Вы тут

У нядзелю спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка


1930-я гады — вельмі складанае дзесяцігоддзе ў жыцці Максіма Танка: актыўная падпольная дзейнасць, неаднаразовыя арышты, паднявольнае становішча Заходняй Беларусі. У той жа час гэта і перыяд станаўлення творчай індывідуальнасці паэта. За дзесяць гадоў было напісана шмат вершаў, якія склалі першыя зборнікі маладога творцы: «На этапах» (1936 г.), «Журавінавы цвет» (1937 г.), «Пад мачтай» (1938 г.); і ўжо першы з іх быў прыхільна сустрэты крытыкамі і сталымі творцамі. Вядома, раннія творы М. Танка не былі пазбаўлены шматлікіх уплываў. Польскія рамантыкі, Ясенін, Маякоўскі, згуртаванне «Маладняк», польскія мадэрністы з кракаўскай «Авангарды» ды віленскія «Жагары» звычайна вылучаюцца як найбольш яркія і значныя. Але тут гучаў і ўласны голас маладога паэта.


Максім Танк нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, таму ў яго ранняй паэзіі пераважаюць вершы з апісаннем пейзажу вясковага, роднага паэту, які бачыўся яму яркім, рознакаляровым, светлым і цёплым.

Гарадское жыццё закранула паэта, і ў яго лірыцы з'явіліся новыя матывы. Дастаткова цікавым падаецца назіранне: чытаючы вершы ў храналагічнай паслядоўнасці адпаведна часу іх напісання, па характары і колеравай гаме гарадскога пейзажу можна прасачыць працэс змены адносін паэта да горада як з'явы.

У 1930-я гады Максім Танк становіцца вучнем Віленскай рускай гімназіі імя А. Пушкіна. Адбываецца знаёмства простага вясковага хлопца з сапраўды вялікім горадам. Таму ў першым вершы пра горад, які датуецца 1930 годам, паэт паказвае гарадскія рэаліі праз прызму светабачання жыхара вёскі. Ён не выказвае адносін да горада, а толькі параўноўвае чужыя гарадскія з'явы з роднымі, вясковымі з мэтай зрабіць іх больш блізкімі і зразумелымі. Каб паказаць усю моц уражання, паэт дакладны малюнак дапаўняе гукавым суправаджэннем:

Снежны вецер ходзіць-блудзіць паркамі.

Пад нагамі брук звініць, звініць.

Агні рэклам рознакаляровымі яшчаркамі

Грэюцца ў вітрынах камяніц.

На жаль, першыя сустрэчы Танка з Вільняй нельга назваць удалымі: марны пошук працы, нястача, частыя вяртанні з гэтай прычыны ў вёску, таму яму даводзілася шмат кіламетраў пераадольваць пешшу. У такі няпросты час у паэта з'явілася свая хітрасць, як выглядаць прыстойна, асабліва гэта датычылася парваных шкарпэтак (у сваім дзённіку ён дзеліцца сакрэтам). Каб замаскіраваць дзіркі на іх, ён раіць замазваць аголеныя імі часткі чорнымі чарніламі ці вугалем: так дзіркі не будуць вельмі моцна кідацца ў вочы. У 1932 годзе за супрацоўніцтва ў легальным і нелегальным камуністычным друку Максім Танк трапляе ў Лукішкі. Горад становіцца яшчэ больш няўтульным для паэта: з вокнаў, забраных турэмнымі кратамі, ён бачыць зусім іншы гарадскі пейзаж: «памыйныя ямы, сырыя кварталы», занесеныя «граззю і снегам». Нават першы снег у горадзе падаецца з'явай нелагічнай, кантраснай у адносінах да агульнага ўражання ад яго. Паэт супрацьпастаўляе першы снег у брудным горадзе, дзе ад яго становіцца больш бруду, са снегам у вёсцы, дзе ён прыбірае «ў сцюдзёныя зоры стары медны бор». У гэты час для Танка горад пачынае асацыявацца з астрогам, які з утульнага спакою вёскі падаецца чымсьці страшным і пагрозлівым.

Супрацьпастаўленне горад — вёска становіцца асобным матывам у ранняй творчасці паэта. Найбольш яркім у гэтых адносінах з'яўляецца верш «Павязлі цягнікі». Шчодрыя, яркія, сонечныя вёскі, якія складаюць песні працы, «песні пра восень // І пра жоўтае лісце дарожных бяроз», аддаюць восень (вынікі сваёй працы) гарадам: «Сівым камяніцам, // Сутарэнням глыбокім, // Сырым», якія ніколі не могуць «удоваль напіцца // таго сонца...» А ад зайздрасці да яркасці і багацця вёскі, пачуўшы смелую вясковую песню працы, гарадскія бяздушныя «вітрыны // Раптам гаслі, // Трывожна крычалі гудкі...» Жыхароў жа гарадоў, пазбаўленых радасці працы ў полі, паэт са спачуваннем называе «сіротамі малымі». У гэтым вершы М. Танк паказвае прыклад арганічнага сплаву па-народнаму простай фальклорнай вобразнасці з асацыятыўнай, мадэрнісцкай па сутнасці.

