Вы тут

Валерыя Радунь. Дзве гісторыі горада Ў


Валерыя Радунь (Саротнік) нарадзілася 27 чэрвеня 1988 года ў Мінску. Скончыла перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (2011).

Аўтар паэтычных зборнікаў «След дождя» (2012), «Море в конверте» (2015), шматлікіх публікацый у беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы («ЛіМ», «Звязда», «Маладосць», «Полымя») як ўласных твораў, так і перакладаў з розных моў (англійскай, кітайскай і г. д.).

Прызёр конкурсу апавяданняў газеты «Звязда» (2006 і 2008 г.). Лаўрэат Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет» (2016).


Дзве гісторыі горада Ў

Качка

Качак на возеры ў парку горада Ў заўсёды было шмат: цэлыя чароды.

Яны паважна плавалі ўздоўж набярэжнай, усім сваім выглядам паказваючы, што іх можна і трэба карміць. Лепш за ўсё — батонам. Можна без разынак. Дзеці з ахвотай кідалі ім у ваду па паўбулкі, хлеб прызыўна гайдаўся на невялікіх хвалях, і качкі спрытна кідаліся на яго. Дзеці радасна пішчалі і скакалі.

Так рабілі ўсе качкі, акрамя адной. Яна, моцная, даволі вялікая з чырвоным пярсцёнкам на лапцы, проста кідацца на хлеб лічыла непрыстойным. Тая качка ўвогуле не любіла ні мітусні, ні шуму, нават калі за гэта можна было атрымаць кавалак хлеба. Яна чакала «свайго» чалавека. «Свой чалавек» прыходзіў кожны дзень, у нейкай смешнай вопратцы і прыносіў булкі — з разынкамі ці макам, еў сам і частку кідаў ёй. Гэта быў яе ўласны чалавек, і тых качак, што хацелі паласавацца нечым з таго, што ён кідаў, яна адганяла як мага далей.

У той дзень, «свой чалавек» чамусьці спазняўся, і качка, цяжка падняўшыся ў паветра, прысела пагрэцца на парапет ля альтанкі — акурат па-над летнім кафэ каля самай вады, амаль над самай ягонай галавой.

Сівы чалавек, Андрэй Міхайлавіч Зязюлька, ішоў да поспеху з самага юнацтва. І, што характэрна, амаль дайшоў. Махінацыі з жыллём аднойчы прывялі яго ў горад Ў — лепшага месца, чым схавацца ад тых, каго ён, як кажуць, «кінуў», ды і ад крэдытораў, было проста не знайсці. Пяць гадоў таму, апынуўшыся тут, ён дастаў з кейса адзін з васьмі сваіх пашпартоў і замест пана Анджэя Яскі стаў Зязюлькам А. М., інжынерам са сталіцы, які, па новай легендзе, накапіў трохі грошай, каб ажыццявіць сваю мару — адкрыць невялічкае турыстычнае агенцтва. Агенцтва пражыло прызначаныя яму пяць год і абанкруцілася — як і планаваў Зязюлька. А грошы тых, хто так і не даехаў да свайго адпачынку, адпачывалі зараз у яго невялічкім кейсе.

І вось спадар Зязюлька піў каву на набярэжнай і марыў пра будучыню.

Качка пра будучыню не марыла. А вось абадраны кот без імя і паловы хваста, што з’явіўся аднекуль з-за сметніцы, марыў пра гэтую самую будучыню не горш за Зязюльку. І ў той будучыні бачыўся сняданак — тлустая, вялізная качка, што сядзела на парапеце. Кот злаўчыўся, скокнуў і…

Андрэй Міхайлавіч занерваваўся — на лацкан яго прыгожага касцюма ляпнула качыным памётам. Не, кот не здолеў схапіць качку — але ж спужаць яе атрымалася.

— Ах ты, дрэнь! — выдыхнуў Андрэй Міхайлавіч, гледзячы ў след качцы, што хутка неслася воддаль ад парапета, катоў і людзей. А крыху далей быў бераг. На беразе — машына з адчыненым багажнікам. Качка са страху кінулася туды, праз багажнік уляцела ў невялікі салон і забілася пад сядзенне ля кіроўцы, у самую цемру.

А машына неўзабаве паехала. Кіроўца, нічога не ведаючы, уключыў вясёлую песеньку па радыё.

Тым часам Зязюлька сядзеў у хімчыстцы і пакрысе губляў цярпенне. Яго пінжак ужо даволі даўно знік у нетрах хімчысткі на «хуткую чыстку», а мажная прыёмшчыца як села на тэлефон, так і не злазіла з яго — Зязюлька падлічыў — сорак чатыры хвіліны і восем секунд.

— Прабачце, — як мага ветлівей прагаварыў нарэшце ён. — Вы не маглі б…

— Мужчына! — неахвотна адказала прыёмшчыца, прыкрываючы трубку тэлефона далонню. — Ці вы не бачыце — я размаўляю!

— Але мой пінжак… — пачаў Зязюлька.

— Чакайце! — гучна абарвала яго прыёмшчыца. — Вам жа сказалі — па-хуткаму зробяць, дык чакайце!

Зязюлька незадаволена хмыкнуў, хацеў яшчэ нешта сказаць, але махнуў рукой, падхапіў свой кейс і пайшоў у кафэ насупраць: каб кубкам кавы падняць сабе настрой.

Ён не заўважыў за вуглом чорны джып і двух непрыемных суб’ектаў у салоне.

— Ну што, звані шэфу, мы яго знайшлі, — сказаў адзін.

— Мабыць, адразу ж і прывязём? — спытаў другі, з усмешкай торгнуўшы затвор пісталета.

— Не, — адрэзаў першы. — І думаць забудзь. Шэф, у натуры, пакуль паразмаўляць загадаў. Так што ствол хавай і звані.

Тым часам, спадар Зязюлька з папяровым кубачкам кавы пад мудрагелістай накрыўкай вяртаўся ў хімчыстку, асцярожна несучы каштоўны свой кейс, ледзь не прыціскаючы яго пяшчотна да грудзей. У думках ён ужо грэўся на Лазурным Беразе і піў дарагі каньяк, але…

Але тут качцы закарцела вылезці з-пад сядзення старэнькага чырвонага «гольфа», які ехаў акурат па той дарозе, якую пераходзіў Зязюлька. Яна, мякка кажучы, спужалася. І з дзікім крыкам падхапілася пад столь салона, стала біцца крыламі ў вокны, лабавое шкло і самога кіроўцу, які спужаўся не менш за качку.

