Вы тут

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр пачаў 92-і сезон


Камедыйным спектаклем «Несцерка», якому сёлета 75 гадоў, распачаўся 92-і сезон Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.


Гледачы чакаюць ад віцебскага тэатра ў ліку іншага новых цікавых пастановак. І яны будуць абавязкова! У прыватнасці, запланавалі паставіць «Сымона-музыку» паводле твора Якуба Коласа. Напэўна, даўно трэба было. Бо, як прызналі прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы культуры, у тэатра, які носіць імя славутага Коласа, павінен быць годны коласаўскі спектакль. І, безумоўна, яго можна было б зрабіць творчай візітнай карткай калектыву.

У найбліжэйшым часе — прэм'ера рамантычнай камедыі «Самая жаданая» паводле п'есы сучаснага беларускага драматурга Сяргея Гіргеля «Самая-самая» рэжысёра Ніны Обухавай. Адну з галоўных роляў выконвае народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс. Прэм'ерныя паказы спектакляў адбудуцца 22 і 23 верасня.

А ў кастрычніку — паказ адноўленай пастаноўкі «Перабор» паводле Х. Бергера рэжысёра Міхася Краснабаева. На першы погляд спектакль пра звыклы любоўны трыкутнік. Насамрэч кутоў там больш. Трэба толькі быць шчырым — і тады даведаешся шмат. І пра ўласную жонку, і пра свайго суседа.

У спісе запланаваных прэм'ер: «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж. Радары і іншыя. У планах — супрацоўніцтва з замежнымі рэжысёрамі — з Расіі і Латвіі.

А 11 кастрычніка спектакль «Шагал... Шагал...» убачаць на XXXІІІ Міжнародным тэатральным фестывалі «Ліпецкія тэатральныя сустрэчы». Паставіў яго заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі.

У верасні два акцёры тэатра святкуюць свае юбілеі. 24 верасня спектаклем «Дзіўная місіс Сэвідж» Д. Патрыка адзначыць юбілейную дату заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова. А 27 верасня вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка запрашае ўсіх на 50-годдзе. Аматарам яго творчасці прыйдзецца даспадобы камедыя «Доктар філасофіі» Б. Нушыча, дзе Юрась выконвае галоўную ролю Жываты Цвіёвіча...

Кошт білетаў на коласаўскія спектаклі даступны. На дзіцячыя — 4—4,5 рубля, для дарослых — 6,5—8 рублёў.

Р.S. Днямі адбыўся сход творчага калектыву, на якім прысутнічаў міністр культуры Барыс Святлоў. На мерапрыемстве стала вядома, што новым мастацкім кіраўніком віцебскага тэатра прызначаны рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Краснабаеў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гледачам — ад коласаўцаў. З любоўю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».