Падобная ідэя прасочваецца і ў вершы «Заснулі плошчы, купалы і ліпы...»: уночы, калі горад спіць (начны гарадскі пейзаж выклікае замілаванне ў паэта, бо навокал пануе амаль вясковая цішыня і таямнічасць: «...Злізала ноч неонаў сініх кроў, // І брук апошні шэлест вуліц выпіў // І пераклічку завадскіх гудкоў»). Буда, Магамет і Хрыстос пакідаюць муры бажніц і накіроўваюцца ў вёску, «Туды, дзе стрэх салома залаціцца, // дзе месяц жне, спазніўшыся, авёс», і ніякая пустая скарбонка не можа вярнуць багоў назад у асірацелы без іх горад, бо «тады цвіла ў палях пахучых віка, // Тады трубілі гусі над ракой».

Начны гарадскі пейзаж для паэта хавае ў сабе нейкую таямніцу, пагрозу, ён нават параўноўвае вуліцы ўночы з траншэямі, «дзе смерць і забыццё таіцца». У той жа час горад знаходзіцца ў прадчуванні, у чаканні чагось новага, важнага: «З нямой мальбою і надзеяй // Ўзняліся ў неба камяніцы». Да таго ж у горадзе сканцэнтравана вялікая сіла, здольная выклікаць змены, тут паэт можа знайсці шмат змагароў-аднадумцаў: «Можа, трапім з табою мы ў Вільню, у Вронкі, у Гродна... // Там спаткаем нямала знаёмых сваіх...»

Напачатку Вільня падаецца паэту няўтульнай, чужой, сырой. У вершы «Вільня» для апісання гарадскога пейзажу ўвечары ён выкарыстоўвае цёмныя колеры: сівы, сіні, чорны, шэры; а таксама адухаўляе і персаніфікуе з'явы прыроды: «дождж заплакаў», «ноч прыйшла з прадмесця», «дождж заплёскаў граззю», «дождж блудзіць па бруку гразкім». У процівагу гэтай карціне з'яўляецца светлае «заўтра», «песні-сны ў нашых казках», і менавіта К. Каліноўскага, які ўжо стаў зданню, што «гаворыць з ветрам», лірычны герой абірае суразмоўнікам, якому можна даверыць таямніцы. Ён звяртаецца да паўстанца як да таварыша па сумеснай барацьбе: «Пра тых байцоў, што палі ў маршы, // Мо расказаць табе, таварыш?» — і нібы жывога. Зусім як Маякоўскі ў сваіх маналогах, папярэджвае таварыша: «Цішэй, ідзе бульварам варта».

Паступова Максім Танк пачынае заўважаць прыгожае і на шэрых вуліцах горада. Ён выказвае шчырае замілаванне начнымі ліхтарамі: «Ліхтары над вадою навіслі. // Іх сарвала паводкай і ўдаль панясло...» . Менавіта ліхтары падаюцца яму жывымі.

Паэт разумее горад, ён становіцца родным: у першапачатковым варыянце верш «Вільня» заканчваўся двухрадкоўем:

Ну дзе ж прытуліш мяне, горад,

Мяне прытуліш без начлегу?

Верш «Вільня», які мы маем зараз, заканчваецца радкамі:

Ну дзе ж сягоння, родны горад,

Мяне прытуліш без начлегу?

Эпітэт «родны» тут з'явіўся невыпадкова: М. Танк зразумеў, што нават шэрае, бруднае на першы погляд месца можа стаць родным, блізкім, і менавіта пачуцці, перажытыя ў гэтым месцы, робяць яго такім. У той жа час частка яго душы застаецца ў вёсцы:

Як быццам, адходзячы ў горад,

Забыўся асенняй парой

Сказаць, каб шчаслівыя зоры

Гарэлі над вёскай маёй.

У паэзіі Максіма Танка 1930-х гадоў мы назіраем паступовы пераход ад неразумення і непрымання горада, супрацьпастаўлення яго, чужога, роднай вёсцы да ўспрымання горада як свайго, адчування яго прыгажосці і велічнасці, еднасці з лірычным героем.

Марына Весялуха

vesialuha@zviazda.by

У нашы дні шануецца памяць пра Максіма Танка: да 100-годдзя паэта 5 гадоў таму выйшлі паштовая марка і памятная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, у 2014 годзе ў Мядзеле, на яго малой радзіме, быў усталяваны помнік.

Загаловак у газеце: Яго лёс, яго Вільня

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.