Машына рванулася, бы звар’яцелая ластаўка, і стукнула «мэрседэс» мэра, што стаяў пры дарозе. Не моцна. Нашмат больш яна зачапіла Зязюльку. А дакладней — яго кейс. Які ў прыгожым піруэце паляцеў на другі бок дарогі, і знік за нейкім плотам…

А вакол «мэрседэса» і «гольфа» сабраўся невялікі натоўп, пад’ехала ДПС, з рэстарана насупраць выскачыў раз’юшаны мэр, абураны кіроўца «гольфа» выкараскаўся з-за падушкі бяспекі, а следам за ім  — качка.

Невядома чаму — ці то галава ў яе закруцілася, ці ад жаху, перажытага ў машыне, у няшчаснай птушкі страціўся інстынкт самазахавання: замест таго, каб хутчэй знікнуць, яна, наадварот, кінулася ў натоўп, узляцела над галовамі людзей, «памеціўшы» па ходзе руху мэра і двух ДПСнікаў, прызямлілася акурат на грудзі спадару Зязюлку.

Апошняе, што ён убачыў, перад тым, як страціць прытомнасць, быў злавесны качыны сілуэт на фоне васільковага летняга неба…

 

***

Участковы Федзя Дзежкін прыходзіў карміць качак кожны дзень у абедзенны перапынак. Яму толькі-толькі стукнула двадцаць два, ён не так даўно скончыў акадэмію, і, поўны мрояў і надзей, як гаварыў начальнік, маёр Гуськоў, з «ірвеннем», вартым лепшага прымянення, накінуўся на працу. Але ўсё на самай справе было не так, як у яго любімых фільмах пра міліцыянераў — ні табе гучных спраў, ні цікавых выпадкаў, ні страшэнных таямніц… І ўсё ж Дзежкін, па натуры аптыміст і ў нечым яшчэ хлапчук, не адчайваўся — хто ведае, можа, справа яго жыцця яшчэ наперадзе?

І ён паціху вучыўся простым, штодзённым клопатам, памыляўся і зноў вучыўся — бо практыка, як любіў паўтараць Гуськоў за чаем з жончыным печывам, — лепшы настаўнік. Час ад часу Дзежкін выдаваў нешта такое наіўнае ці бязглуздае, што маёр ціха лаяўся, махаючы рукамі, бы млын пад шквалістым ветрам. Тады малады ўчастковы стараўся асцярожна выслізнуць за дзверы і хуценька зрабіць нешта сапраўды карыснае.

Але не зараз — зараз усё было ціха і спакойна, начальнік на яго не злаваў, і Федзя, як і кожны дзень у абедзенны час, проста карміў качак ля парапета, над летнім кафэ. Толькі яго ўлюбёнцы, вялікай качкі Мацільды, як Дзежкін яе сам сабе назваў, чамусьці не было. І хлопец, задуменна скінуўшы астатнія крошкі ад смятанніка чужым качкам, пайшоў паволі на працу.

У двары ля дома нумар дваццаць два ён ледзь не наступіў сабе на шнуркі і, коратка крэкнуўшы, прысеў, каб завязаць іх. Тым часам за цагляным плотам нешта стукнула, завішчэлі тармазы, і проста яму пад ногі ўпаў металічны кейс, даволі цяжкі, мяркуючы па гуку, з якім ён бразнуўся аб асфальт.

Федзя захістаўся і ад неспадзявання ажно сеў на зямлю, выпусціўшы адначасова і папку, і фуражку. Некалькі секунд ён няўцямна разглядаў кейс, а потым, мала што яшчэ разумеючы, усхапіўся на ногі, падняў фуражку і папку, кінуўся да мураванага плота, ускочыў на лаўку ля яго і паглядзеў на вуліцу. А там ужо пад’ехала «хуткая дапамога», а мэр з нейкім чалавекам лаяліся ля дзвюх пашкоджаных машын.

Федзя, здрыгануўшыся, паглядзеў на кейс. Асцярожна, цераз плячо. Кейс ляжаў на месцы — на шчасце Дзежкіна, у двары нікога, акрамя яго, не было.

Федзя хуценька спусціўся з лаўкі і асцярожна падышоў да кейса. Нешта падказвала хлопцу, што кейс прыляцеў адтуль, дзе здарылася ДТЗ. Але трэба было б высветліць, чый ён. А да гэтага — што знаходзіцца ў кейсе.

Дзежкін кінуўся адчыняць кейс — замкі крыху паламаліся ад падзення, ды раптам адскочыў: а калі там бомба?

Стаіўшыся воддаль, ён сумленна пачакаў дзесяць хвілін, а потым цікаўнасць узяла верх над прафесійнай логікай. Федзя набраў набраў поўныя грудзі паветра, адчыніў кейс і абамлеў.

Столькі долараў адразу ён не бачыў ніколі.

 

Праз пару хвілін Федзя ўжо бег на месца здарэння — трэба ж знайсці таго, каму належаў кейс. У галаве нават на імгненне не ўзнікла думка аб тым, каб пакінуць грошы сабе, а душа ажно спявала ад радасці: нарэшце ёсць сапраўдная справа. І цяпер вельмі важна было яе не згубіць.

Ачуняўшы ў шпіталі, Зязюлька падхапіўся на пасцелі і ашалела агледзеўся. Галава ў яго круцілася і крыху ныла, рукі і ногі былі на месцы. Страшнаваты успамін — цяжкая, нібы каменная фігура качкі на грудзях — пачаў адступаць і здаваўся цяпер нейкім кашмарам. Ён саслізнуў з пасцелі і ўважліва агледзеў свае рэчы, што чакалі яго на табурэце побач — адзін з пашпартоў, якраз на Зязюльку, застаўся ў кішэні. Нават кашалёк быў на месцы. І раптам яго нібы маланкай працяла: кейса нідзе не было.

 

Тым часам, наша качка, якая ледзьве не трапіла пад машыну, важна куляючыся з лапы на лапу, збегла ад яшчэ аднаго, на гэты раз, рудога, але не менш галоднага ката і, сама таго не ведаючы, прыклыпала ў двор шпіталя. Цяжкі дзень выматаў яе, і яна, асцярожна прыладзілася на клумбе, пасярод «альпійскай горкі».

Якраз каля яе і прайшоў Федзя, моцна прыціскаючы да сябе кейс і азіраючыся па баках. Ён не заўважыў, што за ім, ціхенька і ледзь паводдаль ад яго рушаць два непрыемныя суб’екты бандыцкага выгляду.

Бандыты ў сваю чаргу не заўважылі машыну, што «села» ім на «хвост» яшчэ ў цэнтры горада і людзей, што цікавалі за імі ад самай дарогі да шпіталя.

