Вы тут

Новае тэлевізійнае шоу для ўсёй сям'і стартуе на канале «Беларусь 1»


Тэлеканал «Беларусь 1» распачынае тэлевізійны сезон 2017—2018 года новым праектам: 16 верасня адбудзецца прэм'ера народнага шоу «Шчаслівы вечар». Акцэнт праекта — на беларускай сям'і і яе творчых здольнасцях. Самыя таленавітыя ўдзельнікі праграмы атрымаюць не толькі сваю «хвіліну славы», але і карысныя прызы.


У першым выпуску праекта гледачы ўбачаць творчыя нумары ад трох зорных сем'яў. Да выступлення ў эфіры гэтым разам рыхтаваліся тэлевядучыя Тэа і Вольга Рыжыкава, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алена Сіняўская з мужам Дзмітрыем, а таксама сямейная пара артыстаў Беларускага дзяржаўнага цырка Вячаслаў Быхан і Хрысціна Нус.

— Першы выпуск праграмы будзе дабрачынны. Падарункі, што зараз разыграюць, пойдуць на карысць людзям, якія маюць у іх патрэбу, — расказала перад пачаткам здымак «Шчаслівага вечара» тэлевядучая Вольга Рыжыкава. — Сёння няма нездаровай канкурэнцыі, ёсць толькі здаровае жаданне ўсміхацца і праяўляць сябе, каб дапамагчы калегам ствараць новае шоу: вялікаму праекту папярэднічае вялікая праца ўсёй каманды. Мы вельмі рады за Белтэлерадыёкампанію, якая нарэшце запусціла «Шчаслівы вечар».

Удзельнікі наступных эфіраў «Шчаслівага вечара» пачнуць спаборнічаць за прызы. Але тэлеканал не плануе пакідаць канкурсантаў з падрыхтоўкай нумара сам-насам: да кожнай сям'і далучаць зорнага куратара, які будзе дапамагаць ім здзіўляць гледачоў. Выйсці на сцэну ў тэлестудыі канала «Беларусь 1» на Макаёнка, 9 цяпер можа кожны беларус — дастаткова ўважліва глядзець тэлевізар у дзень эфіру. Інструкцыя зусім не складаная: цягам трансляцыі канала трэба ўбачыць і запомніць 10 кодавых лічбаў. Першыя лічбы на «Беларусь 1» з'явяцца 16 верасня ў 18:55 падчас міжпраграмнага роліка. У гэтым роліку гледачы даведаюцца і нумар, па якім трэба тэлефанаваць, каб агучыць усе 10 лічбаў кода. Далей — больш складана: наступную частку кода трэба будзе чакаць у фільмах і праграмах. Апошнія лічбы агучаць у эфіры вячэрняй «Панарамы», а таксама вядучыя праекта Артур Шуляк і Марыя Багатыр у пілотным выпуску «Шчаслівага вечара». Калі прагучаць апошнія лічбы, трэба не марнаваць час, а хутчэй тэлефанаваць на тэлеканал: першая тройка беларусаў можа разлічваць на ўдзел у праекце. Паспелі? Рыхтуйцеся ехаць у студыю! Абмежаванняў амаль няма: узяць удзел у праграме можна незалежна ад узросту і творчых сіл, паклікаць на дапамогу членаў сям'і і сяброў, паказаць нумар на любы густ. Адзіная ўмова — на сцэне павінна з'явіцца не больш за пяць чалавек.

Пераможцу народнага шоу разам з прафесійным журы (дарэчы, таксама зорным!) будзе выбіраць уся краіна: прысуд творчым нумарам вынесуць і тэлегледачы, якія могуць уплываць на вынікі праграмы праз тэлефоннае і sms-галасаванне.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота з архіва Белтэлерадыёкампаніі

Загаловак у газеце: Шчасце ў эфіры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.