Вы тут

Ася Умарава. Дзед Хаса


Туман ахінуў саўгас імя 50-годдзя Кастрычніка. Тут адразу прыходзіць у галаву надакучлівае азначэнне “лонданскі”, што наганяе аскому, але туман мясцовы, саўгасны. У такія дні хобі некаторых старых – падпальваць на сваім падворку рэшткі сена і смецце. Паўсюль плыве смурод, і вы не зможаце пакінуць селішча без фірменнага “парфюму”. Дарэмна спрачацца з падпальшчыкамі: ні скаргі суседзяў, ні нараканні хворых не бяруцца пад увагу. Паўсюль качкі, гусі, куры: шумяць і блытаюцца пад нагамі, як тыя школьнікі на дэманстрацыі.


Ля бярвенняў, побач з трансфарматарам, як звычайна сабраліся старэйшыны – абмеркаваць апошнія навіны. Самы актыўны сярод іх – дзядзька Грыша: размахвае рукамі і паўтарае свае заўсёдныя словы: “Ну, гэта і вожыку зразумела”.

Сутонее. Дзед Хаса вяртаецца з чарадой авечак – яму насустрач выходзяць мужчыны, каб забраць сваю жывёлу. Авечкі пачынаюць  шарахацца з боку ў бок, узнімаючы пыл, што слупам стаіць у паветры. Тут яшчэ аднекуль з’явіўся статак задзірыстых гусей -- яны з шыпеннем кідаюцца на дарослых і дзяцей. Сярод гэтай мітусні, сігналячы і патрабуючы саступіць дарогу, едуць камбайны і трактары. Дзед Хаса толькі хітае галавой, час ад часу цмокае языком і ўскліквае:

         – Дуй хьуна!

Хаса носіць высокія кірзавыя боты, штаны-галіфэ, доўгі чорны плашч-дажджавік, шэры капялюш з шырокімі брылямі. Калі Хаса, горбячыся, крочыць следам за статкам, яго можна пазнаць здалёк дзякуючы своеасаблівай манеры насіць свой славуты посах: ён не абапіраецца на яго, а трымае за спінай, гарызантальна, акурат на поясе, закідваючы на яго абедзве рукі.

Штовечар дзед Хаса наведвае сваю стрыечную сястру Секімат – старэнькая амаль страціла зрок. Яшчэ з парога стукае ён посахам у дзверы і, гарэзліва смеючыся, крычыць: “Ці ты дома, старая?!”. Секімат старэйшая за яго на адзін год, і з маленства дзед Хаса кпіць з яе, называючы старой. Яна пасміхаецца, перабіраючы зялёныя пацеркі.

У іх была сяброўка, старая Паканат з суседняга сяла, якая ўсё абяцала перасяліцца да Секімат, каб быць бліжэй да прыяцелькі. “І перавязу туды свой куфар”, -- ад усяго сэрца рагатала яна. І то сказаць, чачэнская дзяўчына, ідучы замуж, вязе ў дом мужа куфар з пасагам. Традыцыя захавалася і дагэтуль, толькі цяжкія старасвецкія куфары замянілі модныя чамаданы ад “Шанэль” і “Луі Вітан”…

Старая Паканат так і не пераехала, але загадала пахаваць сябе ў іх сяле, каб хоць магілкі былі побач. Жаданне Паканат, калі надышоў яе час, выканалі…

Секімат ледзь соваецца па пакоях: хворая паясніца перавязана шэрай пуховай хусткай, на нагах – вязаныя шкарпэткі. Ёй пасуе карычневая сукенка, каляровая, у славянскім стылі, хустка на галаве і бурштынавыя каралі на шыі -- жоўтыя праменьчыкі трапляюць на скуру. Ёй нядужыцца, і яна просіць дачку Ліпхан змераць ціск, хоць старэйшае пакаленне больш давярае звыклым метадам вызначэння прычын хваробы. Яшчэ здавён у чачэнцаў захаваўся традыцыйны метад дыягностыкі і лячэння – дол дзілар.  Бяруць галаўную хустку, некалькі разоў праводзяць над галавой хворага. Пасля завязваюць вузельчык на самым канцы хусткі і вымяраюць адлегласць да яго локцем, шэпчучы заклінанне. Так вызначаецца наяўнасць сурокаў, псоты, зайздрасці, а яшчэ – незадаволенасці нябожчыкаў. Пасля чытаюць малітву, над агнём кідаюць соль, і вось адбываецца цуд – хвароба адступае! Мужчыны толькі пасміхаюцца. А можа, гэта сапраўды проста недавер да тутэйшых дактароў?

Навіны па тэлевізары Секімат хоць і не бачыць, але просіць зрабіць гучней. Дыктарка бадзёрым голасам паведамляе пра прыродныя катаклізмы, пра тысячы пацярпелых і параненых: цунамі ў Азіі, землятрус у Паўднёвай Амерыцы… “У Багдадзе закідалі камянямі чатырнаццаць падлеткаў эма”. Пасля ўсяго сказанага тэлевядучая раптам робіць сумны твар, трымае паўзу і жалобным голасам абвяшчае: “А зараз самая трагічная навіна – памёр вядомы артыст…”

Хаса ў засмучэнні хітае галавой: няўжо папярэднія навіны былі не такімі ж трагічнымі, як паведамленне пра смерць аднаго кінаартыста?..