Калі Федзя і бандыты зніклі з поля зроку, невядомыя пераглянуліся, кіўнулі адзін аднаму і пайшлі назад да сваёй машыны.

А качку ўсё гэта ўжо не турбавала. Яна салодка спала ў клумбе, хаця вечар быў яшчэ зусім не позні.

Зязюлька ж кідаўся па палаце, нібы звар’яцелы. Потым ён выскачыў у калідор, разбудзіў медсястру на посце, але тая з лаянкай пагнала Зязюльку спаць.

— Вы не разумееце! — завываў Зязюлька. — Там жа… — ён хацеў сказаць пра грошы, але своечасова прыкусіў язык.

— Знойдзецца ваш чамадан, куды ён дзенецца! — медсястра з сілай заштурхала Зязюльку ў палату і рашуча зачыніла дзверы.

А «чамадан» не спяшаўся знаходзіцца, бо ўчастковы Дзежкін надоўга затрымаўся на посце медсястры.

— Цікава, — сказала яна, — столькі людзей і ўсе яго шукаюць.

— Каго? — пацікавіўся лысаваты мужчына ў белым халаце, што сядзеў і чытаў нешта з тэлефона за стойкай на канапе — відаць, гэта быў дзяжурны ўрач.

— Ды Зязюльку гэтага, Віктар Віктаравіч, — адазвалася, абярнуўшыся, медсястра.

Федзя не паспеў і брывом павесці, як з боку палаты пачуўся нейкі грукат і гукі валтузні.

Калі яны з медсястрой і дзяжурным урачом кінуліся туды, дзе належала быць пацыенту спадару Зязюльку — іх сустрэла пустая палата з расчыненымі вокнамі, перакуленымі крэслы і вопраткай на падлозе.

Федзя з урачом высунуліся з акна — нешта белаватае ў вячэрнім змроку хутка шпарыла па ўнутраным двары, да адной з арак-выхадаў са шпіталя.

— Спадар Зязюлька! — крыкнуў урач, а Федзя слаба паспадзяваўся, што не прыйдзецца даганяць небараку — мала што ў яго з галавой здарылася. — Вярніцеся!

Белаватая фігурка ў двары здрыганулася, падскочыла і пабегла да іншай аркі.

Федзя паправіў фуражку, на ўсялякі выпадак праверыў пісталет, страсянуў кейс і пабег следам за дзяжурным і санітарамі даганяць колішняга пацыента. Калі Федзя выскачыў на двор, Зязюлька белаватым прывідам усё яшчэ кідаўся ў розныя бакі, а паколькі выхадаў са двара было чатыры, выбар у яго атрымліваўся някепскі.

— Спадар Зязюлька, спыніцеся! — зноў закрычаў дзяжурны ўрач. — Хадзем назад! Вы не разумееце, што робіце…

Зязюлька разумеў. Яшчэ тады, калі ён у роспачы глянуў у акно і ўбачыў старых знаёмых, што ціха прабіраліся да галоўнага корпуса шпіталя. І першай яго мэтай было апярэдзіць іх. Ён узяў пашпарт і кашалёк, заткнуў іх за гумку на трусах, расчыніў акно, асцярожна, трохі хістаючыся, залез на падаконнік і скочыў на казырок, што, на шчасце, аказаўся пад вокнамі палаты. Адтуль — на зачынены смеццевы бак і, нарэшце, на зямлю. А там да яго ўжо беглі «сябры» ў чорных скураных куртках і з пісталетамі пад пахай.

Зязюлька, што было сілы, замітусіўся па двары, спачатку кінуўся да аркі, што вяла на дарогу — але хлопцы ў скуранках былі бліжэй да яе. І Зязюлька, не збаўляючы хуткасці, змяніў напрамак. Але на гэты раз шлях яго шалёных уцёкаў ішоў проста праз клумбу, на якой спала качка. Качка падхапілася з крыкам, бліснуўшы крывава-чырвоным пярсцёнкам на лапе. Зязюлька таксама закрычаў ад нечаканасці: гэта была яна, тая КАЧКА! Закрычалі і бандыты, на якіх качка наляцела пасля спалоханага аферыста. Закрычалі і Федзя з дзяжурным урачом, кідаючыся на бандытаў. Тыя вывернуліся, але Мацільда, перапуджана ўзняўшыся ў паветра, стукнулася ў іх ізноў і пляснулася на дзяжурнага, а той, у сваю чаргу, — на Федзю. Пачалася мітусня, людзі спатыкаліся і пападалі адно на аднаго. Качка крычала, біла людзей крыламі, раз за разам спрабуючы ўзляцець. «Трымайце! Каб цябе! Брыдкая птушка!» — чулася ў двары шпіталя, і цікаўныя медсёстры і пацыенты высоўваліся з вокнаў, каб зняць на тэлефон тое, што робіцца ўнізе.

А Зязюлька скочыў да чацвёртай аркі, куды, на яго шчасце, заязджаў грузавік з прадуктамі для сталовай. Праслізнуўшы ў шчыліну паміж машынай і сцяной аркі, ён, у адным халаце са шпіталя, пабег уздоўж дарогі, якая вяла да вакзала.

Качка ж, нарэшце здолеўшы ўзляцець, неслася цяпер прэч ад гэтага страшэннага месца. Дзесьці ў дварах за шпіталем, яна плюхнулася на бліжэйшы балкон і праз адчыненыя дзверы пракавыляла ў пакой — там нікога не было, толькі настольная лямпа свяціла мякка і ўтульна.

Качка агледзелася і ля самага балкона ўбачыла адчынены чамадан. Што ў ім было, птушку не турбавала, як і тое, што яна апынулася ў чалавечым жытле. Там яна адразу ж заснула, вырашыўшы падумаць аб тым, што рабіць далей, зранку.

Тым часам бандыты, адбіўшыся ад урача і ўчастковага, кінуліся да трэцяй аркі, у якой мог знікнуць Зязюлька.

— На вакзал, — аддыхаўшыся сказаў адзін. — Зуб даю.

— Ага, — згадзіўся другі.

І яны памчалі да свайго джыпа, які стаяў непадалёк.

Дзяжурны з Федзем крыху ачомаліся і зразумелі, куды знік Зязюлька.

— Давай на вакзал! — пляснуў рукамі ўрач.

— Туды? — спытаў Федзя, намацваючы рукамі кейс — той быў цэлы і нават не адчыніўся.

— У яго ж страсенне, — працягваў урач. — Упадзе там яшчэ…

І яны кінуліся ў кірунку вакзала.

— А мне што рабіць?! — крыкнула медсястра.

— Выклікайце міліцыю, — параіў Федзя, напаследак абярнуўшыся.

