Вы тут

У Беларусь з Германіі прыбыла Біблія Гутэнберга


Самае старажытнае, знакамітае і дарагое выданне Еўропы цяпер можна ўбачыць у Мінску. У Беларусь з Германіі прыбыла Біблія Гутэнберга. Кніжны помнік, які сведчыць пра пачатак гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе, да 31 снежня можна будзе ўбачыць на міжнароднай выстаўцы «Францыск Скарына і яго эпоха» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Адкрыццё выстаўкі пачалося з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка Францыску Скарыну. У ёй прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. З прывітальным словам да прысутных звяртаўся таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.

Дагэтуль выданне захоўвалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Германіі ў Лейпцыгу. У нашу ж краіну яго дастаўлялі ў суправаджэнні экспертаў-кнігазнаўцаў, дыпламатаў і супрацоўнікаў аховы.

Біблія Гутэнберга лічыцца не толькі пачаткам гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе, але і пазнакай пераходу ад Сярэднявечча да сучаснасці. Гэтая кніга, надрукаваная высакародным гатычным шрыфтам, прызнана шэдэўрам вытанчанага друку і мастацкага майстэрства. Біблія цалкам надрукавана ў дзве калонкі. Буквіцы і загалоўкі, аздобленыя каляровымі ўпрыгажэннямі, выкананы ўручную. У свеце захавалася толькі некалькі асобнікаў унікальнага выдання, і зусім невялікая колькасць краін свету можа дазволіць сабе прадэманстраваць гэтую кнігу публіцы.

Падчас цырымоніі адкрыцця акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзяніс Паршын з'явіўся каля галоўнага ўвахода ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў вобразе... самога Францыска Скарыны. «Тое, што сёння Нацыянальная бібліятэка сабрала маю спадчыну на адной міжнароднай выстаўцы — найлепшы доказ таму, што мая эпоха, мая дзейнасць вам неабыякавыя! Кожная краіна, дзе некалі я жыў і працаваў, зрабіла свой унёсак, каб гэтая выстаўка адбылася. І ў тым, што вы, удзячныя нашчадкі, здолелі гэты скарб захаваць, вывучыць і даць магчымасць усім людзям яго спазнаць, я бачу сувязь нашых эпох!» — дэкламаваў уяўны першадрукар.

Варта адзначыць, што побач з унікальным выданнем у экспазіцыі дэманструецца факсімільнае выданне поўнай Бібліі Гутэнберга, выкананае ў 1913 годзе ў Лейпцыгу. Сёння гэта выданне таксама лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю: яно прыбыло на выстаўку з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Вы­стаўку адкрываюць стар­шы­ня Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі На­цы­я­наль­на­га схо­ду Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь Мі­ха­іл Мяс­ні­ко­віч, мі­ністр куль­ту­ры Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь Ба­рыс Свят­лоў і ды­рэк­тар На­цы­я­наль­най біб­лі­я­тэ­кі Бе­ла­ру­сі Ра­ман Ма­туль­скі.

Выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха» справядліва лічыцца ўнікальнай. Наступную, аналагічную, можна чакаць хіба што праз 500 гадоў, у 2517-м.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Убачыць Гутэнберга

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.