21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Гісторык моды Аляксандр Васільеў — пра свае беларускія карані


Гісторык моды Аляксандр Васільеў — пра свае беларускія карані, жаданне жанчын сфоткацца з ім, унісекс і лабутэны

Да 10 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі па адрасе вул. К. Маркса, 12 (з 11.00 да 19.00 без выхадных) працягнецца ўнікальная выстава “Моднае стагоддзе”, на якой прадстаўлены гістарычныя касцюмы з буйнейшай у свеце прыватнай калекцыі Аляксандра Васільева — вядомага гісторыка моды, мастацтвазнаўцы, калекцыянера, тэатральнага мастака, тэлевядучага праграмы “Модны прысуд”. 


Экспазіцыя адзення і аксесуараў, якая ахоплівае перыяд канца 19-га і ўсё 20-е стагоддзе, складаецца з больш як сотні неверагодных касцюмаў і некалькіх соцень разнастайных аксесуараў, ювелірных вырабаў і біжутэрыі. Арыгінальныя гістарычныя касцюмы, створаныя з высокім кравецкім майстэрскім і тонкім густам, пераносяць у часы, калі адзенне было мастацкім творам. Можна ўбачыць сапраўды ўнікальныя строі ад Поля Пуарэ, Коко Шанэль, Марыяна Фартуні, Іў Сэн-Ларана і іншых майстроў. У залах музея выстаўлены вячэрнія і бальныя сукенкі, адзенне для ўрачыстых цырымоній, касцюмы вядомых артыстаў тэатра і кіно — Майі Плісецкай, Вольгі Лепяшынскай, Наталлі Фацеевай, Нані Брэгвадзэ, Лаймы Вайкуле…

Кожная рэч на выставе красамоўна паведае аб часе свайго стварэння. Гарманічныя строі канца 19-га стагоддзя заўважна зменяцца на пачатку 20-га. Галоўная рэформа жаночай сукенкі — вызваленне ад гарсэту — адбудзецца дзякуючы парыжскаму куцюр’е Полю Пуарэ. Не паспее ў першым дзесяцігоддзі 20-га стагоддзя замацавацца вытанчаная эстэтыка моды “Выдатнай эпохі”, як ужо ў 1914 годзе з пачаткам Першай сусветнай вайны аб сабе заявяць зручнасць і практычнасць. Затым надыдзе эклектычны стыль ар-дэко 20-х гадоў і эмансіпацыя, якая дала жанчынам новую свабоду ў адзенні. Далей — элегантныя 30-я пад кіраўніцтвам куцюр’е Эльзы Ск’япарэлі і з’яўленне “моднай” фатаграфіі, затым — трагічныя 40-я з падкрэсленай прастатой знешняга выгляду і ваеннымі матывамі. Апошняе вялікае дзесяцігоддзе Высокай моды — 50-я гады — прайшло пад знакам Крысціяна Дзіора, Крыстобаля Баленсіягі, Сальваторэ Ферагама і стылю New Look. За гэтым — мінімалізм і футурызм 60-х (П’ер Кардэн, Іў Сэн-Ларан, Эміліа Пучы, Пака Рабан), і свабода 70-х гадоў з унісексам, хіпі, глэм-рокам, дыска (Гі Ларош, Кенза Такада). 80-я выбухнулі яркімі фарбамі і жаданнем самавыражэння, а 90-я змянілі ўсе прынцыпы моднай індустрыі, далі нам адзенне, якое парадаксальным чынам спалучае функцыянальнасць і падкрэсленую тэатральнасць (Аляксандр МакКуін, Ісэй Міякэ, Жан-Поль Гацье).

Выстава будзе цікавай для самай шырокай аўдыторыі. Кошт білета — 8 рублёў, школьнікам — 6 рублёў (для дзяцей да 6 гадоў бясплатна).

