Вы тут

Васіль Ткачоў. Сваё — не чужое


Любімае «дзіця»

Вечаровая пара. Натомленыя за дзень суседкі Вольга Пятроўна і Ніна Сцяпанаўна сядзяць на лаве перад парканчыкам, пра жыццё баяць. Няма дажджу, і гэта асабліва непакоіць вясковых бабуль: калі градкі яшчэ можна паліць калодзежнай вадой, так-сяк уратаваць іх, то на бульбу ні сілы, ні вады не хопіць — абавязкова дождж патрэбны. А дзе ён, небарака?

— А чаму гэта, маладзіца, пустазелле і паліваць не трэба, а яно вунь як прэ?! — цікавіцца Вольга Пятроўна ў Ніны Сцяпанаўны. — Глянь вунь... Павярні галаву...

— Ды я ж хіба не бачу? Навошта галавой круціць? А сапраўды, чаго ж так?

Пэўны час старыя маўчаць. Вольга Пятроўна нарэшце парушае маўчанне:

— Таму, відаць, што пустазелле сама зямля пасадзіла, а не мы з табой. А якая ж маці сваё дзіця пакрыўдзіць?..


Дзякуй жонцы

Санаторый. Першая палова дня. Вяртаемся з жонкай з працэдур. Прыбіральшчыца толькі што памыла падлогу ў нашым пакойчыку, выпрасталася, зняла анучу са швабры, прыветна нам усміхнулася і сказала:

— Вялікі дзякуй за парадак, што падтрымліваеце ў пакойчыку. Я наогул люблю сямейныя пары. У нас тут некалі, вы паслухайце толькі, жыў адзін дзядок. Яму было — не паверыце! — дзевяноста два гады. Пахваліла і яго за парадак. Малайчына, дзядуля, кажу. А ён заяўляе бадзёра так: «Гэта не мне трэба дзякуй казаць, а маёй жонцы. Яна прывучыла мяне да парадку». — «Якім чынам, цікава?» — «А вельмі проста... У першыя дні, як толькі пабраліся шлюбам, шкарпэткі ці кашулю кіну абы дзе ў пакоі ці абутак не там пастаўлю, — яна тыдзень са мной не размаўляе. Карміць карміла, хлусіць не буду. Але падавала ежу на стол як чужому. Ага, думаю, трэба перарабляцца...» Я ўсміхнулася старому пасля пачутага і папрасіла перадаць словы падзякі сваёй бабулі.

— Абавязкова перадам, — сур'ёзна паабяцаў дзядуля. — Чаму ж не перадаць, калі яна гэта заслужыла?


Хата не пускае

Ігнат дажывае век адзін. Дзеці ў горадзе, жонка гадоў колькі таму адышла ў іншы свет. Кажуць, неяк прыехаў да яго малодшы сын Пятро з адным жаданнем — забраць нарэшце бацьку да сябе ў горад, усё ж лягчэй там будзе яму. Чаму нарэшце? Ды браліся за гэтую справу дзеці не адзін ужо раз, а толькі нічога не атрымалася. «Едзьце, адкуль прыехалі! Як гэта я сваю хату пакіну? Не смяшыце людзей», — аднекваўся стары. Сілком жа яго і сапраўды не пацягнеш — не дзіця.

А тут Пятро паабяцаў сваім братам Мікалаю і Сцяпану, што без бацькі не прыедзе. Збірайце на стол і сустракайце. Пастаўлю бацьку ўмову: не паедзеш, скажу, ты, не паеду і я. Сяду на парозе і буду сядзець. Хоць дзень, хоць два...

Пятро, ледзьве пераступіўшы парог, заявіў старому пра мэту візіту. А Ігнат сваё:

— Не паеду, хлопцы. Вы лепш мне дроў назапасьце... А вады вядзерца як-небудзь прынясу. Тым больш што я ўжо свой багаж упакаваў і адправіў...

— Куды? Які багаж? — здзівіўся Пятро.

— А туды... — Ігнат махнуў у бой могілак. — У ім тры інфаркты... Артроз з артрытам... І рэўматызм...


Як жывая

Бабы Дуні даўно няма ўжо. Бываючы на вясковых могілках, падыходжу і да яе. Углядаюся ў выяву старой — як жывая на гранітнай пліце. І быццам чую яе голас — прыглушана-хрыплаваты, нетаропкі:

— Як толькі сышоў снег, падсохла зямля, смецце каля двара зграбла ў кучкі, а потым знесла ў адну бліжэй да дарогі, там можна спаліць — пясок, а пабудовы далёка. Спаліла, значыць, смецце, а потым у краму пабегла. Набрала ўсяго, а тады — цап: няма грошай. Добра ж помню, што ў кішэні былі. Мо дома, думаю? Пабегла — і дома няма. Куды ж яны падзеліся, халера? Увесь вечар маракавала, і толькі тады да мяне дайшло — грошы, пэўна ж, вылецелі з кішэні, і я іх разам са смеццем зграбла і спаліла, сляпая цяцера. Перажывала, вядома ж. А потым супакоілася: гэта ж Бог мяне пакараў. За што, пытаешся? Якраз перад гэтым я купіла ў Шуры кавалак сала, які ён сцягнуў з-пад пільнага вока жонкі, а грошы, вядома ж, прапіў. Не трэба было мне гэтага рабіць. Грэх. Вось ён і пакараў мяне...


