Вы тут

Што адбываецца ў М'янме?


Сітуацыя ў М'янме застаецца ў цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці. Напрыканцы жніўня ўрадавыя войскі пачалі поўнамаштабную аперацыю ў адным са штатаў супраць баевікоў руху «Армія выратавання Аракан рахінджа» (ARSA). Яго кіраўніцтва краіны лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй. Дзеянні ўладаў сталі адказам на напад баевікоў на паліцэйскія пасты і вайсковую базу. Падчас сутыкненняў ужо загінула больш чым 400 чалавек. Колькасць мусульман-рахінджа, якія ратуюцца ад гвалту ў М'янме і шукаюць прытулку ў суседняй Бангладэш, паводле розных ацэнак, перавысіла 370 тысяч. Генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш выказаў сваю занепакоенасць Савету Бяспекі, прапанаваўшы розныя крокі для спынення гвалту. Наконт неабходнасці ўрэгулявання сітуацыі выказаліся лідары шэрагу дзяржаў. У асобных краінах з мусульманскім насельніцтвам адбыліся мітынгі ў падтрымку рахінджа. А вось дзяржаўны саветнік і міністр замежных спраў М'янмы Аун Сан Су Чжы, якая фактычна з'яўляецца палітычным лідарам краіны, заявіла аб «масавай дэзынфармацыі» вакол падзей у рэспубліцы. Што ж адбываецца ў гэтай краіне?


7 правінцый і 7 штатаў

Пераважна населеная будыстамі М'янма толькі нядаўна пазбавілася ад дыктатарскай улады ваенных, якія кіравалі краінай з 1962 года. Краіну дзесяцігоддзямі раздзіраюць разнастайныя міжнацыянальныя, палітычныя, крымінальныя і рэлігійныя канфлікты. Гэта заблытанае супрацьстаянне дзясяткаў бакоў, у якім сышліся партызанскія і падпольныя рухі, ваенна-палітычныя сілы, якія аказваюць уплыў з Кітая, Індыі, Тайланда, сепаратысцкія рухі нацыянальных меншасцяў і злачынныя групоўкі, якія кантралююць вытворчасць і збыт опіуму і наркотыкаў, што вырабляюцца з яго, — значная частка тэрыторыі М'янмы знаходзіцца ў межах знакамітага «залатога трохвугольніка».

Рэспубліка Саюз М'янма, як цяпер афіцыйна называецца гэтая дзяржава, складаецца з сямі правінцый, населеных уласна бірманцамі, «бама», і сямі нацыянальных штатаў, ні адзін з якіх у рэальнасці ніколі не прызнаваў улады цэнтральнага ўрада. Насяляюць іх народы і разнастайныя мясцовыя палітычныя і крымінальныя аб'яднанні, якія заўсёды вялі супраць сталіцы і супраць адзін аднаго свае грамадзянскія войны. Праўда, апошнім часам з усімі штатамі фармальна дасягнута пагадненне аб спыненні агню. Сыходзячы з М'янмы, якая тады звалася Брытанскай Бірмай, у 40-я гады XX стагоддзя брытанская каланіяльная адміністрацыя паабяцала даць незалежнасць амаль усім нацыянальным ускраінам, што збольшага і стала прычынай наступных канфліктаў, паколькі зроблена гэтага не было.