 

Ганна Іванаўна даўно збіралася ў адпачынак. Некалькі гадоў — галоўнаму бухгалтару турфірмы не так проста было гэта зрабіць. Але ў гэтым годзе ўсё вырашылася само сабой: фірма абанкруцілася і ўсе, хто там працаваў, апынуліся на вуліцы. Ганна Іванаўна час ад часу марыла, як бы даць начальству, якое знікла, добрага выспятка — кабета яна была мажная, ледзь праходзіла ў дзверы бухгалтэрыі, а пан Зязюлька быў вельмі сціплай камплекцыі.

Што ўдумаў! Аферыст, каб яго качкі заелі!

Але як бы сумна ўсё гэта ні было, новую працу Ганна Іванаўна знайшла хутка — да пенсіі далёка, вопыту хапае, сувязі патрэбныя ёсць. А вось моладзі, што ўголас ўсхліпвала ля дзвярэй былога агенцтва, трэба было дапамагчы. Хоць неяк. Хуценька ўладкаваўшы сваіх маладых калег ды знаёмых, Ганна Іванаўна запісалася на фітнес і, каб канчаткова супакоіцца і не задавіць пана Зязюльку дзе-небудзь пры сустрэчы, пачала збірацца на дачу: паспелі клубніцы. Лепшага сродку ад стрэсу Ганна Іванаўна не ведала.

У пятніцу вечарам яна, пакінуўшы ля балкона адчынены чамадан, піла на кухні гарбату пад любімы серыял. А раніцай, уся ў сваіх думках, яна нягледзячы, зачыніла чамадан і пацягнула яго да дзвярэй — таксі ўжо чакала. Чамадан падаўся Ганне Іванаўне падазрона цяжкім, але жадання адчыняць яго зноў у яе не было, і яна проста патрэсла яго як след, каб рэчы лепш ляглі ўнутры, ды пацягнула ўніз па лесвіцы. Клубніцы чакалі!

 

***

Пан Зязюлька сядзеў на вакзале за калонай і ўжо пачынаў нервавацца.

Ён дрыжачымі рукамі сунуў касіру грошы, неяк набыў білет да раённага цэнтра, недалёка ад горада Ў, дзе можна было б крыху адседзецца з тымі грашыма, што ў яго яшчэ засталіся. І схавацца ад сваіх праследавацеляў, што прачэсвалі вакзал у пошуках Зязюлькі. Следам за імі з’явіліся ўрачы і ўчастковы з кейсам — на які Зязюлька мог толькі прагна глядзець здалёк, чуючы, як калоціцца сэрца.

На яго шчасце, за бруднай калонай у канцы залы чакання ніхто не дадумаўся шукаць Зязюльку. Да цягніка заставаліся лічаныя хвіліны, а бандыты, ды і прадстаўнікі закона, не заўважыўшы яго, прабеглі з шумам і гамам у другую залу.

Самы час быў выслізнуць да пуцей і збегчы! І тое ў Зязюлькі амаль атрымалася б, калі…

— Спадар Зязюлька?! — раптам аклікнулі яго за імгненне да таго, як ён урэзаўся ў нешта вялікае і мяккае. Гэтым вялікім і мяккім была Ганна Іванаўна. Яе ружовая кофтачка злосна паблісквала стразамі, капялюшык з іспанскай саломы пагрозліва ссунуўся на бок, а ў вачах гарэла прага помсты.

— Га-а-анна Іванаўна? — разгублена прамармытаў Зязюлька

Ганна Іванаўна падняла Зязюльку за грудкі сантыметраў на трыццаць над зямлёй і страсянула так, што з яго зляцелі тапкі. Яна закрычала на ўвесь вакзал:

— А каб ты праваліўся паразіт! Міліцыя! Я злавіла махляра!

— Гэй, ты! — пачулася побач. — Кінь яго! Ён наш!

Гэта былі бандыты. Адзін з іх наставіў на Ганну Іванаўну пісталет.

У зале ўзнялася паніка. Ганна Іванаўна ад нечаканасці расціснула пальцы, і Зязюлька пляснуўся на падлогу. На падлогу таксама пляснуўся і чамадан Ганны Іванаўны. Замок у яго адчыніўся і адтуль вывалілася качка.

Так, так, тая самая качка, з чырвоным пярсцёнкам на лапцы. І зараз не зусім разумела, што творыцца навокал.

Зязюлька са звярыным крыкам кінуўся наўцёкі. Бандыты пабеглі за Зязюлькам. Адзін з іх спатыкнуўся аб качку і расцягнуўся на падлозе, пацягнуўшы за сабой другога. Зязюлька, тым часам, дабег да выхаду на перон і ўрэзаўся ў Федзю з кейсам.

— Гэта вы, пан Зязюлька! — радасна крыкнуў Федзя. — Я павінен перадаць вам ваш…

— Гэта наш кейс, — бандыты падскочылі на ногі і цяпер трымалі на мушцы і Зязюльку з Федзем. — Слухай сюды, мент, — хрыпла сказаў адзін з малойчыкаў, — кладзі кейс на падлогу і штурхні да нас.

— Эа, братан, а ці гэта быў наш план? Мы ж за ім… — здзівіўся другі.

— Лёлік, ты што, дурны?! — прыкрыкнуў на сябра першы. — Там жа бабкі! А з такімі бабкамі, як гэты пацук нацягаў, нам ніхто не патрэбны!

Федзя разгублена глядзеў на Зязюльку. Той з жахам глядзеў на кейс. У зале было пуста, толькі Ганна Іванаўна застыла, бы грэчаская скульптура, ля свайго чамадана і, не магла зрушыцца з месца.

І толькі качцы было ўсё роўна. Яна трохі ачуняла ад няўдалага падарожжа ў чамадане і цяпер асалавела глядзела па баках, не разумеючы, што робіцца навокал.

Якраз у той момант, калі Федзя, нарэшце, прыдумаў, як штурхануць кейс і дастаць свой пісталет, адначасова з усіх уваходаў у залу з’явіўся АМАП. Бандыты выранілі зброю. Зязюлька сціснуўся ў камяк. Ганна Іванаўна, страціўшы прытомнасць, гучна рухнула на падлогу.

— Крак! — сказала качка.

 

***

Федзя стаяў на галоўным уваходзе вакзала і глядзеў, як «упакоўваюць» бандытаў. Хто ж ведаў, што за імі таксама цікавалі і даўно збіраліся ўзяць.

За клумбай урач з «хуткай» паіў сардэчнымі кроплямі Ганну Іванаўну і злаваў, бо выклік паступіў на раненне — усе чамусьці вырашылі, што жанчыну падстрэлілі.

