Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра матч Кубка Дэвіса Швейцарыя — Беларусь, падводзім вынікі буйнога турніру па барацьбе і дамашняй серыі мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі.


1. У швейцарскім Біле вызначыўся лёс пуцёўкі ў Сусветную групу Кубка Дэвіса. У першы дзень матча каманды Швейцарыі і Беларусі абмяняліся перамогамі — спачатку Яраслаў Шыла выйграў у Генры Лааксанена — 6:4, 6:2, 7:6 (7:3), а затым Марка К'юдзінелі адолеў Дзмітрыя Жырмонта — 6:3, 4:6, 6:4, 6:3. У парнай гульні беларускі тандэм Максім Мірны / Андрэй Васілеўскі атрымаў перамогу над Адрыянам Бодмерам і Лукой Маргаролі. Такім чынам, да заключнага дня супрацьстаяння каманда Беларусі падышла з перавагай у адно ачко. Але для выхаду ў шаснаццаць наймацнейшых камандаў свету нашым тэнісістам не хапіла літаральна адной перамогі. Дзмітрый Жырмонт саступіў Генры Лааксанену, а Яраслаў Шыла прайграў вопытнаму Марка К'юдзінелі.

— Мы правялі вялікую колькасць сустрэч і матчаў. Галоўнае, што ў Яраслава і Дзімы атрымалася згуляць з такімі сур'ёзнымі сапернікамі, чыя гульня пераўзыходзіць нашу, — адзначыў капітан каманды Уладзімір Валчкоў. — Кубак Дэвіса — вельмі патрабавальны турнір з пункту гледжання фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі. Гэта добрая праверка сваёй гатоўнасці і адпаведнасці стандартам, каб зразумець, ці гатовы ты рухацца далей. Шчыра кажучы, не хочацца нават глыбей ва ўсім гэтым разбірацца, таму што занадта блізка да ўсяго, што адбылося, ставішся. Калі коратка, то маглі, але не змаглі... Першы дзень паказаў, што аб'ектыўна маглі абыгрываць і першага, і другога нумара швейцарцаў, а трэці дзень паказаў, што не атрымалася. Чакаем наступны год.


2. Беларускія барцы заваявалі 15 узнагарод на 47-м міжнародным турніры Гран-пры на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.

Уладальнікамі залатых узнагарод сталі: Ксенія Станкевіч (48 кг), Андрэй Бекрэнёў (57 кг) і Азамат Нурыкаў (65 кг). Сярэбраныя медалі на рахунку Ганны Вараб'ёвай (48 кг), Мадзіны Сідаковай (60 кг), Ганны Садчэнкі (69 кг), Святланы Ламашэвіч (53 кг), Лауры Чарашвілі (58 кг) і Рамана Чытадзэ (86 кг). На трэцюю прыступку п'едэстала падымаліся Таццяна Яроменка (48 кг), Заліна Сідакова (55 кг), Юлія Пісарэнка (60 кг), Дыяна Клімец, Хрысціна Федарашка (абедзве — 63 кг) і Наталля Ланько (75 кг).

Удзел у турніры ў сталічным Палацы спорту прынялі больш за 200 атлетаў з 11 краін, у тым ліку з Расіі, ЗША, Ірана і Украіны. Беларускую зборную прадстаўлялі больш за 50 спартсменаў.


3. Хакеісты мінскага «Дынама» перамаглі аднаго з лідараў КХЛ магнітагорскі «Металург» з лікам 5:3. Характэрна, што пяць шайбаў гаспадароў былі забітыя ў трэцім перыядзе.

— Гэта выдатная перамога для каманды і для нашых шыкоўных балельшчыкаў. Сённяшняя гульня паказала, што ў хлопцаў ёсць характар. Першыя два перыяды правялі добра: насядалі на вароты, але не ўдавалася забіць. Аднак у трэцяй дваццаціхвілінцы змаглі знайсці шлях да варот, — расказаў пасля матча галоўны трэнер мінчан Гордзі Дуаер.

Матчам з «Металургам» «зубры» завяршылі другую дамашнюю серыю ў дзясятым сезоне КХЛ. Іх наступная гульня пройдзе 21 верасня ў Астане з мясцовым «Барысам».


4. Гандбалісты БГК імя Мяшкова на старце Лігі чэмпіёнаў перамаглі польскі «Віве» — 28:25. У складзе гаспадароў самымі выніковымі сталі Дзмітрый Нікуленкаў, Канстанцін Ігропула і Аляксандр Шкурынскі, якія закінулі па пяць мячоў.

У другім туры прэстыжнага турніру 24 верасня БГК сустрэнецца з ПСЖ. У апошні дзень верасня «мяшкоўцы» прымуць у Брэсце венгерскі «Веспрэм».

Гандбалісткі «БНТУ-БелАЗ» выйшлі ў 2-і кваліфікацыйны раўнд розыгрышу Кубка ЕГФ. У стартавым крузе кваліфікацыі віцэ-чэмпіёнкі Беларусі ў Празе адолелі па суме дзвюх сустрэч чэшскую «Славію». Наступным сапернікам беларускай каманды будзе нарвежскі клуб «Цэртнэс».

Чэмпіёнкі Беларусі гандбалісткі «Гомеля» пачнуць выступленне ў Кубку ЕГФ з 3-га кваліфікацыйнага раўнда.


5. Завяршыліся матчы 22-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Лідары першынства футбалісты мінскага «Дынама» на сваім полі перайгралі калег з «Мінска» з мінімальным лікам 1:0. Салігорскі «Шахцёр» без асаблівых праблем адолеў у Мазыры мясцовую «Славію» — 3:0. «Крумкачы» з такім жа вынікам прайгралі ў сябе дома гасцям з жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ». Наваполацкі «Нафтан» перамог гродзенскі «Нёман» — 3:2, а «Віцебск» быў мацнейшы за «Гомель» — 1:0. «Дняпро» перайграў «Гарадзею» — 2:2, а «Слуцк» брэсцкае «Дынама» — 1:0. Заключны паядынак 22-га тура адбыўся ў панядзелак увечары — футбалісты «Іслачы» на полі ФК «Мінск» прымалі барысаўскі БАТЭ.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Маглі, але не змаглі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.