У ліку дзяржаў, якія не адбыліся, і нацыянальны штат Ракхайн ці Аракан — вузкая паласа зямлі на бірманскім узбярэжжы Бенгальскага заліва, на крайнім захадзе мяжуе з Бангладэш. Менавіта Ракхайн і з'яўляецца радзімай паўтарамільённага мусульманскага народа рахінджа — па іх ўласным меркаванні. Улады ж М'янмы так не лічаць, называючы ўвесь гэты этнас «незаконнымі мігрантамі», а таксама «ісламскімі баевікамі», якіх падтрымліваюць міжнародныя тэрарыстычныя сеткі і «некаторыя мусульманскія манархіі Персідскага заліва». Узброены канфлікт з рахінджа абвастрыўся 9 кастрычніка 2016 года, а затым яшчэ мацней —- сёлета 25 жніўня, калі байцы мясцовай нешматлікай узброенай групоўкі «Армія выратавання Аракан рахінджа», якая сапраўды абвяшчае ісламісцкія лозунгі, напалі адразу на 30 армейскіх аб'ектаў і паліцэйскіх участкаў, забіўшы 15 чалавек у якасці «акта помсты» за пераслед сваіх суайчыннікаў. У адказ пачалася ваенная «акцыя помсты», якую міжнародныя праваабарончыя арганізацыі называюць генацыдам усяго мусульманскага насельніцтва штата Ракхайн, дзе іслам вызнаюць, дарэчы, не толькі рахінджа. Як сцвярджаюць СМІ, па падазрэнні ў «тэрарызме» арыштаваныя сотні чалавек, у тым ліку 82-гадовы стары і 13-гадовы падлетак. Афіцыйныя ўлады па стане на 1 верасня заявілі аб прыкладна 400 знішчаных «паўстанцах» і толькі 17 «выпадкова загінулых» мірных жыхарах. Аднак мірныя рахінджа, якія здолелі па джунглях і рэках пераправіцца ў Бангладэш і іншыя дзяржавы рэгіёна, расказваюць пра тысячы забітых аднавяскоўцаў, знішчэнні і падпал іх вёсак, зверствы, катаванні і групавыя згвалтаванні, якія масава здзяйсняюцца салдатамі і паліцэйскімі ў іх родных краях.

Новыя гульцы

М'янма, найбуйнейшая па плошчы (678 тыс. кв. км) кантынентальная дзяржава Паўднёва-Усходняй Азіі, якая знаходзіцца на скрыжаванні стратэгічных інтарэсаў рэгіянальных «палюсоў сілы» — Кітая, Індыі і АСЕАН, застаецца закладніцай застарэлага канфлікту з мусульманскай меншасцю. На думку экспертаў, гэтая краіна — складаны кангламерат народнасцяў, але ўсіх іх аб'ядноўвае агульная бірманская гісторыя і дзяржаўнасць. Рахінджа выпадаюць з гэтай сістэмы супольнасцяў, і менавіта ў гэтым зерне канфлікту, у выніку якога гінуць і мусульмане, і будысты. Існуе некалькі гістарычных тэорый, якія па-рознаму тлумачаць з'яўленне рахінджа ў М'янме. Самі прадстаўнікі названага народа лічаць сябе карэнным насельніцтвам штата Ракхайн, збольшага нашчадкамі арабаў, якія каланізавалі ўзбярэжжа Індыйскага акіяна ў Сярэднявеччы. І сапраўды, у мове рахінджа шмат запазычанняў з санскрыту, арабскай, персідскай і нават партугальскай моў. Аднак мясцовыя будысты і ўлады М'янмы сцвярджаюць, што насамрэч рахінджа — гэта этнічныя бенгальцы-мусульмане, калісьці пераселеныя на ўсход брытанскімі каланіяльнымі ўладамі з тэрыторыі цяперашняй Бангладэш у якасці таннай працоўнай сілы, а таксама бежанцы адтуль падчас вайны за незалежнасць гэтай тэрыторыі ад Пакістана ў 1971 годзе.

Некаторыя навукоўцы нагадваюць таксама, што ўзаемную нянавісць паміж будыстамі і мусульманамі ў гэтай частцы М'янмы асабліва падагрэлі падзеі Другой сусветнай вайны, калі Брытанская Бірма была захоплена Японіяй. Мусульмане-рахінджа засталіся на баку брытанцаў і пачалі партызанскую барацьбу. Мясцовыя ж будысты ў штаце Ракхайн падтрымалі японскіх акупантаў, якія паабяцалі даць краіне незалежнасць, і пачалі масава ўступаць у «Нацыянальную армію Бірмы», якая ваявала на баку Токіа. На чале гэтага войска стаяў генерал Аун Сан, адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Бірмы, — бацька Аун Сан Су Чжы, якая цяпер узначальвае краіну.