Побач, у асобную машыну, вялі Зязюльку.

— Гэта яна! — мармытаў ён, дрыжачымі рукамі хапаючы міліцыянераў за рукавы формы. — Гэта птушка! Яна дэман! Пачвара! Схавайце мяне, калі ласка, схавайце!

— Абавязкова схаваем, — чалавек у форме маёра лагодна падтрымліваў яго пад локаць, падсаджваючы ў машыну.

— А куды мы едзем?

— Да нас. У госці. Качак у нас няма, не бойцеся.

Тым часам, качка паволі выкацілася на прыступкі ўвахода ў вакзал.

— Мацільда! — усклікнуў Федзя, убачыўшы чырвоны пярсцёнак. — Дык вось ты дзе! А я булку ўсю іншым качкам скарміў…

Качка, калі б магла, адказала б, што ёй зараз не да булкі. Яна ўзнялася і паляцела да возера, дзе потым з тыдзень хавалася ў кустах: прыгод з яе было досыць.

Ніхто не ведае дакладна, што здарылася са спадаром Зязюлькам — ці то яго прызналі псіхічна хворым і адвезлі ў шпіталь, ці то пасадзілі… Адно зразумела: яму яшчэ доўга ў кашмарах бачыўся абрыс качкі.

Ганна Іванаўна даехала на дачу і сабрала такі ўраджай клубніц, як ніколі. Там яна добра адпачыла і перадала суседкам усе плёткі з горада.

Што да ўчастковага Федзі, ён усё гэтак жа ходзіць у абедзенны перапынак на возера — карміць качак. І ўсё гэтак жа чакае сваю Вялікую Справу.

І дачакаецца, напэўна...

 

 

Смерць аўтара

 

Аднойчы на вуліцы горада Ў з’явіліся два рыцары. У сярэднявечных даспехах, у кальчугах, з мячамі на поясе, са шлемамі пад пахай, яны хадзілі па вуліцах і аб нечым пыталіся ў гараджан.

І ніхто не здзіўляўся. Бо, як у кожным цывілізаваным горадзе, які стаміўся ад сучаснага жыцця, у горадзе Ў такстама былі рэканструктары і ралевікі. А яшчэ дзякуючы Зяленаму замку — галоўнай славутасці горада, дзе, як казалі, колькі год таму завёўся свой прывід — сюда часта прыязджалі здымаць кіно.

Так што ніхто нават не звярнуў увагі на двух старажытных воінаў, якія ніяк не маглі перайсці дарогу. Трое падлеткаў, ціхенька хіхікаючы, здымалі іх на тэлефон. Нейкая старая падазрона глянула на іх з-пад акуляраў і нешта сказала сваей суседцы. Мужчына, што выгульваў сабаку побач, шмаргануў павадок на сябе, непрыемна зыркнуў у бок рыцараў і знік у пад’ездзе.

Праз нейкі час ваяўнічая пара здолела, нарэшце, апынуцца на процілеглым баку дарогі і пачала блукаць сярод сціплых пяціпавярховікаў, нібыта ў лесе, шукаючы патрэбны нумар на сцяне.

— Скажыце, калі ласка, найпрыгажэйшая пані, — спытаў адзін з рыцараў здзіўлена-спалоханай жыхаркі дома Ганны Акрадзеўны, якую яны сустрэлі ў пад’ездзе, — дзе жыве Алек Джонс?

— Хто? —не зразумела жанчына.

Адзін з рыцараў дастаў дзіўны шматок тканіны і прачытаў, як па складах:

— Мі-ка-лай-аў-сян-кін.

— А, Коля! — нервова пасміхнулася Ганна Аркадзеўна, і хоць яна працавала псіхіятрам у шпіталі горада Ў, на хвіліну нават засумнявалася ў сваім псіхічным здароў’і. — Дык вы фанаты? Вы да яго? Падымайцеся на пяты паверх, сорак другая кватэра. Там дзверы налева, не згубіцеся.

Рыцары праводзілі жанчыну зацікаўленымі позіркамі пакуль яна, трымаючыся за парэнчы і спалохана гледзячы на іх, спускалася па лесвіцы.

Алек Джонс, ён жа Коля Аўсянкін, узяў псеўданім не проста так.

Па-першае, як вы карабель назавеце, так ён і паплыве: загадкавае імя, пад якое можна прыдумаць псеўдагістарычную казку з адносна неблагім сюжэтам і гумарам — і, калі пашанцуе ці зоры складуцца, як трэба, вы станеце вядомым аўтарам. А па-другое, як жа прыемна было хаця б тут змяніць прозвішча, што надакучыла яшчэ ў школе мянушкай Геркулес. Нехта, вядома, не пагодзіцца: Геркулес, гэта, канешне, і аўсянка ў картонным пачку, але ж таксама і старажытны міфалагічны герой. Герой, — фыркаў з горыччу Коля. Герой, у якім метр з кепкай, худы, нязграбны. З’яўляцца на канвентах і канферэнцыях фантастаў ён вельмі не любіў, бо ўласная знешнасць дый унутраны настрой не спрыялі цёплым сустрэчам з калегамі і фанатамі. Так Аўсянкін, вядомы як Алек Джонс, атрымаў рэпутацыю самага загадкавага аўтара сярод маладых фантастаў, да якіх ужо каторы год, ці то забываючыся на час, ці то здзекуючыся, адносілі яго крытыкі.

У той дзень, калі ў горадзе Ў з’явіліся рыцары, ён якраз збіраўся закончыць перадапошнюю кнігу са свайго цыкла «Іранічнае фэнтэзі», як сам яго называў. Усё сходзілася, усе «хвасты» самі абрубаліся, усе стрэльбы стралялі — Коля ледзь у далоні не пляскаў ад таго, як гладка ўсё абяцала скончыцца. Сэр Сібелі і сэр Гэбельдорыус павінны былі сысціся ў апошняй вялікай бітве акурат напрыканцы гэтай кнігі, Святы Меч Гераль — у гэтай кнізе, зразумела, — не дастанецца нікому.

І ў той самы момант, калі Аўсянкін збіраўся націснуць на «захаваць» у кутку тэкставага рэдактара, у дзверы пазванілі.

Коля раздражнёна і шумна ўздыхнуў, падняўся нехаця і пайшоў адчыняць.

Далей усё здарылася так хутка, што ён нават спалохацца не паспеў. Дзве высокія, нават магутныя постаці адцяснілі яго з цёмнай вітальні ў калідор, а адтуль — у «кабінет», маленькі, светлы пакойчык, дзе Коля працаваў над сваімі раманамі.

— Прывітанне, о шаноўны Творца! — хорам сказалі абедзве фігуры.