Аляксандр Васільеў — стваральнік дэкарацый для опер, тэатральных пастановак, фільмаў і балетаў для многіх тэатраў і труп. Ён выхоўваўся ў тэатральным асяроддзі, і ўжо ў пяць гадоў стварыў першыя касцюмы і дэкарацыі для лялечнага тэатра. Першы спектакль-казку “Чараўнік ізумруднага горада” аформіў у 12 гадоў. На юнага мастака моцна паўплываў яго бацька — дэкаратар і стваральнік сцэнічных касцюмаў для Любові Арловай, Фаіны Ранеўскай, Ігара Ільінскага. У 22 гады скончыў Школу-студыю Маскоўскага мастацкага тэатра. Працаваў у Парыжы, з ім супрацоўнічалі тэатры Вялікабрытаніі, Японіі, Мексікі. А калекцыянерам маэстра стаў у 8 гадоў, калі пасля ўрокаў знайшоў у двары дома аднаго з завулкаў Масквы ікону Мікалая Цудатворцы напісання 18-га стагоддзя. З таго моманту хлопчык пастаянна прагульваўся па памыйніцах, бо Маскву тады разбуралі, з камунальных кватэр жыхары пераязджалі ў малагабарытныя “хрушчобы” і выкідвалі на звалку ўсё “старое”.   

       

Перад адкрыццём мінскай выставы Аляксандр Васільеў сустрэўся з журналістамі і адказаў на шматлікія пытанні. Трэба заўважыць, увесь ягоны дзень быў распісаны па гадзінах і бліжэй да вечара ён павінен быў стаміцца трымаць усмешку, аднак не — твар свяціўся, мова лілася. Майстар абсалютна трапна заўважыў, што на адкрыццё яго выставы збярэцца істотная колькасць прадстаўніц прыгожага полу, каб паглядзець не толькі на сукенку Майі Плісецкай ад Шанэль, але і на яго самога. Што і казаць, сярод журналістаў таксама нямала аказалася тых, хто хацеў яго разгледзець. І распытаць, вядома ж, пра сёе-тое. Яго адказы былі лаканічнымі.

“Я быў тут шмат разоў, праводзіў лекцыі, семінары. Мой дзед нарадзіўся ў Маладзечне, я з роду Гулевічаў. Мая маці нарадзілася на Магілёўшчыне, на дачы ў вёсцы Шацілкі. Так што ў мяне ёсць карані, звязаныя з вашай краінай”.

“Усе касцюмы вельмі цяжка атрымаць, захоўваць, рэстаўрыраваць. Той жа шоўк вельмі дрэнна пераносіць час, разбураецца хутчэй за іншыя тканіны. Што было атрымаць цяжэй за ўсё, дык гэта туфлі Любові Арловай, іх давялося клянчыць 25 гадоў. Але паколькі ў мяне шмат часу і цярпення, што важна для калекцыянера, то я ніколі не кідаю задуманага”.

“За апошнія пару стагоддзяў, пачынаючы з 17 стагоддзя, вельмі змянілася вытворчасць, і многія дэталі больш не вырабляюцца — паеткі, бісер, шклярус… Сучасны бісер зусім не такога колеру, якасці, фармату. Адшукаць тагачасныя матэрыялы вельмі цяжка, але менавіта гэта і ёсць музейны ўзровень”.

“Музейныя экспанаты нельга выстаўляць бясконца. Тэкстыль вельмі не любіць моцнага асвятлення, ён псуецца, тканіны выгараюць. Неяк у адным музеі падчас моцнага ліўня працёк дах, белая ад тынкоўкі вада палілася на сукенку. Давялося яе год рэстраўрыраваць”.

“Адбіраю я рэчы для экспазіцыі зыходзячы з памеру музея, тэматыкі, магчымасцей. Справа ў тым, што некаторыя сукенкі на гэтых манекенах нават не зашпіліліся. Па той прычыне, што аб’ём таліі 19 стагоддзя — гэта 48-53 см. Манекены такога фармату робяцца выключна ў музейных майстэрнях. Але не ўсе краіны і гарады маюць падобны вопыт. У нас была выстава напалеонаўскай эпохі, дзе сукенкі настолькі малыя, што нават на падлеткавых манекенах яны не зашпіліваліся. Людзі ж вельмі выраслі за апошнія дзвесце гадоў. Не марце прымераць гэтыя сукенкі — яны ні на кім не зашпіляцца. Нармальны памер нагі сучаснай жанчыны — 41! Мы сталі зусім іншымі”.

