Вы тут

Стартавала заключная частка рэспубліканскага конкурсу педагогаў


Маладосць — супраць багатага жыццёвага і прафесійнага досведу: фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года — 2017» абяцае быць захапляльным! Самаму маладому ўдзельніку фінальнай часткі спаборніцтваў — усяго 25 гадоў, а самаму старэйшаму — удвая больш. Педагагічны вопыт фіналістаў вар'іруецца ад двух да дваццаці васьмі гадоў. Сярод іх ёсць як уладальнікі другой кваліфікацыйнай катэгорыі, так і ўладальнікі звання «настаўнік-метадыст». Між іншым, для таго каб атрымаць гэту катэгорыю, патрабуецца абараніць перад кваліфікацыйнай камісіяй свае аўтарскія напрацоўкі. І такіх майстроў-прафесіяналаў на ўсю краіну налічваецца крыху больш за дзве сотні. Чым жа будуць здзіўляць маладыя ў фінале? І якія ў іх ёсць шанцы перамагчы?


Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук, які другі раз узначаліў журы рэспубліканскага конкурсу, лічыць, што шанцы ёсць ва ўсіх, і асабіста яго радуе з'яўленне сярод фіналістаў 25-гадовых упэўненых у сабе маладых настаўнікаў, якім ёсць што сказаць сваім калегам. Дарэчы, тры гады таму ўладальнікам звання «Настаўнік года» таксама стаў малады гісторык з сярэдняй школы №11 горада Маладзечна Віктар Жук з трохгадовым педагагічным стажам. Прычым рашэнне і прафесійнага, і дзіцячага журы супала. Гэта быў феномен, які пацягнуў за сабой шмат размоў і абмеркаванняў. Маладыя педагогі паверылі, што могуць перамагчы. А для кагосьці гэта перамога стала магутным стымулам...

— З улікам таго, што ў адборачных турах (гарадскім, раённым і абласным) па ўсёй краіне ўзялі ўдзел больш як 30 тысяч чалавек, а ў фінал з іх выйшлі толькі 56, можна ўявіць сабе, наколькі высокае прафесійнае майстэрства будзе прадэманстравана ў заключнай частцы спаборніцтваў, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — Прызнаемся шчыра, што для сістэмы адукацыі гэты конкурс — крыніца новых думак, новых ідэй, новых аўтарскіх методык. Мы шукаем людзей, якія ў перспектыве стануць нашай падтрымкай пры стварэнні падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, людзей, якія не пойдуць у цень, а заўсёды будуць у кантакце з іншымі настаўнікамі, гатовыя трансляваць свой педагагічны вопыт. Педагогаў, якія маюць сваю пазіцыю і стануць для нас вельмі важнымі аўтарытэтнымі дарадчыкамі.

Конкурс праводзіцца па 8 прадметных намінацыях. У адрозненне ад папярэдніх спаборніцтваў у асобную намінацыю былі вылучаны настаўнікі хіміі і біялогіі. Але толькі пераможцы ў кожнай з намінацый трапяць у суперфінал. Менавіта з гэтай «васьмёркі» шчасліўцаў і будзе выбірацца «Настаўнік года». Сярод фіналістаў ёсць прадстаўнікі гімназій, ліцэяў, гарадскіх і сельскіх школ. Хоць прадстаўніцтва мужчын у настаўніцкім корпусе па краіне вельмі нязначнае — усяго 13 працэнтаў, у фінале педагогаў-мужчын 15 чалавек. Ёсць сярод фіналістаў і ўдзельнік конкурсу «Настаўнік года — 2014», які тры гады таму таксама дайшоў да фіналу. Такое ў гісторыі правядзення нацыянальнага конкурсу адбылося ўпершыню.

— «Настаўнік года» — вельмі сур'ёзны праект, а не нейкае кароткачасовае шоу, — звяртае ўвагу рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны. — Папярэднія этапы доўжыліся цягам навучальнага года, і амаль два тыдні будзе доўжыцца фінальная частка. У фінале педагогам давядзецца правесці два ўрокі ў незнаёмай дзіцячай аўдыторыі, прычым адзін з іх — па тэме, прапанаванай журы. А на падрыхтоўку да «імправізацыі» ў іх будзе фактычна толькі ноч. Менавіта ўрок з'яўляецца сутнасцю работы настаўніка, таму за іх налічваецца найбольшая колькасць балаў. Акрамя таго, канкурсанты правядуць майстар-класы для студэнтаў — сваіх будучых калег, іх чакае псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне.

А вось у суперфінале ўсё дзейства перанясецца на сцэну, і тут, вядома, артыстычны талент і харызма педагогам не зашкодзяць.
Іх чакае дваццаціхвілінны міні-ўрок на сцэне, дзе ў ролі вучняў будуць выступаць калегі па фінале, публічнае выступленне на тэму «Настаўнік (выхавальнік): учора, сёння, заўтра» з акцэнтам на тым, якім жа яны бачаць педагога заўтрашняга дня, і прэс-канферэнцыя, калі канкурсанты будуць адказваць на пытанні журы. Тут суперфіналістам давядзецца прадэманстраваць не толькі сваю педагагічную эрудыцыю, але і імгненную рэакцыю, бо ў штодзённай рабоце жыццё пастаянна падкідвае педагогам нестандартныя сітуацыі...

У суперфінале акрамя прафесійнага журы сваё меркаванне выкажа і вучнёўскае: школьнікі выберуць свайго пераможцу і ўручаць яму прыз вучнёўскіх сімпатый. А імя ўладальніка галоўнага прыза конкурсу — «Хрустальнага жураўля» — стане вядома беларускай грамадскасці ўжо 28 верасня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каму дастанецца «Хрустальны журавель»?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.