Праз хвіліну недарэчнага маўчання Коля моўчкі апусціўся ў сваё старое любімае крэсла, няўцямна гледзячы на сваіх нязваных гасцей — у яго не было ні слоў, ні моцы нешта сказаць ці падумаць. А рыцары сэр Сібелі і сэр Гэбельдорыус, тыя самыя, пра каго ён толькі што пісаў, не пераставалі гаварыць.

— Мы доўга былі ворагамі, — казаў тонкі і светлавалосы сэр Сібелі, якраз так Аўсянкін сябе яго і ўяўляў. — А потым зразумелі, што настаў час спыніць варожасць.

— Трэба было нешта рабіць з тым, што чынілася навокал, — падхапіў чорнавалосы і стрыжаны «пад гаршчок» атлетычнага складу сэр Гэбельдорыус. — І вырашылі ісці да чараўніка, да Мартынуса. Ён сказаў, што нам, каб зразумець, як жыць далей, трэба трапіць да Вас, о Творца!

— І што яшчэ сказаў Мартынус? — хрыпла спытаў Коля, да якога толькі цяпер вярнулася мова.

— Ён сказаў, пане Творца, што калі мы хочам цябе пабачыць, то павінны чымсьці ахвяраваць, — сказаў сэр Гэбельдорыус.

— Мы ахвяравалі нашы жыцці там, — падхапіў сэр Сібелі, — і вось, мы прыйшлі да цябе.

Коля заплюшчыў вочы. Расплюшчыў. Зноў заплюшчыў. Прытомнасць паціху вярталася да яго — і свядомасць намагалася хоць як-небудзь апраўдаць тое, што рабілася. І першае, што падумаў: гэта сон. А што, можа быць. Другое — гэта жарт фанатаў. А чаму не? Вунь, маладой жанчыне, якая напісала цыкл пра вядзьмарку, фанаты нават малюнкі дасылаюць і мяккую цацку фіялетавай лісы з таго рамана пашылі па матывах. Што ж гэта атрымліваецца — вось яна, слава?..

Коля ўжо смела аглядзеў рыцараў з ног да галавы: так і ёсць, гэты шлем ён бачыў у Празе, на экскурсіі, нават сфатаграфаваў — няхай будзе, маўляў. А выяву гэтай кальчугі ўвогуле ўзяў у інтэрнэце на гістарычным сайце, калі твор пісаў. Тут яго яшчэ раз кальнула непрыемнае пачуцце — усё, што было на рыцарах, цалкам адпавядала вынікам яго «аўтарскіх даследванняў». Для антуражу і каб па-сапраўднаму было, Коля шукаў хоць нешта пра адзежу, даспехі і быт таго часу, пра які ён пісаў. Нават спрабаваў вылічыць, колькі можна захоўваць малако і масла без лядоўні ды колькі можна хадзіць у даспехах, іх не здымаючы…

Але, калі гэта фанаты — да таго ж, рэканструктары, што ім перашкаджае сабраць неабходны ўбор?

Увесь флёр сюррэалістычнасці ад гэтых думак цалкам некуды знік. Коля уздыхнуў і сказаў:

— Адно пытанне, хлопцы: гэта жарт?

Рыцары паглядзелі адзін на аднаго.

— Пане творца, — працягваў сэр Сібелі. — Мы…мы шчыра рады бачыць і чуць вас.

— І мы да вашых паслуг, — падхабіў сэр Гэбельдорыус. — Вам не трэба засмучацца. Мартынус, мабыць, хоць і звар’яцелы стары чараўнік, але папярэдзіў, што вы не паверыце нам. Ён параіў адразу расказаць вам канец нашай гісторыі.

І яны пачалі расказваць. Коля слухаў, адчуваючы, як унутры ўсё халаднее. Ні адзін фанат — ды што фанат, нават выдавец! — не павінен быў ведаць такіх падрабязнасцей— і ён мог паклясціся, што нікуды не «зліваў» рукапіс.

Заставалася адно — ён спіць. Або перапрацаваўся да рыцараў у вачах. Хацелася верыць у першы варыянт, і Коля здаўся.

— Добра. Добра, добра, добра, я вам веру. Толькі што вам ад мяне трэба?

Рыцары крыху памаўчалі.

— Мы хацелі даведацца, — прабасіў Гэбельдорыус, — за што.

— Што — за што?

— За што вы дазволілі забіць маю сям’ю? — роспачна спытаў Сібелі.

— І майго бацьку, — дадаў Гэбельдорыус.

Хвіліну Коля хапаў ротам паветра, не ведаючы, як растлумачыць сваім персанажам — нават у сне, бо для сябе Коля ўжо вырашыў, што ўсё гэта дрэнны сон — гэтыя аўтарскія «закідоны» і «вывіхі», усё тое, што ён намагаўся сказаць жыццёвым бязладдзем абодвух рыцараў. Так, характар сэра Сібелі, і Коля добра гэта разумеў, раскрыўся лепей, калі загінула яго сям’я. Да таго ж, персанажаў у рамане стала зашмат. І — Коля ў нечым нават ганарыўся гэтым — у яго пачало атрымлівацца нешта вельмі рэальнае і жорсткае, у стылі знакамітай «Гульні тронаў», аўтар якой, яшчэ не скончыўшы сагу, паназабіваў столькі народу, што хапіла б на невялікае паселішча. Што ж датычылася сэра Гэбельдорыуса, Коля стараўся зрабіць яго ліхадзеем, такімі, як кажуць літаратуразнаўцы, цемнымі фарбамі яго намаляваў, але нічога не атрымлівалася — персанаж усё ніяк не хацеў быць злым і жорсткім. Нават Колева малодшая сястра, вунь, не адзіны раз гаварыла, что Гэбельдорыус падабаецца ёй нават больш за пратаганіста. Нарэшце, Коля здаўся і прыляпіў Гэбельдорыусу вельмі сумную гісторыю са смерцю бацькі і ўсім, што з гэтага вынікала, раз за разам лаячы сябе за неўменне напісаць моцнага, абгрунтавана адмоўнага персанажа, а не байранічнага, неадназначнага небараку. Ён і сам разумеў, дзе «накасячыў» — думаў, што перапіша. Але нешта перапісаць не атрымлівалася. Добра яшчэ, падумаў Коля, яны не ўспомнілі пра фінальную бітву і ўсіх, хто там умудрыўся загінуць.

— Э… і дзеля гэтага вы… прыйшлі да мяне? — разгублена прагаварыў Коля, намагаючыся адцягнуць непрыемную размову, якая магла завяршыцца ўдарам мяча — няхай і ў сне, гэта наўрад ці было б прыемна.

