Вы тут

Вольга Русілка. Вершы


Вольга Іванаўна Русілка нарадзілася 17 ліпеня 1959 года ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла філалагічны  факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1985). Кандыдат філалагічных навук.

Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 25 г. Віцебска, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Цяпер — дацэнт кафедры літаратуры названай навучальнай установы.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Табе» (1996), «Ажына» (2004), «В.І.Р» (2009), «Сцежка, сцежачка, сцяжынка» (2013).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. С. Караткевіча (2004).


Тэрыторыя сэрца

 

* * *

— Нішто сабе!

Ніхто табе

ніколі і нідзе

      не скажа,

па які талан

па свеце ён ідзе.

 

Не ведае,

не думае,

баіцца звар’яцець.

А я вось,

на бяду маю,

спрабую зразумець.

 

Тапчу бяду

пастылую,

абцасамі душу.

Гадую

легкакрылую

спагадную душу.

 

 

* * *

Мне прысніўся званок тэлефона.

Ён прачнуцца прымусіў мяне

і падумаць пра родных і блізкіх.

Павярнуўшыся тварам к сцяне,

перабрала імёны, як нізкі

важкіх лёсаў на тонкай струне.

Хай нам лёгка і светла жывецца,

а таму, хто ўжо спіць, — добрых сноў.

На маёй тэрыторыі сэрца

непадзельны трывога — любоў.

І хай нітка жыцця не парвецца.

Мне прысніўся званок тэлефона…

 

 

* * *

Адгані ўсе трывожныя думкі.

І разумныя думкі гані.

Каб надоўга пазбавіцца суму,

мы распалім над рэчкай агні.

Над сапраўднай ракой, над Дзвіною,

хай у вечнасць агонь зазірне.

Нам не будзе да ранку спакою.

Хто ж у ночку такую засне?

 

 

* * *

А змоладу вада ў рацэ

віном іскрыстым пеніцца,

і ночкаю не муляе каханая рука.

І верыш, што да лепшага

усё, вядома, зменіцца

ад аднаго

чаканага званка.

А ў сталасці, а з восені

душа ў руцэ калоціцца…

 

 

* * *

Гэта праўда пра мяне.

Гэта праўда.

 

Як віно на палыне,

горкі лёс.

Як не знаў ты пра любоў —

і не знаў бы.

Менш лілося б на зямлі

марных слёз.

 

 

* * *

Ну што ж, трымайся.

Трымайся за паветра.

Калі ўжо нельга прадыхнуць,

хапай напоўніцу

праклятай адзіноты

і — рэзкі выдых.

Як ні дзіўна, памагае.

Трымайся за ўспаміны.

Нібыта на кавеньку,

на іх абапірайся

асцярожненька.

Трымайся за надзею.

Як птушка з перабітымі крыламі,

яна ўсё-такі імкнецца

узляцець.

Ну што ж, трымайся.

Трымайся, браце, за мяне.

 

 

* * *

Ці далёка да дзяцінства?

Пяцьсот дваццаць кіламетраў.

Сем гадзін язды машынай.

А каб раптам пехатой…

Я б пайшла і пехатою,

ды ўжо цяжка ходзяць ногі,

ды трымаюць моцна сцены,

справы, праца і сям’я.

А яно жыве ціхенька

у старой бацькоўскай хаце

цёплым светлым успамінам

і шчымліваю слязой.

 

 

* * *

Мой верш не з гартаванай сталі,

З каменняў іскры не сячэ.

Паэтамі адзінкі сталі,

А сотні — у чарзе яшчэ.

 

Як напісаць, каб нас пачулі,

Усхваляваць, узняць, здзівіць?

Спяваю моваю матулі,

А голас ціхі — не звініць.

 

Ды раптам возьме нотку тую,

Што чулую кране душу.

Я на народ не прэтэндую,

Я для адзінак і пішу.

Каментары

Найбольш спадабаўся верш "Ці далёка да дзяцінства?" Адным словам, талент - нічога не папішаш. А як на цаліне прозы?
"Я на народ не прэтэндую". Чаму усё ж так сціпла. Так хочацца, каб зноў у Беларусі з'явіліся народныя паэты. А то народнасць скончыў Пімен Панчанка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».