання юбіляра з уручэннем яму медаля Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «За выдатныя заслугі» і ганаровай узнагароды Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з 80-годдзем трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.

«На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці Вы былі цесна звязаны са спортам вышэйшых дасягненняў і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё вольнай барацьбы, праславілі нашу Радзіму на міжнароднай арэне, стаўшы трохразовым алімпійскім чэмпіёнам», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што легендарныя перамогі спартсмена вядомыя ва ўсіх кутках свету. «Сёння Вы дзеліцеся сваімі ведамі і багатым вопытам з падрастаючым пакаленнем атлетаў, актыўна спрыяючы развіццю алімпійскага руху ў Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

Дасягненні

Аляксандр Мядзведзь — алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе (у 1964-м — у паўцяжкай вазе, у 1968 і 1972 гадах — у цяжкай вазе). Чэмпіён свету 1962—1963, 1966—1967, 1969—1971 гадоў. Чэмпіён Еўропы 1966, 1968, 1972 гадоў. Чэмпіён СССР 1961—1963, 1966—1970 гадоў

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Найлепшы барэц ХХ стагоддзя адзначае юбілей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».