— Так, о Творца! — амаль хорам адказалі рыцары.

— Дык ты скажаш нам, дзеля чаго ты гэта зрабіў? — працягнуў сэр Сібелі.

У Колевых думках пранеслася мноства вельмі разумных версій, а сярод іх Барт у абдымку са сваёй знакамітай тэорыяй аб «смерці аўтара». Не тое, каб Коля вельмі захапляўся ёй, але ён пра гэтую тэорыю чытаў і нават нешта зразумеў. Трэба было чапляцца хаця б за гэтую саломінку. Задурыць ім галаву і, лепш за ўсё, прачнуцца. Тым часам, уяўны Барт у Колевай галаве радасна памахаў яму рукой, і Аўсянкін выпаліў:

— Я…я…разумееце, я толькі… толькі праваднік тэксту. Ну-у, вы, вы, вас не існуе, вы толькі тэкст, тэкст які… адным словам, паводле тэорыі Ралана Барта, вы абодва…

І тут ён зразумеў, якую лухту нясе. Тады, ад адчаю і жадання хутчэй скінуць з сябе морак сну, Коля амаль закрычаў:

— Ды згіньце вы абодва куды-небудзь! Калі вы і існуеце, дык я не ведаю, НЕ ВЕДАЮ, што вам адказаць! Вас задаволіць адказ — «я вырашыў, што так лепей»? Не? А калі не, сыходзьце адсюль!

Праз колькі хвілін рыцары, збянтэжаныя і самотныя, выйшлі з Колевай кватэры…

Ува многіх фільмах і кнігах ёсць такія персанажы — яны прыходзяць, каб усё растлумачыць чытачу. Гэта як вядомы вобраз бармэна, якому на падпітку можна расказаць усё, і, здараецца, атрымаць неабходны адказ. Іх уводзяць падчас наўмысна, як голас аўтара, і яны могуць раздражняць, але да такіх персанажаў лепш прыслухоўвацца.

Дворнік Апанас Нілавіч быў бы амаль такім персанажам, калі б жыў у кнізе ці фільме. Не, ён не прыставаў да ўсіх з тлумачэннямі іх жыцця, як любяць некаторыя. Але, калі чалавеку і сапраўды патрэбна была парада ці падтрымка — ён з’яўляўся аднекуль і знаходзіў гэтыя самыя патрэбныя словы. Як адзін маленькі, зялёны магістр з фантастычнай сагі, ён, невысокі, кволы стары, нібы выпраменьваў спакой і разуменне. Пра яго ў двары хадзілі легенды — казалі, што ён быў калісьці прафесарам філасофіі, а яшчэ, што ён сапраўдны мільянер, але такое багацце яму непатрэбнае, і таму Апанас працуе дворнікам.

Словам, шмат чаго пра яго гаварылі — але, што цікава, толькі добрае.

Так здарылася, што Апанас Нілавіч быў тады адзіным у двары, хто з трывогай паглядзеў услед двум самотным рыцарам, якія выйшлі з пад’езда.

А сэр Сібелі і сэр Гэбельдорыус, не адчуваючы яго позірку, тым часам, пабрылі па вуліцы ў кірунку моста. Там яны спыніліся, паклалі шлемы на зямлю і, аблакаціўшыся на парэнчы, доўга глядзелі ў далячынь. А потым сэр Сібелі сказаў:

— Што будзем рабіць, шаноўны мой вораг?

Гэбельдорыус развеў рукамі.

— Ты ведаеш, калі глядзець адсюль, ні наша саперніцтва, ні нашы бойкі не маюць ніякага сэнсу. Падумай сам — тут мы не дзелім святы меч-Гераль, да якога імкнуліся абодва. Тут няма нашых армій, няма інтрыг… Нашы жыцці там парушаныя, калі не сказаць, што там нас больш увогуле няма, памятай пра гэта.

Сэр Сібелі нечакана падхапіў:

— Ведаеш, сэр Гэбельдорыус, ты маеш рацыю. Калі б я толькі мог… я б пачаў жыццё ізноў. Тут.

— Дык што нас трымае? — павярнуўся да яго Гэбельдорыус. — Вось толькі… вырашыць бы, што рабіць.

Яны паглядзелі на Колеў дом, які добра было бачна з моста.

— Хадзем, развітаемся з Творцам, — прапанаваў сэр Сібелі.

— Хадзем, — згадзіўся сэр Гэбельдорыус. — А калі ён нас ізноў выганіць?

— Усё роўна, пайшлі. Мы знойдзем, што яму адказаць на гэтае ягонае «я так вырашыў», — сэр Сібелі паправіў меч, падняў з зямлі шлем і падаўся ў бок дома Творцы.

— Ізноў вы? — уздыхнуў Коля, адчыніўшы дзверы перад рыцарамі — А вы адны? Больш нікога няма?

— А што здарылася, Творца? — спытаў сэр Сібелі.

— Тут былі браты Феату, — пацёр бок Коля. Ён добра памятаў, чаму і як яны загінулі — два маладыя ганцы, што патанулі ў балоце, не паспеўшы данесці вестку аб наступленні арміі сэра Гэбельдорыуса. Гэта ўсё, разумеў Аўсянкін, меней і меней было падобна да сну. Асабліва боль у баку — каб толькі добрыя браты Феату нічога яму не зламалі.

Рыцары спачувальна паківалі.

— Дык чаго вы прыйшлі?

— Мы хацелі развітацца, — прамовілі яны. — Калі вам няма чаго сказаць, калі вы не ведаеце, што нам рабіць — мы будзем вырашаць свой лёс самі. Мы пачнём новае жыццё тут.

— Ну, як хочаце, — Коля стомлена пацёр вочы. — Ідзіце ўжо.

Рыцары моўчкі няўклюдна патапталіся ў вітальні, потым асцярожна выйшлі на лесвіцу і нечакана адчулі сябе па-сапраўднаму свабоднымі.

Прайшоў тыдзень з таго дня, як рыцары з’явіліся ў горадзе Ў. Не так многа, здаецца, але чаго толькі за гэты час не здарылася!

Сэр Сібелі, з лёгкайе рукі Апанаса Нілавіча, стаў працаваць гідам у Зялёным Замку — і адкуль толькі ў дворніка такія сувязі? На ўсе пытанні Апанас Нілавіч заўсёды хітравата пасміхаўся. Калі Коля Аўсянкін спытаў яго, як ён уладкаваў сэра Гэбельдорыуса на працу пажарным, ён адказаў:

— Рабі дабро, і ў цябе будзе шмат сяброў.

