Вы тут

У цэнтры Бешанковічаў з'явілася якарная алея


У цэнтры Бешанковічаў энтузіясты зрабілі ўнікальную алею — з якараў, якія дасталі з дна Заходняй Дзвіны

У сваіх пачынаннях яны атрымалі падтрымку кіраўніцтва мясцовай улады.


З глыбіні 6 метраў

Андрэй Трубецкі, аўтар ідэі — індывідуальны прадпрымальнік, кіраўнік прыватнай фірмы, каваль, рамеснік. Ён таксама — краязнавец, калекцыянер прадметаў быту мінулага.

— Спачатку ўсталявалі ў парку памятны знак — у даніну памяці тых, хто жыў у былым мястэчку. І на п'едэстале невыпадкова замацавалі якар. Бешанковічы заснаваныя і развіваліся, у першую чаргу, дзякуючы рацэ. Судны тут прычальвалі значна раней, чым было заселена наваколле, — расказвае Андрэй.

Цяпер у якасці працягу рэалізацыі ідэі шанавання продкаў можна ўбачыць алею з васьмі якараў. Яна насупраць будынка, дзе знаходзіцца загс. І наваспечаныя муж і жонка з задавальненнем ускладаюць кветкі да каменя, на якім апавядаецца пра алею.

Якары розных канструкцый зроблены ў XVІІ—XІX стагоддзях.

— Дасталі без акваланга з дна ракі разам з Андрэем Бурнейкам, таксама краязнаўцам. Аўтар тэксту памятнага знака — Станіслаў Леаненка, яшчэ адзін знаток гісторыі краю. Мы — тутэйшая тройца аматараў вывучаць даўніну, — працягвае Андрэй.

Знаходкі якараў на дне ракі яны тлумачаць проста. Калісьці па Заходняй Дзвіне праходзіла многа суднаў. У прыватнасці, баркі даўжынёй 50 і шырынёй 35 метраў. І часцей за ўсё якары апускалі пад ваду на пяньковых вяроўках. І, калі апошнія рваліся, якары заставаліся на дне на глыбіні прыкладна ад 4 да 6 метраў.

На алеі можна ўбачыць не ўсе якары з калекцыі Андрэя. Большасць — каля 15 — чакаюць свайго часу.

— Аднойчы на дне ўбачыў каменны якар. Некалькі разоў потым шукаў гэтае месца, ды не атрымалася, — працягвае субяседнік.

Расказаў ён і пра іншыя перспектыўныя аб'екты ў парку. У прыватнасці, Андрэй яшчэ задумаў усталяваць металічнае «дрэва закаханых». Паколькі ён сабраў багатую калекцыю жорнаў, плануе ўпрыгожыць імі тэрыторыю.

Падчас падводнага палявання часта бачыў на дне не толькі якары. Знаходкі папаўнялі калекцыю. І яе паказвае бясплатна — на тэрыторыі былога завода, які выкупіў для камерцыйнай дзейнасці. Частыя наведвальнікі — школьнікі.

Сведкі гісторыі

Андрэй некалькі гадоў таму ініцыяваў усталяванне помніка тым, хто загінуў падчас вайны. Ён знаходзіцца на мяжы Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Андрэй актыўны ўдзельнік добраўпарадкавання старых яўрэйскіх могілак. Сюды штогод прыязджаюць розныя дэлегацыі і валанцёры, якія працягваюць работу...

Бешанковіцкі прадпрымальнік марыць цяпер, каб нейкі памятны знак з'явіўся на месцы абарончых земляных валоў і траншэй часоў вайны 1812 года. Адзначыў, што такіх больш нідзе ў Беларусі не ўбачыш. Ды і ва ўсёй Еўропе аналагічнае ў такім добрым стане — рэдкасць.

З асаблівай цеплынёй Андрэй распавядаў пра задумку ўвекавечыць месца, дзе знаходзіўся праваслаўны храм, пабудаваны ў XVІІІ стагоддзі. Свята-Мікольскую царкву ў 1899 годзе разабралі з-за таго, што яна была ў аварыйным стане... Цудам да нашага часу захаваўся вялікі металічны крыж з купала. Ён знаходзіцца на прыватным участку зямлі. Гасцінныя гаспадары дазваляюць прайсці да крыжа Андрэю і іншым мясцовым краязнаўцам з тымі, хто цікавіцца гісторыяй мястэчка.

У планах і стварэнне месца памяці ў раёне падзення савецкага ваеннага самалёта ПЕ-2

Фірма Андрэя знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны. Побач — два будынкі былых панскіх складоў, пабудаваных у XІX стагоддзі. А недалёка ваенныя раскінулі пантон. Андрэй будзе рады дапамагчы стварыць у гэтым жывапісным месцы турыстычны комплекс... Упэўнены, што ён будзе папулярны.

У прыватнасці, расказаў пра аўстрыйцаў, якія самастойна вырашылі падарожнічаць па Беларусі і заехалі ў Бешанковічы. Дык затрымаліся на чатыры дні! А, на першы погляд, што там такі доўгі час рабіць? З задавальненнем наведалі музей, аб'екты сацыяльнага прызначэння і іншае. Знаёмства з мясцовымі аматарамі даўніны іх здзівіла. Слухалі б і яшчэ, каб не трэба было вяртацца дамоў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Бешанковічы—Віцебск

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.