Вы тут

Энергетычны запал ад Валерыя Славука


Атрымаюць наведвальнікі рэтраспектыўнай выстаўкі майстра ў Палацы мастацтваў

Нават для яго самога было нечакана, што жыццё прывядзе ў мастацтва: пасля заканчэння школы юнак і паняцця не меў пра графіку. Сёлета майстру споўнілася 70 гадоў, і ён удзячны Богу за магчымасць быць не проста датычным да мастацтва, а быць унутры яго працэсаў.


Валерый Славук вядомы як кніжны графік: адметныя яго ілюстрацыі да кніг «Айвенга» Вальтэра Скота, «Чорны млын» Юрыя Брэзана, «Шляхціч Завальня» Яна Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» Уладзіміра Караткевіча, да беларускіх народных казак «Удовін сын», «Алёнка», да кнігі казак «Цудоўны свет» і мноства іншых. Яго творчасць вядомая не толькі ў нашай краіне, мастак працаваў і над ілюстраваннем твораў замежных аўтараў.

У гэтыя дні ў Палацы мастацтваў адбылося адкрыццё рэтраспектыўнай выстаўкі Валерыя Пятровіча, дзе кожны глядач зможа ўбачыць як знаёмыя, пазнавальныя, так і фантастычныя сюжэты і вобразы.

Прагляд такіх экспазіцый можа доўжыцца бясконца. Справа ў тым, што вобразы з карцін Валерыя Славука валодаюць асаблівай энергетыкай, з імі нават можна весці дыялог — і яны адгукаюцца. У чым сакрэт, спытаеце вы? Усё проста — героі жывыя, майстар шмат чытаў пра іх, а пасля прыдумляў сітуацыі і задачы, якія персанажы павінны вырашаць. Графіка Валерыя Славука патрабуе ўважлівага гледача, які з цікавасцю паглыбіцца і ў дзяцінства, і ў гісторыю.

— Так незаўважна праляцеў час, здаецца, не паспеў агледзецца, а ўжо 70 гадоў, — прызнаецца юбіляр. — Спачатку думаў зрабіць невялічкую выстаўку апошніх работ у Акадэміі мастацтваў, але мне пашанцавала — папрасілі зрабіць рэтраспектыву, што цяпер нячаста бывае. Падумайце: адны толькі рамы чаго вартыя! Усё ж такі афорт — цяпер рэдкая тэхніка, таму ў зацікаўленых людзей ёсць магчымасць прасачыць развіццё гэтага жанру мастацтва. На мой погляд, апошнія работы саступаюць тым, што ствараліся раней, але тут адыграў сваю ролю цяперашні момант: здаецца, больш спрыяльны для творчасці час мінуў.

Паколькі праект рэтраспектыўны, то і прастора для роздуму шырокая. Такое адчуванне, што на першым паверсе Палаца мастацтваў прадстаўлена ўся беларуская міфалогія. Адсюль і вынік: выстаўку карысна паглядзець як дарослым, так і дзецям. Валерый Славук сцвярджае, што яго характар ніяк не суадносіцца з творчасцю. Але трэба ведаць гэтага аўтара, каб зразумець, колькі энергіі і запалу ў яго афортах.

«Па­яды­нак», 1984 г.

— Я не раблю сучасныя або толькі гістарычныя творы, у апошні час я магу сабе дазволіць рабіць тое, што прыходзіць у галаву, — прызнаецца аўтар. — А я, як вы бачыце, люблю розныя падыходы да мастацтва. Хоць унутры мяне цяпер жыве цэнзар больш строгі, чым быў раней. У мяне часта пытаюцца пра любімыя работы, а такіх няма, таму што ўсе дарагія: калі працуеш над творам, пражываеш з ім частку жыцця. Гэта як з чалавекам — за ўсё трэба быць удзячным.

Валерый Славук прызнаецца, што вельмі любіць жыццё і сваю справу. Ён ніколі не возьмецца за работу, калі тэма не зачапіла, шукае ў кожным заказе інтрыгу, арыгінальны сюжэт. І калі знаходзіць, не можа адарвацца ад працы. З выдавецтвамі Валерый Славук цяпер практычна не працуе: на яго думку, падыходы да аплаты за афармленне кніг патрабуюць удасканалення. Аўтар адзначае, што вельмі важна, калі ўкладаеш у работу душу, атрымаць аддачу, таму што толькі здаецца, што прыдумаць сюжэт і перанесці яго на паперу лёгка, насамрэч гэта патрабуе вялікіх высілкаў, як фізічных, так і маральных. Ён называе сябе лянівым мастаком, але заказы выбірае такія, каб дапамаглі ляноту перамагчы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.