“У калекцыі ёсць і сукенка вашай зямлячкі, “Каралевы прыгажосці” Анжалікі Агурбаш, а таксама спявачкі Алёны Свірыдавай. І нават ёсць сукенка пачатку 1960-х маёй маці, актрысы, вельмі эфектнай жанчыны — Таццяны Гулевіч, яна побач з манто Лілі Брык”. 

“Зараз у мяне працуе ў розных краінах дзевяць выстаў, у Мінску — дзясятая. Затым наступная адкрыецца ў кастрычніку ў Баку — “Мадэрнізм і мода 1960-х гадоў”. Свайго моманту чакаюць іншыя выставы, напрыклад, шлюбнай сукенкі. Людзі любяць хадзіць і глядзець на ўнікальныя рэчы, бо яны па-за канкурэнцыяй”.

“Прыгажосць могуць ацаніць усе. Акрамя таго, людзі любяць фоткацца са мной, яшчэ лепш — прыціснуцца да мяне, ацаніць, які я — стары? Малады? Высокі? Стройны? Жанчыны любяць глядзець з практычнага погляду на мае экспазіцыі — ці падышло б гэта асабіста ім… Але галоўнае — паглядзець на Яго: “Апішы Яго — ну які ён?”.

“Прамы кантакт з канкрэтнымі рэчамі ніякі інтэрнэт не заменіць. У любым выпадку інтэрнэт заўсёды скажае колер, там ёсць і фоташоп. І наогул, магу вам сказаць, што на тую тэму, якая мяне цікавіць, я ў гугле адказу знайсці не магу. Значыць, там ёсць не ўсё, не на ўсе пытанні адказы. Там ёсць адказы на папулярныя пытанні, але ёсць пытанні, якія цікавяць спецыялістаў”.

“У мяне была выстава, дзе выстаўлены толькі мужчынскія касцюмы — называлася “Прыгажун-мужчына”. Мужчыны такія неахайныя, што зношваюць свой гардэроб. Як правіла, усе мужчынскія штаны ад касцюмаў не захоўваюцца — іх праседжваюць. А пасля яшчэ даношваюць на дачы ці ў гаражы. А жанчыны часта носяць рэч усяго адзін раз, бо хочуць пасля паказаць, што ў гэтым яны былі ў тэатры, а ў гэтым цалаваліся… Многія перадаюць свае строі ў спадчыну, асабліва ў краінах, дзе людзі могуць пражываць у вялікіх кватэрах. Гэта пераважна ЗША, Вялікабрытанія. У адрозненне ад Францыі, дзе большасць людзей пражываюць, галоўным чынам, у малагабарытных кватэрах, дзе няма антрэсоляў… Нягледзячы на тое, што французы заканадаўцы моды,  яны страшна адмоўна ставяцца да старамоднага адзення. Аддаюць, выкідваюць. А амерыканцы і англічане захоўваюць, нават пішуць запіскі: гэтыя шкарпэткі прадзед насіў у 1843 годзе… Такія рэчы з анатацыямі часта трапляюцца на аўкцыёне — гэта самае лепшае месца для набыцця рэчаў. Таму што ні на якім блышыным рынку мы не знойдзем рэчы 1920-х”.

“У мяне ўжо вельмі шмат дамоў. А ў Беларусь я гатовы прыязджаць”.

“Галоўны трэнд сучаснасці — дзіравыя штаны, джынсы. Беднасць, узведзеная ў ранг элегантнасці. Па гэтым калісьці і будуць меркаваць аб рэчах 2017 года. Вярталіся ўжо і высокая талія, і нізкая, і плечыкі, і іх адсутнасць, і палоска, і клетка… Хочаце штосьці новае? Новага не будзе. Можна заўсёды прыдумаць з вядомых кампанентаў новы салацік з выкарыстаннем вядомых кампанентаў, дадаваннем новага соусу. Адсюль новы смак. Так і з модай”.