Ніхто не разумеў дзеда Хасу. Заўсёды ўлетку і ўвосень Хаса на сваёй драўлянай рыпучай брычцы, у якую быў запрэжаны лядашчы конік, ездзіў у закінутыя сады – нарыхтоўваў сена для кароў, бычкоў, авечак. Суседзі дзівіліся: куды столькі, і так у каморы поўна?!. Але Хаса ўсё працаваў і працаваў, нарыхтоўваў сена, авёс, ячмень… “Сам можаш недаесці, але пра жывёлу, за якую ты адказваеш перад Усявышнім, павінен паклапаціцца. Вось і нарыхтоўваю, пакуль сілы ёсць…” – гаварыў ён.

Дзед доўга не мог забыць сваю жонку. Людзі часта бачылі яго ў закінутым садзе, калі ён нерухома сядзеў на брычцы, утаропіўшыся ў адну кропку. 

Жонка Хасы памерла дваццаць чатыры гады таму ад бранхіяльнай астмы, але ён, нягледзячы на ўгаворы сваякоў, так больш і не жаніўся – надта ж любіў сваю прыгажуню. Гэта цалкам у адпаведнасці са словамі “пакуль смерць не прыйдзе па нас”… Ён выкраў яе, калі ёй было ўсяго шаснаццаць. І выкраў не таму, што яна не згаджалася пайсці за яго, – яе бацькі былі супраць, бо лічылі дачку занадта маладзенькай.

Але не толькі ўспамінаў не мог пазбыцца Хаса. У адрыне было многа рэчаў, якія даўно трэба было б павыкідаць. Але кожная рэч пра кагосьці нагадвала: пра жонку, бацькоў, якіх больш няма, пра дзяцей, сваякоў… 

У асобных размаляваных куфрах захоўваліся лялькі і вышываныя тканіны. Вышыванне было любімым заняткам яго жонкі. Ён толькі здзіўляўся, калі яна паспявала гэтым займацца: усё ж такі  дзевяць дзяцей і ўвесь дзень на працы.  Яна і лялькі рабіла  вельмі проста. Брала дзве дошчачкі, адну даўжэйшую, другую карацейшую, і складала іх крыж-накрыж, а потым абвязвала вяроўкай. Даўжэйшая – гэта тулава і галава, а карацейшая – рукі. Галаву робяць са шматка тканіны, напханага ватай. Дзве чорныя пацерачкі – вочы, адна чырвоная – вусны, валасы са звычайнай махры. А пасля для лялькі шыюць сукенку, апранаюць яе. Такія лялькі здавён рабілі нашы прабабкі.

…Ну вось, Хаса едзе ў вазку, колы парыпваюць. Калі ён гоніць статак ці паганяе каня, дык гукае прыгожа і нават, як людзям здаецца г, на французскі лад:

         – Чэо! Чэо!

         Часам ён засынае проста ў дарозе, але гэта выключна праз старэчае начное бяссонне. Вясковая дзятва вясёлай гурмой бяжыць насустрач.

         – Дзядуля Хаса, зрабі ласку, пакатай нас!  – просяць-гукаюць яны.

Хаса прачынаецца. Да сустрэчы з дзецьмі ён рыхтаваўся загадзя і  таму загрузіў брычку сенам толькі да бартоў, бо калі нагрузіць “да ўпору”, з верхам, дык дзеці могуць пазвальвацца. Стары спыняе каня і чакае, пакуль дзеці, чапляючыся за колы, ускараскаюцца наверх. Маленькія “пасажыры” занялі свае месцы і пільна глядзяць на дзеда, чакаючы забаўляльнага працягу. А Хаса хітра пасміхаецца і раптам ускліквае:

         – Дуй хьуна! Што гэта ў мяне тут пад нагамі?!.

         Дзеці пазіраюць адзін на аднаго і смяюцца. Хаса выцягвае яблыкі, якія назбіраў у закінутым садзе.

         – Бярыце, родныя, бярыце… А вось гэтыя маленькія пакіньце для майго ўнука. Вы ж ведаеце, як яго завуць?

         – Ведаем. Яго завуць Ту-ту-рбок, – разам адгукаецца дзятва. 

         Хаса задаволены, ад яго вачэй у розныя бакі бягуць зморшчынкі…

         …Хаса пайшоў з гэтага свету праз месяц пасля таго, як нечакана памёр яго сын, бацька Ту-ту-рбока.

         Ён нават на хаўтурах гаварыў, што не зможа жыць без сына. І не змог.

Вазок Хасы доўга стаяў ля іхняга двара – у сваякоў рукі не падымаліся выкінуць ці спаліць. А можа, і яны захварэлі на  хваробу дзеда Хасы – не выкідаць рэчы, бо яны ж захоўваюць успаміны…

Дзеці часцяком гулялі ў вазку – ім гэта надта ж падабалася. Калі адно драўлянае кола зусім спарахнела, сваякі ўсё ж такі адцягнулі вазок на сметнік і спалілі. Конь спруцянеў праз некалькі гадоў.

Цяпер ты ведаеш, дарагі чытач, што саўгасны туман хавае ў сабе шмат успамінаў.

З чачэнскай. Пераклад Ірыны Качатковай

Друкуецца ў часопісе "Маладосць"

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.