Аднойчы, недзе ў сярэдзіне лістапада, на працы ў сэра Гэбельдорыуса выдалася свабодная хвілінка, і ён вырашыў зайсці да свайго Творцы. Ён і сам не ведаў, чаму.

Сэр Сібелі і сэр Гэбельдорыус сустракаліся час ад часу — выпіць піва і пагаварыць пра жыццё. Яны на дзіва хутка прыжыліся ў такім незразумелым для сярэднявечных жыхароў месце, як горад Ў. Апанас Нілавіч тлумачыў гэта тым, што ў іх галовах ёсць нейкія веды ад іх аўтара. Але дагэтуль Сэр Сібелі ніяк не мог дараваць Творцу таго першага «знаёмства». Сэр Гэбельдорыус, наадварот, у нечым нават Колю зразумеў і дараваў — да таго ж, жыццё тут яму падабалася куды больш, чым у казачным сярэднявеччы, адкуль яны збеглі — хаця б тым, што тут гарачая вада лілася проста з крана.

І вось, нарэшце, сэр Гэбельдорыус купіў невялікі торт і выправіўся да Колі ў госці.

Калі сэр Гэбельдорыус узнімаўся па лесвіцы да Колі, ён ледзь не сутыкнуўся з дзяўчынай у аксамітнай доўгай сукенцы, па якой ён пазнаў лэдзі Дану. Трэба сказаць, яе лёс у рамане таксама атрымаўся не салодкім — каханы загінуў, замуж выдалі за нялюбага, які таксама загінуў — Коля тады вырашыў «паддаць Шэкспіру», бо напрыканцы перад ёй стаяла непрыемная маральная дылема з выбарам: жыццё сябра, сэра Сібелі, ці будучыня яе народа. Гэбельдорыуса лэдзі Дана не заўважыла, яна была як ніколі раззлаваная, і… невыносна прыгожая. Коля стаяў на лесвіцы пахмурны, на яго шчацэ гарэў заўважны след ад аплявухі — Гэбельдорыус ледзь не рассмяяўся ўголас, бо так добра ляпнуць па фізіяноміі магла толькі лэдзі Дана. Коля, заўважыўшы старога знаёмага, панура кіўнуў яму:

— А, ты. Заходзь, толькі калі ласка, не заві мяне Творца, у мяне ўжо алергія на гэта слова.

Гэбельдорыус не стаў пытацца ў аўтара, што такое «алергія» — ён вырашыў, што гэта рэч непрыемная, бо ён просіць не называць сябе гэтым словам, і зайшоў у кватэру. Унутры было цесна ад герояў. «Здаецца, да Мартынуса схадзілі не толькі мы», — падумаў Гэбельдорыус, чухаючы стрыжаную патыліцу. Каго там толькі ні было!

Кароль Барус, уласнай асобай, сядзеў у зале на крэсле, як на троне, раз-пораз з кіслай мінай пераключаючы каналы тэлебачання. Яго першы міністр круціўся на кухні — шукаў нешта ў лядоўні. Сам Мартынус, стары чараўнік, намагаўся зачараваць мікрахвалёўку, каб яна хутчэй аддала яго бутэрброд. Недзе ў глыбіні кватэры чуліся галасы — Гэбельдорыус пазнаў і іх таксама, гэта былі прыдворныя дамы Сесіл і Радыя.

Сэр Гэбельдорыус паставіў торт на стол у Колевым кабінеце — там, як ні дзіўна, нікога не было.

— Ну, як справы, як жыццё? — спытаў аўтар, разліваючы гарбату па кубках.

— Добра, о… пане аўтар, — пасміхнуўся сэр Гэбельдорыус. — А ў вас?

Яны размаўлялі даволі доўга, нават сталі дыскутаваць пра маштабныя бітвы. — Коля хацеў пачаць новую кнігу, але для гэтага патрэбна была кансультацыя. Неўзабаве торт скончыўся, сэр Гэбельдорыус пайшоў да караля Баруса — глядзець тэлевізар і лаяць сучасныя норавы.

А Коля выйшаў на вуліцу, — крыху падыхаць паветрам.

— Што, «дзеці» да цябе прыехалі? — у двары шчыраваў Апанас Нілавіч.

— Та-а-ак, — працягнуў Коля. — Мяне нішто ўжо не здзіўляе. Усе. Усе, разумееце? Яны ўсе перабраліся сюды. Сёння вось прыйшлі. У госці.

— А чаму б і не, калі ім добра? — дворнік зняў кепку і працёр лоб.

— І што мне далей рабіць? — Коля правёў рукамі па твары. Апанас Нілавіч, як заўсёды, добра пасміхнуўся.

— Пісаць, Мікалай. Пісаць і пісаць.

— А калі яны зноў прыйдуць? Новыя? Ой, што я гавару…

— Калі прыйдуць — тады і думаць будзеш, — Апанас Нілавіч абтрос мятлу і пачаў асцярожна змятаць лісце з тратуара. — Але зіма хутка. Не думаю, што прыйдуць.

Коля вылупіўся на старога.

— Чаму вы так лічыце?

— Я не лічу, — падміргнуў яму дворнік у адказ, — я ведаю.

Коля пайшоў дадому. Ідэі ў галаве раіліся, бы пчолы, перасільваючы страх.

Ён адкрыў ноўтбук, акно тэкставага рэдактара, і пачаў набіраць. Як ніколі ў жыцці ён ведаў, што збіраецца напісаць.

Тым часам у сваёй дворніцкай каморцы Апанас Нілавіч агледзеўся па баках і асцярожна адчыніў невысокую дзверцу недзе ў кутку. Па-за дзверцай былі паліцы, што сыходзілі некуда далёка ўглыб будынка. Дворнік ўзяў сшытак у старой скураной вокладцы, што стаяў паміж банкай з маленькай галактыкай, якая паблісквала ў цемры, бы навагодняя ёлка, і дзіўным прыборам, падобным да гадзінніка.

Ён раскрыў сшытак на патрэбным месцы, дастаў стары хімічны аловак і пасміхнуўся.

— Чаму я так думаю, чаму я так думаю… Ведаю.

І дапісаў у канцы главы, што пачыналася словамі пра з’яўленне рыцараў:

«І Коля стаў зноў пісаць. А зімой… зімой да яго не завітаў ніхто з тых, каму на паперы ён даў жыццё, і Коля ламаў галаву — гэта таму, што піша лепш цяпер, ці проста не сезон? Але ніхто не прыходзіў. І яму нават стала не хапаць шумнай кампаніі сваіх персанажаў…»

Стары задаволена паглядзеў на тое, што атрымалася, схаваў сшытак, выйшаў з каморы і зачыніў дзверцы.

Так, зіма павінна была быць… спакойнай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?