Магчыма, рахінджа ў такой сітуацыі і пакінулі б краіну, аднак «родная» Бангладэш проста не ў стане прыняць такую колькасць перасяленцаў. Чаму? Паколькі з'яўляецца адной з самых бедных і перанаселеных краін свету — у дзяржаве плошчай 147,5 тыс. кв. км (нагадаю, для параўнання, што плошча Беларусі складае 207,6 тыс. кв. км) жыве амаль 170 мільёнаў чалавек. Лагеры бежанцаў там перапоўненыя. Нядаўна бангладэшскія чыноўнікі вярнуліся да старой ідэі — пасяліць іх на амаль незаселеным і фактычна некантралюемым востраве Тэнгар Чар, які мае дурную славу прыстанішча піратаў і кантрабандыстаў, дзе няма ніякай інфраструктуры. Цяпер, у сезон дажджоў, востраў амаль цалкам схаваны пад вадой. Гэта выклікала абурэнне праваабаронцаў і шэрагу сусветных палітыкаў. Ёсць «раскладка» і па іншых суседніх краінах. Так, у Малайзіі ўжо знаходзяцца не менш за 120 тысяч бежанцаў з М'янмы. 40 тысяч рахінджа плануюць выслаць улады Індыі, нягледзячы на тое што ААН прызнала частку з іх бежанцамі. Прадстаўнік індыйскага ўрада заявіў, што ўсе рахінджа знаходзяцца ў краіне нелегальна. ААН падкрэслівае, што міжнароднае права забараняе высылаць бежанцаў у краіну, дзе ім можа пагражаць небяспека. Аднак урад Індыі кажа, што краіна не падпісала канвенцыю аб статусе бежанцаў і ўсе нелегальныя імігранты будуць дэпартаваныя.

Паводле розных ацэнак, да мільёна рахінджа дагэтуль застаюцца на тэрыторыі М'янмы. Пазбаўленыя грамадзянскіх правоў, працоўных магчымасцяў, пражываючы ў найбяднейшым штаце краіны, яны яшчэ больш радыкалізуюцца. «Армія выратавання Аракан рахінджа « (іншая назва — «Аракан аль-Якін» ці «рух веры») упершыню заявіла пра сябе ў кастрычніку 2016 года, калі яе баевікі ўчынілі напад на паліцэйскія ўчасткі, забіўшы дзевяцярых супрацоўнікаў. Групоўка сцвярджае, што яе мэта — «пабудова дэмакратычнай ісламскай дзяржавы для народа рахінджа, абарона этнічнай меншасці рахінджа ад рэпрэсій з боку м'янманскіх уладаў». А тыя ў сваю чаргу сцвярджаюць, што гэта тэрарыстычная арганізацыя, чые лідары атрымалі падрыхтоўку ў трэніровачных лагерах за мяжой. Паводле звестак «Міжнароднай антыкрызіснай групы», яе лідарам з'яўляецца Ата Ула, прадстаўнік народнасці рахінджа, які нарадзіўся ў Пакістане, але вырас у Саудаўскай Аравіі, дзе атрымаў рэлігійную адукацыю ў Мецы, і дагэтуль падтрымлівае цесныя сувязі з гэтай краінай. Аднак прадстаўнік «Арміі выратавання Аракан рахінджа» ў інтэрв'ю выданню Asіa Tіmes заявіў, што ў яе няма сувязяў з джыхадысцкімі групоўкамі, яе членамі з'яўляюцца маладыя мужчыны народнасці рахінджа, засмучаныя тым, як стала развівацца сітуацыя пасля сутыкненняў 2012 года. Тады падчас успышкі міжрэлігійнага насілля паміж будысцкім насельніцтвам штата і, як мяркуюць, мусульманамі-рахінджа больш за 100 тысяч мусульман аказаліся без прытулку, дзясяткі тысяч мусульман-рахінджа дагэтуль знаходзяцца ў часовых лагерах, адкуль ім не дазваляюць выязджаць. Прычынай канфлікту стала згвалтаванне і забойства маладой дзяўчыны з будыйскай сям'і.

Між тым Міжнародная антыкрызісная група паказвае ў сваёй справаздачы аб сітуацыі ў штаце Ракхайн напрыканцы мінулага года: «З'яўленне гэтай добра арганізаванай, і, відаць, добра фінансуемай групоўкі цалкам змяняе сітуацыю ў тым, што датычыцца спроб уладаў М'янмы справіцца са складанымі праблемамі штата Ракхайн, якія ўключаюць у сябе даўнюю дыскрымінацыю супраць мусульманскага насельніцтва, адмову ў правах і грамадзянстве». Па звестках уладаў, якія спасылаліся на інфармацыю, атрыманую ад мясцовых жыхароў, яшчэ за некалькі месяцаў да ўспышкі насілля пасланнікі АRSA пачалі рэкрутаваць сотні маладых мужчын з мусульманскіх вёсак, якія пасля праходзілі падрыхтоўку за мяжой. Цяпер доступ журналістаў у гэтую правінцыю вельмі абмежаваны, таму цяжка пацвердзіць або абвергнуць канкрэтныя лічбы. Праваабарончая арганізацыя «Х'юман Райтс Уоч», абапіраючыся на спадарожнікавыя фатаграфіі, заяўляе, што хваляванні ахапілі па меншай меры 10 раёнаў.

