Вы тут

Дзелавая жанчына: шчырасць без рызыкі


Чалавечны кіраўнік, карысныя эмоцыі і ген узаемадзеяння

Трое рыбакоў неяк вылавілі ў моры бутэльку з джынам, які паабяцаў выканаць жаданне кожнага з іх. Адзін захацеў быць разумным, другі — багатым, а трэці — умець заўжды знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. І джын ператварыў апошняга ў жанчыну. Гэтая прыпавесць цудоўна характарызуе ўменні, уласцівыя прыгожай палове чалавецтва. А яшчэ жанчыны добрыя кіраўнікі, бо менш рызыкуюць, усведамляюць сацыяльную адказнасць і... умеюць слухаць. Пра здольнасці і поспехі бізнес-лэдзі разважалі на канферэнцыі «Тэрыторыя бізнесу: жаночы погляд».


Шанц раскрыць здольнасці

— Жанчыне няпроста прабіцца па кар'ернай лесвіцы з-за стэрэатыпаў, ад якіх нікуды не дзецца. Аднак у яе ёсць ніша, якая заўжды дае магчымасць раскрыць свой патэнцыял, — прадпрымальніцтва, — абазначыла Мар'яна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын», нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Яна расказала пра клуб прадпрымальніцтва, створаны ў БСЖ, які аб'ядноўвае бізнес-лэдзі і мае на мэце падтрымліваць іх у першых кроках:

— Пачынаючы сваю справу, жанчына, па сутнасці, выходзіць у свабоднае плаванне, і лепш за ўсё дапамагчы ёй могуць менавіта такія ж жанчыны, якія адбыліся як прадпрымальніцы. Мы ўсе павінны аб'яднаць розныя кірункі работы з прадпрымальніцтвам і дасягнуць галоўнага — развіць жаночы бізнес у Беларусі, і павінны зрабіць гэта самі.

Старшыня БСЖ заклікала жанчын казаць, што трэба карэктаваць і мяняць, каб палегчыць працу прадпрымальніц, і паабяцала, што ўсе прапановы будуць разгледжаны на ўзроўні парламента.

Сярод цяжкасцяў, з якімі прыходзіцца сутыкацца, сучасныя бізнес-лэдзі назвалі стасункі з дзяржаўнымі структурамі, фінансавыя пытанні, адсутнасць падтрымкі з боку.

Заахвочванню і падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва ў нашай краіне спрыяе праграма «Жанчыны ў бізнесе», распрацаваная Еўрапейскім банкам развіцця і рэканструкцыі. Яна скіравана на аблягчэнне доступу жанчын да крэдытаў і фінансавых кансультацый. У Беларусі да гэтага пачынання далучыліся тры мясцовыя банкі, якія распрацавалі эксклюзіўныя прадукты, што ўлічваюць патрэбнасці і спецыфіку малых і сярэдніх прадпрыемстваў пад кіраўніцтвам жанчын. За час дзеяння праграмы больш за 170 прадпрыемстваў атрымалі крэдыты ў банках-партнёрах на суму звыш $7 млн.

— Калі жанчынам даць шанц, асабліва фінансавы, яны карыстаюцца ім значна больш паспяхова, чым мужчыны. Але часта прадпрымальніцы нават не даходзяць да банкаў, баючыся рызыкі, адпаведна, іх бізнес развіваецца не так паспяхова, як мог бы. Тым не менш яны могуць унесці сур'ёзны ўклад у развіццё эканомікі дзяржавы, — заўважыла Вольга КУЗНЯЦОВА, прадстаўніца Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Беларусі.

Крысціна ЮХАНЕСАН, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі: «У Швецыі колькасць кампаній, якімі кіруюць жанчыны, расце хутчэй, чым тых, якія ўзначальваюць мужчыны. Палова ўрада — жанчыны, у Міністэрстве замежных спраў упершыню — 45% жанчын-паслоў. У якасці экспертаў-каментатараў на тэлебачанне і радыё ў студыі запрашаюцца пароўну спецыялісты мужчыны і жанчыны. І за гэтымі дасягненнямі стаіць вялікая праца».

Паспяховасць — у канкурэнцыі і адказнасці

Псіхолагі сведчаць, што толькі 6% насельніцтва генетычна схільныя да прадпрымальніцтва. Аднак веды, уменні і навыкі, што дапамогуць дасягнуць поспеху ў гэтай галіне, — рэчы, якія можна набыць з вопытам, калі паставіць мэту, лічаць бізнес-лэдзі. Высокая камунікабельнасць, сацыяльная адказнасць, уменне спалучаць традыцыі і навацыі, практычна перабудаваць мысленне — уласцівасці жанчын-прадпрымальніц, якія дасягаюць поспеху.

Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, трыма галоўнымі фактарамі для паспяховага бізнесу мужчыны-прадпрымальнікі лічаць цвёрдую волю, рацыяналізм і эфектыўнасць, а жанчыны — адукацыю, шчырасць і адказнасць. Пры гэтым прадпрымальніцы, якія дасягнулі поспеху ў бізнесе, адзначаюць, што падтрымкай для іх сталі кемлівы работадаўца, добры муж і выбудаваная сістэма падтрымкі.

— Жаночы стыль кіраўніцтва больш гнуткі, мы, жанчыны, умеем хутка пераключацца з адной сацыяльнай ролі на другую, а эмоцыі, якія можам праяўляць, ствараюць атмасферу шчырасці, — упэўнена Алена ЛІНЁВА, намесніца генеральнага дырэктара УП «Адані».

Жаночыя фірмы значна радзей разараюцца, бо жанчыны не ідуць на неабдуманую рызыку і працуюць разам з камандай, а не ставяць сябе над ёй. Іншыя складальнікі поспеху ў тым, што яны не баяцца канкурэнцыі супрацоўнікаў і лічаць за лепшае акружаць сябе здольнымі людзьмі. Акрамя таго, жанчыны-прадпрымальніцы ўвесь час вучацца і не баяцца задаваць пытанні.

Згодна з даследаваннем ЕБРР, у Беларусі на 10 мужчын, якія бяруць крэдыт на развіццё сваёй справы, прыходзіцца толькі адна жанчына. Мужчыны на 60% часцей за жанчын карыстаюцца крэдытнымі картамі, а імавернасць адмовы ў крэдыце жанчыне на 55% вышэйшая.

Кіндар, кюхе, кірхе?

Часта жаночым бізнесам называюць тое, што больш уласціва жанчыне, што, як лічыцца, яна ўмее рабіць лепш за ўсё: паслугі, сэрвіс, цырульніцкае майстэрства, гатаванне.

— Жаночы бізнес — гэта не кіндар, кюхе, кірхе (дзеці, кухня, царква), гэта больш шырокае паняцце. У нас ёсць свой стыль кіравання, які адрозніваецца ад мужчынскага, і гэта не добра і не кепска. Гэта закладзена асаблівасцямі прыроды мужчын і жанчын, — расказала Наталля МАКАЕВА, дырэктар праграмы Ехесutіvе MBА. — Жанчыны больш чуюць людзей, настроены на будаванне адносін і не шкадуюць на гэта часу. Яны проста нараджаюцца з генам умення наладжваць стасункі і ўзаемадзейнічаць.

Яна заўважыла, што цяпер так шмат кажуць пра важнасць існавання жанчын-кіраўнікоў таму, што наспеў час, калі людзі хочуць да сябе іншых адносін ад кіраўніцтва.

— Змяніўся свет, змяніліся і людзі, у іх з'явіўся большы доступ да інфармацыі, да адукацыі. Сучасны чалавек хоча адэкватнага дастойнага стаўлення да сябе, чакае ад кіраўніка чалавечых адносін. Асаблівасць кіравання, уласцівую жанчыне, пераймаюць і мужчыны. Цяпер не працуе прынцып «я начальнік, ты — дурань». Трэба ўцягваць супрацоўнікаў у працэс, мець з імі адны каштоўнасці, размаўляць. Я ўпэўнена, што ў бізнесе, як і ў сям'і, павінна быць гарманічная, узаемадапаўняльная каманда.

Атрымоўваць зваротную сувязь ад сваіх учынкаў, чуць ацэнку сваіх дзеянняў, ведаць пра свае памылкі аднолькава важна кіраўнікам абодвух полаў. Галоўнае — не забывацца, што эфектыўны кіраўнік заўжды лідар, які ўмее прызнаваць свае памылкі публічна. Кіраўнік, які лічыць, што ён усё ведае, асуджаны на няўдачу.

Мар'яна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын»: «У Беларусі 53% насельніцтва — жанчыны, амаль 50% з іх занятыя ў эканоміцы. Сучасны парламент на 33,7% складаецца з жанчын, прытым што ў склад двухпалатнага парламента ў сусветнай практыцы дапускаецца максімум 28% жанчын».

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».