“Рускай моды не існуе. Ёсць рускі стыль. Руская мода заўсёды пераймала — галандскую моду, нямецкую, французскую, англійскую. Мы прыцягваем не як краіна—заканадаўца моды, а як крыніца вялікага стылю. У Расіі забіты народны касцюм, ён існуе ў танцавальных ансамблях, з сучасных матэрыялаў, пашыты на машынцы, з выкарыстаннем сінтэтычнага жэмчугу, пластмасавых камянёў, што не мае дачынення да нацыянальнага адзення. Носьбіты нацыянальнага касцюму ёсць у Іспаніі, Аўстрыі, Японіі, Індыі, Шатландыі, дзе людзі носяць такое адзенне. У рэальным жыцці расійскія жанчыны не носяць сарафаны, а мужчыны — касавароткі”.

“Усе, хто сядзіць перада мной, апрануты ў трыкатаж. Трыкатаж можа насіць чалавек любога полу, таму што ён расцягваецца на выпукласцях. Футболкі, пуловер, світэр… У чым паміж імі розніца? У дзяўчынак кветачка, а ў хлопчыкаў няма. Гэта ўнісекс. І гаварыць “як гэта так? чаму ўнісекс?” не выпадае. Хіба жанчыны не ўкралі ў мужчын літаральна ўсё, уключаючы падцяжкі? А цяпер вы гаруеце, што мужчыны пачынаюць штосьці адбіраць у вас? А навошта самі забіралі? Мужчынам стала сумна, і многія дызайнеры прадстаўляюць сёння шоўкавыя сукенкі для мужчын. Гэта не будзе пакуль шырока папулярным, але я бачыў ужо штук дзесяць такіх калекцый. Беларусь у гэтым сэнсе больш кансерватыўная, але пройдзе час, і адбудуцца нейкія перамены”.

“Самыя выгадныя інвестыцыі — гэта мода нядаўняга мінулага, яна заўсёды каштуе вельмі танна. Зараз 2000-я не ў модзе, а рэчы 1990-х ужо каштуюць дорага. Рэкорды продажу б’е прыжыццёвы Версачэ, тое, што рабіў у свой час Гальяна. 2000-я пакуль нікому не патрэбны, а знакамітыя яны сваім стылем порна-шыку — усё ў стразіках, кароткія спадніцы, джынсы ў абцяжку, абцасы па 20 см. І зараз такую рэч можна адшукаць за 3 еўра. Хутка ў сэканд—хэндах з’явяцца і лабутэны з іх чырвонай падэшвай. Пасля знакамітай песні яны рэзка выйшлі з моды, паколькі сталі ўвасабленнем верху вульгарызму. Я набуду такую пару”.

“Брэндавае адзенне шыецца ў Кітаі. І вытворчасць практычна любой рэчы там каштуе каля 2-3 еўра за прадмет. А ў магазіне 200-300 еўра. Калі ж гаварыць пра куцюр, то сукенка можа каштаваць ад 20 да 60 тысяч еўра. Гэта цана кватэры ў Мінску. Толькі ў сукенцы нельга жыць”.

“Амаль усе касцюмы стварае для мяне дызайнер Кірыл Гасілін, які ведае мае меркі. Ён мне пашыў вельмі шмат касцюмаў. Да вас я апрануў пінжак у буйны гарох — модны зараз трэнд”.

Па завяршэнні сустрэчы Аляксандра Васільева чакаў прыемны сюрпрыз — Ядвіга Паплаўская завітала ў музей, каб не проста азнаёміцца з выставай, але і перадаць маэстра канцэртны касцюм з гальштукам сіняга колеру Аляксандра Ціхановіча і свой уласны канцэртны касцюм жоўтага колеру.

Святлана БАРЫСЕНКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.