Дачка генерала

Аун Сан Су Чжы, якая фактычна ўзначальвае дзяржаву, доўгія гады змагалася за дэмакратызацыю ў краіне, дзе панаваў ваенны рэжым. Яна — дачка генерала Аун Сана, заснавальніка Бірмы. У 1947-м, напярэдадні абвяшчэння незалежнасці ад Брытаніі, Аун Сан, які ўзначальваў тады пераходную адміністрацыю краіны, быў забіты пры спробе дзяржаўнага перавароту, калі яго дачцэ было ўсяго два гады. Дзяўчынку выхоўвала маці, якая спачатку працавала ва ўрадзе, а потым стала дыпламатам. Аун скончыла каледж у Індыі, потым атрымала ступень бакалаўра па паліталогіі і эканоміцы ў Оксфардзе, працавала ў ААН, пераехала ў Англію, абараніла доктарскую, нарадзіла двух сыноў.

Калі ў 1988 годзе яна паехала ў Бірму наведаць сваю хворую маці, у краіне ўспыхнулі студэнцкія хваляванні, якія перараслі ў паўстанне супраць хунты. Аун далучылася да паўстанцаў, 26 жніўня ўпершыню ў жыцці выступіла на мітынгу, а ўжо ў верасні стала заснавальнікам і старшынёй уласнай партыі — «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю». Неўзабаве адбыўся новы ваенны пераварот, генерала-камуніста змяніў генерал-нацыяналіст, Аун Сан Су Чжы не дапусцілі да выбараў і ўпершыню змясцілі пад хатні арышт. Тым не менш новая хунта правяла выбары (першыя за 30 гадоў), «Ліга за дэмакратыю» набрала на іх 59 працэнтаў галасоў і атрымала 80 працэнтаў месцаў у парламенце. Пры такім раскладзе Аун павінна была стаць прэм'ер-міністрам. Ваенныя ўладу не аддалі, вынікі выбараў адмянілі, дачка генерала зноў была арыштаваная.

Яна была пад хатнім арыштам у 1991-м, калі яе сыны-падлеткі прымалі прысуджаную ёй Нобелеўскую прэмію. З 1995 па 2000 год, калі яна была на свабодзе, ваенныя асабліва імкнуліся выжыць яе з краіны. У 2002-м яе зноў вызвалілі, а праз год, пасля здзейсненага на яе ж замаху, зноў арыштавалі і таемна зняволілі ў турму, чатыры месяцы пра яе лёс нічога не было вядома. Выступаючы на першым пасля свайго вызвалення мітынгу, яна заклікала не да звяржэння антынароднага рэжыму, а да нацыянальнага прымірэння. Восенню 2015 года «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», якую ўзначаліла 70-гадовая Аун Сан Су Чжы, заваявала большасць галасоў у абедзвюх палатах парламента М'янмы на першых у гісторыі краіны свабодных выбарах. Цяпер яна займае пасаду дзяржсаветніка, якая адпаведная прэм'ер-міністру, дазваляе працаваць ва ўсіх абласцях кіравання. Па сутнасці, яна ўплывае на ўсе рашэнні ў краіне. Як мяркуюць аналітыкі, Аун Сан Су Чжы вымушана быць жорсткай. «Дачка свайго народа, яна не можа заклікаць бірманцаў праявіць ласку і дазволіць мусульманам-рахінджа бесперашкодна засяліць землі ў Аракане, — адзначыў «Коммерсанту» загадчык кафедры Маскоўскага гуманітарнага ўніверсітэта, дырэктар цэнтра Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Інстытута ўсходазнаўства РАН Дзмітрый Масякоў. — Яна разумее межы свайго лібералізму і дзейнічае цалкам прагматычна — ва ўнісон і з ваеннымі, і з рознымі палітычнымі групамі. Яна вымушана ісці на пэўныя кампрамісы». Гэта і будзе вызначаць развіццё сітуацыі ў М'янме, якая ўзрушыла свет.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Непрыкаяныя рахінджа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».