Касі, каса!

Аляксей Максімавіч трапіў у бальніцу: сэрца. Ужо другі тыдзень тут. Крыху ачуняў, пачувае сябе лепей. Пасля кропельніцы да абеда быў вольны ад працэдур час, і ён прылёг на ложак. «Мо пасплю хоць трохі, бо ноччу, лічы, так і не самкнуў вачэй: бяссонніца». І толькі, здаецца, праваліўся некуды ў небыццё, як за акном рэдзенька затарахцеў маторчык. Здагадаўся: касьбар. Ён ужо бачыў гэтага хлапца, які ўшчыльніўся так, што не толькі ў рот і нос, але і на цела не трапіць пылок ад травы. Ужо трэці дзень ён косіць. «Зламаўся б ты ці што, хлопча», — нялюба падумаў пра касца, які перашкаджаў яму спаць, Аляксей Максімавіч.

Відаць, у работніка быў перакур, і бензапіла некалькі хвілін маўчала. А потым зноў — гыр ды гыр! Ну дзе тут заснеш! Ат!..

І стары ўспомніў вёску, сваю касу-літоўку — «сямёрачку». Лёгенькая, востранькая — касіць ёю проста цуд! Ды і мелодыя яе — джык-джык — сэрцу люба, не тое што гэтая малатарня. Разважаў: «Бо тая — свая, зямная, гэтая ж — нейкая чужая...»

Лежачы, Аляксей Максімавіч цвёрда рашыў — калі вернецца, адклепле як след малаточкам сваю «сямёрачку» і абавязкова пакосіць. Абавязкова. Хоць карову ўжо і не трымае, а проста так. Для душы. «Эх, — думаў стары, — калі б і гэтаму хлапцу даць паслухаць, як хораша спявае мая каса! Шкада — не атрымаецца. Я б яму, блазнюку, паказаў, як касіць трэба, а не гыркаць!..»

Але калі ў пакой уплываў пах свежаскошанага сена, твар у старога ўсё роўна лагаднеў...


Карысная справа

Юрка, малодшы Ягораў сын, учора патэлефанаваў бацьку ў вёску і адразу ж, ледзь павітаўшыся, папрасіў:

— Тата, горад гармонь просіць! Пра вёску, тата!.. Нашу, любімую!.. Хутчэй, хутчэй!..

Ягор моўчкі, бы пад нейкім гіпнозам, узяў гармонік, сеў на зэдлік, мабільнік паклаў на табурэт перад сабой і расцягнуў мяхі...

Выканаў заказ, паднёс мабільнік да вуха, спытаў:

— Ці не хопіць, сын? Ды і чаму гэта табе раптам закарцела сярод белага дня песню паслухаць? Рабіць няма чаго?

Юрка не адказаў.

— Ты што там — плачаш? — Ягор узняўся з зэдліка, паставіў гармонік на стол. — Ну дзе ты?!

Сын і на гэты раз не адказаў, хоць быў на сувязі. «Ён, што, — п'яны, можа? Дык быццам не — голас не выдае. А чаму ж тады маўчыць?»

Папытаў больш строга:

— Ты куды там падзеўся?! Дай яму гармонь, а сам — маўчок?

І раптам пачуў сынаў голас, радасны, шчаслівы:

— Усё, тата! Запісалі! Дзякуй! Падчысцім трохі, і будзе добра. Гэта ж мы ў народным тэатры спектакль ставім, і ў фінале патрэбна была песня пра вёску... Чым дзе бегаць і шукаць, дык я пра цябе ўспомніў... Яшчэ раз дзякуй, тата. Прывязём абавязкова спектакль з тваім гармонікам у вёску... Абяцаю!

«Каб жа сказаў, што для спектакля, дык я, можа, сыграў бы лепш», — пашкадаваў Ягор.

Але ад таго, што хоць нейкую карысную справу зрабіў сёння для людзей, радасна прытупнуў нагой і, усміхнуўшыся кату, які ляжаў на лаве і ўважліва сачыў за гаспадаром, жвава прапанаваў: «Ці не пара нам падсілкавацца, дружа? Бачыў жа сам — мы зарабілі!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».